Захіні нас покрывам Тваім.

Авеяная легендамі копія найстара-жытнейшага абраза Беларусі захоўваецца ў сціплай вясковай царкве.

Авеяная легендамі копія найстара-жытнейшага абраза Беларусі захоўваецца ў сціплай вясковай царкве.

Так атрымалася, што з настаяцелем Купяціцкай Свята-Мікалаеўскай царквы айцом Анатоліем мы дамовіліся сустрэцца акурат на Грамніцы. У невялічкай цэркаўцы хоць і досыць марозна, але людзей паўнютка, з некаторымі разам нават з Пінска ранішнім аўтобусам ехалі. Калі ж усе запалілі грамнічныя свечкі для асвячэння — быццам і цяплей у храме зрабілася.
Гэта яшчэ не мароз, усміхаецца бацюшка, бывала ў алтары і 22—24 з мінусам. Хоць пальцы да крыжа прымярзаюць, ды службу весці мусіш — людзі ж ідуць.
— Наш храм пабудаваны ў другой палове ХІХ стагоддзя. А вядомым далёка за межамі Пінскага раёна яго зрабіла копія іконы Божай Маці Купяціцкай. Даведаўшыся пра гісторыю з’яўлення абраза, пра цудатворную яго сілу, сюды пацягнуліся людзі з розных мясцін, — расказвае протаіерэй Анатоль Кавалько, які служыць тут настаяцелем дваццаць чацвёрты год і па крупінках збірае ўсё, што звязана з гісторыяй старажытнага абраза.

Дзівоснае з’яўленне

Абраз гэты — самы незвычайны з усіх вядомых на Беларусі. Ён уяўляе сабою невялікі, роўны ў даўжыню і шырыню медны крыж, які можа памясціцца нават на далоні. На ім — рэльефная выява Прасвятой Багародзіцы на ўвесь рост, якая на левай руцэ трымае немаўлятка Хрыста, на адваротным баку — распяцце Збавіцеля.
Менавіта гэткаю з’явілася людзям самая старажытная на беларускай зямлі ікона Божай Маці. Здарылася гэта ў 1182 годзе каля вёскі Купяцічы, непадалёк ад таго месца, дзе Ясельда ўпадае ў Прыпяць. Прынамсі, пра гэта апавядае манах Кіева-Пячорскай лаўры Афанасій Кальнафойскі ў сваёй працы “Тэратургіма” (ад грэчаскага — цуд), надрукаванай у 1638 годзе ў Кіеве на польскай мове.
Знайшла ікону на дрэве малая пастушка Ганна. Усе яе спробы прынесці абраз дадому былі дарэмнымі: ён дзівосным чынам вяртаўся на сваё месца. Уражаныя такімі падзеямі жыхары Купяцічаў вырашылі, што вышэйшыя сілы жадаюць, каб ікона знаходзілася тут і пабудавалі на месцы дзівоснага яе з’яўлення драўляную царкву ў імя Прасвятой Багародзіцы, дзе і змясцілі святыню. З той пары, расказваюць месцічы, абраз стаў для іх не толькі збавіцелем ад цяжкіх хвароб, але і мудрым выхавацелем. З вуснаў у вусны перадаюцца тут даўнія легенды.
Неяк адзін разбойнік вырашыў абрабаваць царкву, але, як толькі стаў складаць свае планы і накіраваўся “на справу”, імгненна страціў моц у руках. Пасля шчырага раскаяння сіла да яго вярнулася.
Аднойчы на Благавешчанне падчас рамонту царквы юнак упаў з вышыні на цвік і прабіў лоб. Пасля малебна перад іконай на другі дзень ён прыйшоў у прытомнасць, пачаў бачыць, гаварыць, а глыбокая рана зацягнулася сама па сабе.
Ратавала сваё паселішча купяціцкая святыня і ад чумы, пра гэта нават у летапісах напісана.
Слава пра дзівосы купяціцкага абраза разнеслася па ўсім наваколлі, штодня пакланіцца яму ў надзеі на міласцівае заступніцтва ішлі людзі.

Згубілася, знайшлася, зноў згубілася...

У 1240 годзе татары зруйнавалі вёску, спалілі храм. Ікону вяскоўцы палічылі страчанай. Аднак больш чым праз дзвесце гадоў яна дзівосным чынам вярнулася — заззяла на старым папялішчы царквы. Сяляне з вялікай радасцю даведаліся пра новае з’яўленне цудатворнага абраза і перанеслі яго ў вясковую царкву. У 1629 годзе пры храме быў створаны Купяціцкі Свята-Увядзенскі Праабражэнскі мужчынскі манастыр.
У другой палове XVII стагоддзя манастыр перайшоў спачатку католікам, потым уніятам. У 1655 годзе праваслаўныя манахі, пакідаючы манастыр, узялі з сабою святую ікону Багародзіцы і перанеслі яе ў Кіеўскі Сафійскі сабор.
А каб месца святога абраза ў прыходскай царкве не пуставала, неўзабаве была зроблена дакладная драўляная копія крыжа, якую асвяцілі непасрэдна на арыгінале. Менавіта ёй было наканавана захавацца да нашых дзён.
Сама ж ікона ў Купяцічы больш не вярнулася. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя парафіяне Купяціцкага прыхода звярнуліся ў Свяцейшы кіруючы сінод з прашэннем аб вяртанні Купяціцкай цудатворнай іконы Божай Маці, аднак прашэнне было адхілена. Існуюць звесткі, што ў Кіеўскім Сафійскім саборы абраз знаходзіўся да Другой сусветнай вайны. Падчас акупацыі ён бясследна знік, і да сённяшняга дня далейшы яго лёс невядомы.
Палеская каштоўнасць
А дакладная копія XVII стагоддзя, якая мае надпіс “Маці Божая! Захавай нас пад покрывам Тваім”, і сёння займае самае пачэснае месца ў Купяціцкай Свята-Мікалаеўскай царкве. Пэўна, яна ўвабрала ўсю цудадзейную моц арыгінала. Прынамсі, людзі вераць у гэта і шануюць святыню за дапамогу і абарону. У знак удзячнасці многія прыносяць ёй свае залатыя ўпрыгажэнні.
Летась, расказаў айцец Анатолій, у храм прыехала жанчына — яна не пажадала назваць ні імя, ні месца жыхарства — і са слязьмі расказала, што атрымала пазбаўленне ад цяжкай хваробы дзякуючы менавіта абразу Купяціцкай Божай Маці, якой шчыра малілася.
Штогод 28 лістапада на свята іконы ў Свята-Мікалаеўскім храме збіраецца столькі людзей, што невялічкая прастора цэркаўкі ўсіх не можа ўмясціць. Купяцічы сталі месцам паломніцтва не толькі палешукоў, але і жыхароў больш аддаленых беларускіх, украінскіх, расійскіх ды польскіх зямель.
Маці Божая Купяціцкая дапамагае толькі тым, хто верыць шчыра, кажуць тутэйшыя палешукі. А нехта верыць і ў тое, што пройдзе час, і зноў сваім чароўным ззяннем паведаміць аб сваім дзівосным вяртанні найстаражытнейшая беларуская ікона  Маці Божая Купяціцкая.

P.S. Калі я вярталася дадому, на аўтобусным прыпынку разгаварылася з мясцовымі жыхарамі. Чалавек сталых гадоў прыгадаў, што нядаўна пачуў у царкве, быццам у Патапавічах суседняга Іванаўскага раёна ў рассечаным палене мужчына знайшоў праваслаўны крыж. Патэлефанаваўшы ў сельсавет, даведалася, што гэта чыстая праўда. Там далі і нумар тэлефона Мікалая Калодзіча, які працуе ў Патапавічах паромшчыкам.
— Яшчэ позняй восенню мне прывезлі на паром дровы для ацяплення маёй старожкі: ДРБУ, дзе я працую, расчышчала дарогі ад аварыйных дрэў,  — расказвае Мікалай Мікалаевіч. — Калі я ўзяўся рассекчы чарговы альховы аскабалак, не адразу атрымалася — сякера спачатку адскочыла.  Дрэва нарэшце паддалося, але раскалолася ў іншым месцы, і з сярэдзіны рассечанага палена выпаў сапраўдны праваслаўны крыж. Я спачатку перапалохаўся, а потым занёс яго маці, і яна перадала знаходку ў нашу царкву.
Як расказаў “НГ” настаяцель храма Прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага, што ў вёсцы Яечкавічы, айцец Алег, гэты шасціканцовы крыж даўжынёй прыкладна 30 сантыметраў на выгляд з загрубелага вельмі цёмнага дрэва. Ён асвечаны і знаходзіцца ў царкве. Паглядзець на яго ды пацалаваць прыязджаюць людзі і з Пінска — вестка аб незвычайнай знаходцы перадаецца ад верніка да верніка. А вось нейкай сенсацыі з яе рабіць тут не жадаюць: маўляў, хто ведае, няхай прыходзіць.
Як крыж мог трапіць у самае сэрца альшыны, якой прыкладна гадоў 80—90? Цуд дый толькі. Магчыма, кажа бацюшка, на яшчэ маладзенькім дрэве нехта выразаў крыж з нагоды нейкай падзеі, што адбылася тут дзясяткі гадоў таму, і з часам рана зацягнулася, абрасла драўнінай.
Але яшчэ большым цудам лічыць, што крыж наканавана было чалавеку знайсці. Можа, гэта таксама знак, што іншы крыж — Купяціцкі — таксама знойдзецца зусім нечакана?..

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter