Захаваць для нашчадкаў.

Менавіта такім прынцыпам кіруецца Яўгенія Шадрына, па крупіцах збіраючы багатую спадчыну і творы народных майстроў Ельскага раёна.

Нядаўна на Гомельшчыне адбылася цырымонія ўзнагароджання прадстаўнікоў рэгіёна, удастоеных ганаровага звання “Чалавек года”. Дыпломы аб яго прысваенні ўручаны сямі яркім асобам, якія дабіліся ў 2010 годзе прыкметных дасягненняў у прафесійнай і грамадскай дзейнасці, праявілі пры іх выкананні творчы падыход. У ліку лаўрэатаў і дырэктар Зашырскага культурна-спартыўнага цэнтра аддзела культуры Ельскага райвыканкама Яўгенія Шадрына, якая адзначана ў намінацыі “Майстар”.

Яўгенія Аляксандраўна ў поўнай меры адпавядае гэтаму званню, кажуць пра яе ў раёне. Яна ініцыятыўны, дзейны чалавек, які імкнецца зрабіць свой край лепшым і прыгажэйшым, а жыццё сваіх землякоў багацейшым і цікавейшым. Ёю сабрана больш за 400 твораў вуснай народнай творчасці, запісаны і апрацаваны 16 дакументальных фільмаў аб гісторыі закінутых і выселеных вёсак. На базе культурна-спартыўнага цэнтра для падрастаючага пакалення створаны і функцыяніруюць 34 клубныя фарміраванні па інтарэсах. Пра любімую справу, планы, ідэі, новыя творчыя задумы Яўгенія Аляксандраўна гатова, здаецца, расказваць бясконца...
— Яўгенія Аляксандраўна, раскажыце, як узнік і ўвасабляўся ў жыццё культурна-этнаграфічны прект “Горад майстроў”, вядомы цяпер і ў краіне, і ў вобласці?
— Ідэя стварэння “Горада майстроў” выношвалася на працягу некалькіх гадоў. Яна базіруецца на тым, што на тэрыторыі Зашыр’я і вакол яго пражывае нямала ўмельцаў, рамеснікаў, здольных ствараць сапраўдныя шэдэўры народнай творчасці. Важна не толькі захаваць, папулярызаваць іх уменне, за якім стаяць традыцыі, гісторыя, але і стварыць умовы для таго, каб таленты раскрываліся ва ўсёй паўнаце, каб маладое пакаленне прагнула ў іх вучыцца. Хадзіць далёка за прыкладамі не трэба. Вось, скажам, жыве ў Зашыр’і каваль Мікалай Акуліч. Ён можа выкаваць такія ўнікальныя і непаўторныя рэчы, што дзіву даешся. Адкуль у майстра столькі фантазіі і ўмення? Альбо разьбяр па дрэве Аляксандр Коўшун. З прыроднага матэрыялу, у прыватнасці каранёў дрэў, ён разам з дзецьмі стварае сапраўдныя творы мастацтва.
Будучы ў Германіі, звярнула ўвагу на тое, што да народных умельцаў там ставяцца, як да нейкага бажаства. А чым мы горшыя? Чаму б нам не ўзвысіць нашых таленавітых людзей, не арганізаваць вакол іх цэнтры народнай творчасці. А ў “Горадзе майстроў” плануем стварыць некалькі музейных аб’ектаў: ганчарню, кузню, дом рамёстваў, музей-сядзібу з сапраўднай ткацкай майстэрняй, фальклорным кутком, старажытнай беларускай кухняй з забытымі бабулінымі рэцэптамі. Не так хутка, як хацелася б, але планы паціху рэалізуюцца. У прыватнасці, гатовы будынкі пад ганчарню, кузню,стаіць будынак будучага музея-сядзібы.
— Наколькі вядома, праект “Горад майстроў” быў адзначаны па выніках конкурсу трансгранічнага супрацоўніцтва?
— Так, мы атрымалі спецыяльны прыз такога завочнага конкурсу, што, зразумела, прыемна і важна для нас.
— Над чым яшчэ працуе ваш калектыў?
— Паралельна з будаўніцтвам “Горада май-строў” арганізуем экспедыцыі па раёне, збіраем матэрыялы пра хутары і вёскі, якія зніклі, пра людзей, якіх ужо няма, але якія пакінулі яркі след на роднай зямлі, пра традыцыйныя народныя рамёствы. Плануем стварыць музей “паміраючых” вёсак Ельшчыны, архіў аб людзях нашага краю.
— Якія пачуцці перажывалі, калі з рук губернатара Уладзіміра Дворніка атрымалі дыплом аб прысваенні ганаровага звання, якога, без перабольшання, удастойваюцца выбраныя, бо лаўрэатаў усяго сем?
— Сама вестка аб тым, што названа Чалавекам года,была поўнай нечаканасцю. Эмоцыі перапаўнялі мяне. Безумоўна, званне — высокая ацэнка не толькі маёй працы, але і працы ўсяго калектыву Зашырскага культурна-спартыўнага цэнтра. Я ўдзячна маім падначаленым, калегам, проста аднавяскоўцам, якія падзяляюць мае погляды, дапамагаюць рэалізаваць ідэі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter