Захоўвалася і не ахоўвалася

На Шклоўшчыне раскралі абсталяванне на 25 тысяч долараў

На Шклоўшчыне разукамплектавалі і раскралі абсталяванне на 25 тысяч долараў.

Супрацоўнікі фінансавай міліцыі і КДК Магілёўскай вобласці ў час праверкі шклоўскага УКП «Жылкамгас» выявілі, што яшчэ ў 2005 годзе прадпрыемства атрымала з бюджэту раёна і вобласці 40 мільёнаў рублёў на набыццё камплекта абсталявання для сартавальнай станцыі па перапрацоўцы цвёрдых камунальных адходаў.

— Атрыманыя бюджэтныя сродкі і 60 мільёнаў рублёў уласных грошай арганізацыя пералічыла прадпрыемствам Магілёва і Гомельскай вобласці, — удакладніў намеснік начальніка ўпраўлення ДФР КДК па Магілёўскай вобласці Аляксандр Шаройкін. — І ў снежні 2005-га шклоўскі «Жылкамгас» атрымаў абсталяванне коштам 25 000 долараў.

Але запусціць станцыю не атрымалася — з-за адсутнасці тэхдакументацыі і рэальнай магчымасці сумясціць набытыя ў трох розных месцах лініі. У выніку нятаннае абсталяванне ў разабраным выглядзе захоўвалася на адным са складоў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пры гэтым належным чынам яно не ахоўвалася. У выніку тэхніка была разукамплектавана і раскрадзена.

— З таго часу ў «Жылкамгасе» змянілася восем галоўных бухгалтараў і чатыры кіраўнікі. Шкода, прычыненая дзяржаве, ацэньваецца ў 106 мільёнаў рублёў, — расказаў Шаройкін. — Вінаватым службовым асобам шклоўскага УКП «Жылкамгас» пагражае крымінальная адказнасць. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter