Пасол Беларусі ў Туркменістане Алег Табанюхоў расказаў пра сённяшні і заўтрашні дзень беларуска-туркменскага супрацоўніцтва

Захоўваючы агульнае мінулае, мы разам будуем сумесную будучыню

Пасол Беларусі ў Туркменістане Алег Табанюхоў расказаў пра сённяшні і заўтрашні дзень беларуска-туркменскага супрацоўніцтва


— Алег Міхайлавіч! Вікіпедыя называе Беларусь адным з асноўных партнёраў Туркменістана, нараўне з такімі краінамі-партнёрамі, як Іран, Казахстан, Расія, Турцыя, Кітай... Раскажыце, калі ласка, чым абумоўлены і такі наш высокі партнёрскі рэйтынг, і асаблівая значнасць Туркменістана для Беларусі?

— Папераджаючы адказ, адразу ж скажу пра тое, што для Беларусі Туркменістан з’яўляецца стратэгічным партнёрам у Цэнтральнай Азіі. Гэта першае.

Другое. Ментальна беларусы і туркмены даволі блізкія. Нягледзячы на тое, што мы знаходзімся ў розных рэгіёнах Еўразіі (у нас у адрозненне ад Расіі, Казахстана, Ірана няма агульных межаў з Туркменістанам), усё ж мы блізкія па духу. У нас аднолькавае разуменне працэсаў, якія адбываюцца ў свеце. У нас аднолькавае тлумачэнне жыццёвых працэсаў і жыццёвых каштоўнасцей.

Рэспубліка Беларусь з’яўляецца даволі запатрабаваным месцам на карце свету ў насельніцтва Туркменістана. Так, у 2013 годзе пасольствам было выдадзена больш за 7,2 тысячы віз, у 2014-м — больш за 6,5 тысячы. Дастаткова сказаць, што ў цяперашні час у нас вучыцца амаль 10 тысяч туркменскіх студэнтаў. Гэта сведчыць аб даверы з боку туркменаў, як мінімум да дзвюх рэчаў: да беларускай вышэйшай адукацыі і да пытанняў бяспекі ў нашай краіне.

Трэцяе. Сёння для ўсіх краін надышлі няпростыя часы як у эканамічным, так і ў палітычным вымярэнні. Падзенне сусветных цэн на нафту і газ, рэгіянальныя канфлікты, узнік­ненне дагэтуль невядомых хвароб і прыродных катаклізмаў, тэхнагенных катастроф адлюстроўваюцца на сітуацыі ў свеце ў цэлым.

Нягледзячы на гэта, Беларусь і Туркменістан прыхільныя прынцыпам дружалюбнасці, узаемавыгаднага партнёрства, неўмяшання ва ўнутраныя справы. Мы падтрымліваем адзін аднаго на міжнароднай арэне. Мы сумесна прасоўваем розныя міжнародныя ініцыятывы. У гэтым у нас поўнае ўзаемаразуменне.

Ну а тое, што Вікіпедыя ставіць Беларусь у адзін рад з такімі сусветнымі гігантамі, як Расія, Кітай, Іран, Індыя, нам вельмі прыемна.

— У якіх буйных туркменскіх праектах удзельнічае наша краіна?

— Тэрыторыя Туркменістана багатая прыроднымі выкапнямі. У нашы дні гэтая краіна займае 4-е месца ў свеце па запасах газу. Але гэта далёка не адзінае багацце Туркменістана. На паўднёвым усходзе знаходзяцца велізарныя залежы калійных солей.

У сувязі з гэтым у мястэчку Гарлык Лебапскага велаята Туркменістана беларусы вядуць будаўніцтва камбіната па выпуску калійных удабрэнняў магутнасцю 1,4 мільёна тон у год. Гэта праект нумар адзін. Тэрмін здачы аб’екта ў эксплуатацыю — сакавік 2017 года. Гэта цалкам беларус­кі праект, рэалізацыя якога ідзе пад кантролем туркменскага боку ў асобе дзяржаўнага канцэрна “Туркменхімія”. З беларускага боку генеральным падрадчыкам з’яўляецца ААТ “Белгорхімпрам”.

Па заканчэнні будаўніцтва Туркменістан стане адным з сусветных лідараў па здабычы калійных солей і, напэўна, складзе канкурэнцыю нашаму “Беларуськалію”.

Гэта цэнтральны і знакавы праект у беларуска-туркменскіх адносінах. Можна канстатаваць, што выніковасць ходу будаўніцтва ўплывае на прагрэс у іншых сферах двухбаковых адносін.

— Якія на сённяшні дзень існуюць амбіцыйныя планы ў Туркменістане, рэалізацыя якіх цікавая і для Беларусі?

— Туркменістан у цяперашні час заняты развіццём разгалінаванай транспартнай інфраструктуры. Улады гэтай краіны заклапочаныя аднаўленнем часткі Шаўковага шляху, якая калісьці пралягала праз гэты край. У нашы дні гаворка ідзе аб стварэнні транснацыянальнага шляху трох мораў з далейшым выхадам у Паўднёва-Усходнюю Азію. Гэты шлях павінен быць пракладзены ад Балтыйскага мора да Каспія праз Чорнае мора. Вядома, у гэтым лагістычным калідоры знойдзецца месца і нашай краіне.

Нашай краіне цікава прыняць удзел у інфраструктурных праектах, рэалізуемых у Туркменістане, у першую чаргу, тым, што мы ўжо маем. Гэта нашы тэхніка і тэхналогіі. Так, напрыклад, пасля ўступлення ў сілу Закона Туркменістана “Аб дайханскай (фермерскай) гаспадарцы” належнае развіццё набіраюць гэтыя самыя дайханскія, інакш кажучы сялянскія, фермерскія гаспадаркі. У нашай краіне назапашаны салідны вопыт будаўніцтва фермаў. Тут жа дарэчы гаварыць і пра выкарыстанне беларускіх трактароў пры апрацоўванні зямель. Яшчэ адзін прыклад. У Туркменістане дынамічна развіваецца будаўнічая галіна, штогод узводзяцца сотні тысяч метраў жылых і адміністрацыйных будынкаў, збудаванняў. Зноў жа можна падумаць аб выкарыстанні нашай тэхнікі МАЗ і “Амкадор”.

— Ці не з’яўляецца паніжэнне продажу нашага традыцыйнага тавара — МАЗаў і трактароў, іншай тэхнікі — сігналам аб неабходнасці змены беларускай бізнес-стратэгіі ў гэтай краіне? Якія новыя фінансавыя, арганізацыйныя і маркетынгавыя схемы гатовы прапанаваць нашы экспарцёры?

— Так, сапраўды, у апошні час назіраецца паніжэнне аб’ёмаў рэалізацыі МАЗаў, трактароў і іншай тэхнікі ў Туркменістан. І на гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны. Не думаю, што справа ў бізнес-стратэгіях. Хоць і гэта вельмі важна. Безумоўна, асноўнымі фактарамі з’яўляюцца якасць і цана. І тут суадносіны на карысць беларусаў.

— Вядома, што азіяцкія краіны з’яўляюцца сёння прывабным рынкам для ўсіх сусветных вытворцаў. Каб заваяваць гэты рынак, трэба пазмагацца з канкурэнтамі. Якія канкурэнтныя перавагі маюць беларускія вытворцы?

— Безумоўна, для ўсіх краін свету, уключаючы нашу, работа на рынку Туркменістана — гэта штодзённая канкурэнцыя беларускіх тавараў і паслуг з таварамі і паслугамі, прапануемымі іншымі краінамі свету. Актыўную работу па пашырэнні сваіх інтарэсаў тут вядуць турэцкія, іранскія, кітайскія, украінскія, расійскія, казахстанскія, азербайджанскія, амерыканскія, нямецкія, французкія, малазійскія і іншыя кампаніі.

Трэба адзначыць традыцыйную якасць беларускай тэхнікі. Ёсць, вядома, асобныя моманты, над якімі варта папрацаваць. Але гэта дэталі. Ва ўмовах канкурэнцыі сур’ёзным фактарам з’яўляецца цана. У гэтым сэнсе беларускія тавары даволі прывабныя.

Але трэба адзначыць, што па цане канкурэнтнымі з’яўляюцца і расійскія, і кітайскія тавары. Таму, каб заняць сваю нішу ў гандлёва-эканамічных адносінах з Туркменістанам, прыходзіцца пастаянна думаць і пра новыя тэмы.

Калі гаварыць пра ўзаемныя праекты, рэалізуемыя ў цяперашні час, то іх даволі шмат. У сферы гандлёва-эканамічных адносін гэта інфраструктурныя праекты, гэта тэмы, сканцэнтраваныя на новых, інавацыйных тэхналогіях. Так, у завяршальнай стадыі будаўніцтва знаходзіцца сэрвісны цэнтр беларускай тэхнікі ў Ашгабаце. У перспектыве такія цэнтры будуць створаны ва ўсіх велаяцкіх (абласных) цэнтрах Туркменістана. Акадэміі навук на­шых краін знаходзяцца на шляху стварэння сумеснай лабараторыі па асваенні прадукцыі малатанажнай хіміі. І гэтак далей. У цяперашні час цікавымі з’яўляюцца планы па стварэнні сумесных праектаў, якія можна будзе прапанаваць на рынках трэціх краін. І ў гэтым напрамку ўжо вядзецца інтэнсіўная работа.

— Беларусь і Туркменістан вельмі моцна адрозніваюцца па сваіх геаграфічных, геапалітычных умовах. І ў той жа час як былыя савецкія рэспублікі яны напэўна вырашаюць нейкія падобныя задачы. Чым мы можам быць карыснымі адзін аднаму ў гэтым плане?


— Сапраўды, амаль 70 гадоў нашы краіны былі часткай вялікай дзяржавы — СССР. Да гэтага мы ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. За гэты перыяд мы ў найбольшай ступені пазналі адзін аднаго і адчулі неабходнасць адзін у адным.

Пасля распаду Савецкага Саюза абедзве краіны абвясцілі аб сваёй незалежнасці, устанавілі дыпламатычныя адносіны паміж сабой, адкрылі дыпламатычныя прадстаўніцтвы. Абедзве краіны аб’явілі аб сваім суверэнітэце, у выніку чаго самастойна вызначаюць унутраную і знешнюю палітыку.

Абедзвюм краінам давялося ствараць новую палітычную сістэму, сістэму кіравання, адносіны з суседнімі і іншымі краінамі, змагацца з інфляцыйнымі і іншымі негатыўнымі эканамічнымі працэсамі, якія ўзніклі з распадам СССР, вырашаць пытанні сацыяльнай абароненасці.

Многія памятаюць, што ў савецкія часы існавала вытворчая кааперацыя, паколькі адны рэгіёны мелі магутныя аб’ёмы карысных выкапняў. Да такіх можна аднесці Туркменістан. Другія такіх аб’ёмаў не мелі. Затое на іх тэрыторыях была створана развітая сетка прамысловых, перапрацоўчых прадпрыемстваў, фабрык і заводаў. І гэта беларускі выпадак.

Таму пасля распаду СССР мы апынуліся ў розных умовах. Нашым прадпрыемствам не хапала сыравіны для перапрацоўкі, а рэсурсы Туркменістана па вялікім рахунку мала дзе былі запатрабаваныя. Толькі Расія была краінай, якая спажывала туркменскі газ.

У такіх умовах унутраная палітыка Туркменістана была накіравана на дыверсіфікацыю спажыўцоў карысных выкапняў. Мы ж заняліся мадэрнізацыяй нашай вытворчасці. Цяпер у Туркменістане актыўна будуюцца розныя прадпрыемствы, якія вырабляюць тавары з высокай дабаўленай вартасцю. Прычым будуюцца з выкарыстаннем навейшых тэхналогій.

Таму можна сказаць, што ў постсавецкую эпоху нашым краінам даводзіцца вырашаць розныя задачы. Агульнай задачай для нас на сённяшні дзень з’яўляецца эканамічны рост дзяржаў, рост дабрабыту насельніцтва, умацаванне бяспекі.

Відавочна, што мы можам быць карыснымі адзін аднаму з пункту гледжання ўзаемадапаўняльнасці эканомік. Нашы эканомікі не канкурыруюць паміж сабой. У Беларусі шырока развітая сфера паслуг: адукацыйных, медыцынскіх, турыстычных, будаўнічых і г.д. Мы можам прапанаваць Туркменістану прадукцыю айчыннага машынабудавання. У сваю чаргу, Туркменістан багаты сваімі прыроднымі выкапнямі. Тут добра развітая лёгкая прамысловасць. Сам па сабе Туркменістан можа быць цікавым для беларусаў з пункту гледжання турыстычнага складніка.

Супольна мы можам ствараць сумесны прадукт, які разам маглі б прапанаваць нашым партнёрам з іншых краін і рэгіёнаў.

— Цікава, як пераклікаецца ў дзвюх краінах палітыка сацыяльнай дзяржавы? Ці перасякаюцца нашы інтарэсы ў ахове здароўя, спорце, адукацыі?

— Вядома, Рэспубліка Беларусь — гэта сацыяльна арыентаваная дзяржава. Але мне падаецца, што ў гэтых адносінах Туркменістан пайшоў некалькі далей.

На сацыяльную палітыку гэтай дзяржавы расходуюцца вялікія сродкі. Пэўна, складана сабе ўявіць, што гэты артыкул расходаў складае каля 70 працэнтаў бюджэтных сродкаў, якія расходуюцца на будаўніцтва школ і дзіцячых садкоў, паліклінік, медыцынскіх цэнтраў, бальніц, вышэйшых навучальных устаноў. Пры­чым сацыяльныя аб’екты, як і іншыя аб’екты, будуюцца па апошнім слове тэхнікі. Гэта датычыцца як тэхналогій, якія прымяняюцца ў будаўніцтве, так і аснашчэння гэтых аб’ектаў.

Частка прадметаў першай неабходнасці (вада, соль і інш.) прадастаўляецца дзяржавай бясплатна, частка — за сімвалічную цану. Кошт камунальных паслуг беспрэцэндэнтна нізкі. Каля 8 долараў ЗША ў месяц.

Пры будаўніцтве жылля 50 пра­цэнтаў яго кошту субсідзіруецца дзяржавай, астатняя частка выплачваецца ўласнікам на працягу 30 гадоў. Памер стаўкі па крэдыце пры гэтым складае 1 працэнт.

Так што аб мерах сацыяльнай палітыкі ў Туркменістане мяркуйце самі. Нездарма, напэўна, некалькі гадоў таму ў гэтай краіне была аб’яўлена эпоха магутнасці і шчасця.

Інтарэсы нашых краін у ахове здароўя, спорце, адукацыі, перасякаюцца. У цяперашні час разглядаецца пытанне аб сумеснай — беларускімі і туркменскімі спецыялістамі — перасадцы органаў і тканак. Праект некалькі “правіс” з-за неабходнасці фінансавання.

Спартсмены дзвюх краін штогод прыязджаюць адзін да аднаго для ўдзелу ў спаборніцтвах і ў вучэбна-трэніровачных зборах. Летась прайшло амаль паўтара дзясятка сумесных спартыўных мерапрыемстваў. Сёлета мы знаходзімся на тым жа ўзроўні па інтэнсіўнасці спартыўных зносін.

ВНУ нашых краін маюць шэраг пагадненняў аб супрацоўніцтве. Толькі ў кастрычніку мінулага года было заключана 5 такіх пагадненняў, рэалізацыя якіх сёлета стала набіраць абароты.

— Дарэчы, наконт адукацыі. Вы згадалі, што шматлікія беларускія ВНУ падпісалі пагадненні аб супрацоўніцтве са сваімі туркменскімі партнёрамі. Па якіх напрамках развіваецца гэтае супрацоўніцтва?

— Пагадненні аб міжвузаўскім супрацоўніцтве — вельмі перспектыўная тэма. Яны дазваляюць не толькі абменьвацца вопытам, але і развіваць адукацыйныя сістэмы, у пэўнай меры ўмацоўваць і навуковае супрацоўніцтва.

Як я ўжо гаварыў, толькі ў кастрычніку мінулага года падчас візіту Прэзідэнта Туркменістана ў Мінск было заключана 5 пагадненняў аб міжвузаўскім супрацоўніцтве. У іх закладзена, што супрацоўніцтва развіваецца шляхам абмену вопытам выкладчыкамі, накіравання на стажы­роўку студэнтаў апошніх курсаў, магістрантаў і аспірантаў, сумеснай распрацоўкі электронных падручнікаў, запрашэння прафесарска-выкладчыцкага саставу для чытання лекцый, узаемнага ўдзелу ў навуковых канферэнцыях, рэалізацыі сумесных навукова-даследчых праектаў і г.д.

— На жаль, пасля развалу Савецкага Саюза былі страчаны многія культурныя сувязі, што, вядома, абядняе народы. Якія вы маглі б на­зваць вядомыя знешнія атрыбуты ў багатай і самабытнай культуры Туркменістана? Якія каштоўныя для ўсяго свету рысы вы адзначылі б у менталітэце туркменскага народа?

— Безумоўна, культура туркменскага народа багатая. Яна праяўляецца і ў побыце, адзенні, рытуалах.

Для туркменаў абавязковым з’яў­ляецца нашэнне галаўнога ўбору. Мужчыны, юнакі і хлопчыкі, а таксама дзяўчыны да замужжа носяць тах’і, якія ў іншых азіяцкіх краінах называюць цюбецейкамі. Прычым па сваім узоры гэтыя галаўныя ўборы адрозніваюцца. Калі для мужчынскай тах’і характэрна наяўнасць белых і чырвоных ліній, якія ўтвараюць акружнасці, то для дзявочай — наяў­насць ромбікаў чырвонага і жоўтага колеру. Выходзячы замуж, дзяўчына здымае тах’ю і адзявае хустку.

Тах’і займаюць асаблівае месца ў традыцыйнай туркменскай вопратцы. З аднаго боку, яны выконваюць цалкам утылітарную функцыю — служаць для абароны галавы ад пякучага сонца, з другога — упрыгожваюць яе. Але ёсць і трэці бок: калісьці гэтыя рознакаляровыя шапачкі мелі абярэгавае, магічнае значэнне. У старадаўнія часы людзі лічылі, што тах’я засцерагае гаспадара ад усялякіх непрыемнасцей, абараняе ад сурокаў, хвароб і зла таго, хто яе носіць. Паводле старажытных звычаяў нават старую тах’ю нельга было аддаваць іншаму чалавеку або выкідваць.

Мужчыны ў сталым узросце носяць футравыя шапкі (звычайна норкавыя) — прыкмета дастатку і павагі.

Галаўныя ўборы прынята адзяваць пры наведванні мячэці. Пры гэтым, калі падставай стала жалобная падзея, то мужчыне абавязкова варта надзець шапку, а не тах’ю.

Жыццё туркменаў дома, як правіла, праходзіць на ўсланай дыванамі падлозе: прыём ежы, сон і гэтак далей. Туркменскі дыван — гэта народны здабытак Туркменістана. Заўсёды багаты, зроблены ўручную, ён убірае ў сябе любоў і стараннасць майстрых, якія выткалі яго. Стварэнне дывана — гэта доўгі і скрупулёзны працэс. Шматлікія туркменскія дываны адносяцца да культурных каштоўнасцей і ахоўваюцца дзяржавай. Малюнак на дыване — гэта гісторыя, традыцыі і звычаі плямёнаў, якія насяляюць Туркменістан, і туркменаў, што пражываюць у тым ці іншым рэгіёне краіны.

Часткай туркменскай культуры стаў і ахалтэкінскі скакун. З-за грацыёзных і вытанчаных формаў і прыгажосці ў Туркменістане іх называюць нябеснымі скакунамі. Развя­дзенне гэтай пароды ажыццяўляецца толькі ў Туркменістане. Ахалтэкінцы з’яўляюцца часткай нацыянальнага набытку Туркменістана.

Пра туркменскую культуру можна шмат і доўга расказваць. На жаль, старонак часопіса не хопіць.

Гаворачы пра менталітэт туркменаў, я адзначыў бы вялікае пачуццё патрыятызму, павагі да старэйшых, ну вядома ж, цярплівасць. Мне падаецца, што па ступені гэтага пачуцця туркменаў не дагоніць ні адна нацыя.

— Як развіваецца сёння міжкультурны і міжцывілізацыйны дыялог нашых двух народаў, асабліва на фоне тых вялікіх праблем, якія зведвае астатняя Еўропа ў адносінах з мусульманскім светам?

— Так, выбудоўваць беларуска-туркменскія адносіны шмат у чым дапамагае культура. Менавіта яна дапамагае глыбей зразумець гісторыю і традыцыі любога народа. Менавіта культура дапамагае зрабіць народы бліжэйшымі. Урады нашых краін надаюць шмат увагі гэтаму складніку адносін. Гаворачы пра культурныя падзеі апошніх гадоў, можна адзна­чыць правядзенне Дзён культуры, якія, напэўна, з’яўляюцца самай знакавай культурнай падзеяй, што адлюстроўвае афіцыйны характар мерапрыемства.

Падобныя падзеі адбываюцца на пастаяннай аснове. Глядзіце самі. У Беларусі былі праведзены Дні культуры Туркменістана ў 2010 годзе. У 2012 годзе Дні культуры Рэспублікі Беларусь (красавік) і Дні кіно Рэспублікі Беларусь (ліпень) прайшлі ў Туркменістане. У ліпені 2014 года з вялікім поспехам у Мінску і Бабруйску прайшлі Дні культуры Туркменістана ў Рэспубліцы Беларусь. Зусім нядаўна, з 7 па 10 снежня гэтага года, у Туркменістане прайшлі Дні культуры Рэспублікі Беларусь. Яны ахоплівалі Ашгабат і Туркменабад (былы Чарджоу). У рамках Дзён культуры прайшлі Дні кіно і Дні паэзіі. У мерапрыемствах Дзён культуры ўдзельнічала больш за 60 чалавек. Гэта ансамбль “Песняры”, ансамбль “Харошкі”, папулярныя выканаўцы Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Алёна Ланская, а таксама оперная спявачка Ніна Шарубіна. Акрамя таго, прайшла выстава прадметаў народна-прыкладнога мастацтва. Падчас Дзён паэзіі паэт Алесь Бадак правёў прэзентацыю беларускай паэзіі і прозы, а таксама прадставіў на суд калег і туркменскай грамадскасці пераклады асобных твораў туркменскіх паэтаў і пісьменнікаў на беларускую мову. У рамках дзён кіно туркменскім гледачам паказалі мастацкія, дакументальныя, а таксама анімацыйныя фільмы вытворчасці кінастудыі “Беларусьфільм”.

Акрамя Дзён культуры, сумесна з туркменскімі партнёрамі мы праводзім і іншыя мерапрыемствы. Так, з вялікім поспехам у Беларускім дзяржаўным цырку прайшлі гастролі туркменскай групы джыгітаў “Галкыныш”. Прадстаўнікі Беларусі прынялі актыўны ўдзел у культурных мерапрыемствах у Нацыянальнай турыстычнай зоне “Аваза” (туркменскае ўзбярэжжа Каспійскага мора), прысвечаных Дню абароны дзяцей, і Міжнародным музычна-песенным дзіцячым фестывалі “Аваза” (чэрвень і кастрычнік 2012 года). У маі 2015 года ў рамках святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі ў Ашгабаце перад туркменскай аўдыторыяй выступіў ансамбль “Сябры” на чале з Анатолем Ярмоленкам, была прадэманстравана кінастужка вытворчасці кінастудыі “Беларусьфільм” “Брэсцкая крэпасць”, прайшла выстава фатаграфій ваенных гадоў. Так што, не забываючы пра агульнае мінулае, мы з упэўненасцю глядзім у сумесную будучыню.

Ніна Раманава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter