Заканамерны поспех ААТ «Капыльскае»

Штогод ААТ «Капыльскае» ўпэўнена прыбаўляе па аб'ёмах вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі дзякуючы высокаэфектыўнай дзейнасці, прымяненню сучасных тэхналогій, 
якасці прадукцыі, працоўнай дысцыпліне і парадку.  

Механізатар Віталь ДЫЛЕЎСКІ.

Кожны з васьмі тысяч гектараў ворыва эфектыўна выкарыстоўваецца. У структуры севазвароту перавага нададзена збожжавым і кармавым культурам. Пад зерневыя і зернебабовыя адведзена 3280 гектараў. Сёлета азімая пшаніца займала звыш 1900 гектараў і 570 — азімы ячмень. 

Кожны гектар збожжавых даў звыш 57 цэнтнераў зерня, што на 10 цэнтнераў больш, чым у мінулым годзе. Па 72 цэнтнеры трыцікале атрымана з кожнага з двухсот гектараў. У засекі засыпана 18 770 тон збажыны, што амаль на тры тысячы тон больш, чым летась. Добра ўрадзіў азімы рапс — па 50 цэнтнераў насення з кожнага з 835 гектараў. Валавы намалот яго перавысіў чатыры тысячы тон.

За мінулы год выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў і паслуг дасягнула 39 мільёнаў рублёў, а чысты прыбытак перавысіў чатыры мільёны рублёў, што удвая больш, чым годам раней.

Пераважную частку фінансавых па­ступленняў гаспадарка атрымлівае ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі. Пасля далучэння ў 2005-м суседніх ЗАТ «1 Мая», сельгаскааператываў «Лешня» і «Цімкавіцкі» агульная плошча сельгасугоддзяў перавысіла дзевяць тысяч гектараў. 

Механізатар Віталь ЛОБАН.

Хлебаробы аднымі з першых у раёне справіліся з уборкай зерневых і зернебабовых. На жніве працавала 15 камбайнаў, з якіх два новыя гомельскай вытворчасці. Убіралі на іх збожжавыя маладыя механізатары Аляксандр Чаюк і Алег Капусцін. У гэтым сезоне першынстваваў экіпаж камбайнера Віталя Лобана і яго памочніка Дзмітрыя Бабені. Чацвёрты сезон яны працуюць ра­зам. На «Лексіёне-540 С» намалацілі звыш 3200 тон зерня. У гонар перадавікоў у аграгарадку Цімкавічы ўзняты сцяг Працоўнай Славы. 

Дзве з паловай тысячы тон зерня на рахунку камбайнера Віталя Дылеўскага і памочніка Алега Касцюкова. Абмалочвалі збожжавыя на гомельскім КЗС-1218. Партрэт перадавога камбайнера ўпрыгожвае Дошку гонару гаспадаркі. Меней на сотню тон зерня намалацілі на такім жа камбайне Сяргей Кароль і памочнік Яўген Пешкур.

Вызначаны і пераможцы спаборніцтва сярод вадзіцеляў. Звыш чатырох тысяч тон зерня даставіў з поля да сушылак на дзесяцітонным МАЗе Іван Галубовіч. Тры тысячы тон на рахунку Аляксандра Караля. 
Гаспадарка своечасова справілася з выкананнем дзяржаўнага плана продажу збожжа і насення рапсу. На Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў дастаўлена 1100 тон пшаніцы, на сталічны камбінат хлебапрадуктаў — 50 тон харчовага ячменю і 150 — піваваранага на ААТ «Белсолад». На Віцебскі маслаэкстракцыйны завод пастаўлена 200 тон насення рапсу. 

Упершыню за апошнія гады па выніках жніва сельгаспрадпрыемства выйшла пераможцам на Капыльшчыне. На раённым свяце-кірмашы «Дажынкі», што ладзілася ў мінулую суботу ў аграгарадку Семежава, ганаровы дыплом і грашовы сертыфікат уручаны дырэктару Дзмітрыю Палевікову. Прызёрамі ў розных намінацыях раённага спаборніцтва на жніве прызнаны і лепшыя прадстаўнікі гаспадаркі. 

Намеснік дырэктара Сяргей МАЦЮШЭНКА.

— Такі поспех нашых хлебаробаў заканамерны, — перакананы намеснік дырэктара па раслінаводстве Сяргей Мацюшэнка. — Мінулай восенню пасля поўнай запраўкі палёў арганічнымі і мінеральнымі ўдабрэннямі хутка і якасна пасеялі азімыя. Плошчы пад імі значна пашырылі. Падчас догляду пасеваў трымаліся тэхналагічнай дысцыпліны. Пільна ставімся да выбару насеннага матэрыялу. У асноўным высяваем высокаэлітныя сарты збожжавых і кармавых культур. Натуральная ўрадлівасць нашых зямель перавышае 40 балаў. Важна ўмела выкарыстоўваць гэты патэнцыял. Зімою ладзім вучобу з механізатарамі. У нас склаўся касцяк прафесіяналаў. Вясною ў вызначаныя тэрміны апрацоўвалі пасевы прэпаратамі ад пустазелля, шкоднікаў і хвароб. Старанны догляд даў свой вынік. Нягледзячы на тое што на працягу 60 дзён не выпала ні каплі дажджу, хлебная ніва парадавала лепшым, чым летась, ураджаем.

— Выбар і плошчы культур вызначаем запатрабаваннямі жывёлагадоўлі, — канстатуе галоўны эканаміст Таццяна Юрчык. — Распрацаваны агранамічнай службай сева­зварот разлічаны на атрыманне запланаваных надояў і прыбаўленне жывёлы ў вазе. Корманарыхтоўчы атрад забяспечвае ўласным фуражом 5260 галоў буйной рагатай жывёлы і звыш чатырох тысяч свіней. 

За лета атрымалі тры паўнацэнныя ўкосы люцэрны. Займае яна 700 гектараў. Гатовы да ўборкі і чацвёрты ўкос. З гэтай кармавой культуры атрымліваецца высакаякасны сянаж. На 400 гектарах вырошчваюцца злакавыя травы, але аснова кармавой базы — кукуруза. На зялёную масу трэба ўбраць яе на плошчы 1200 гектараў. І на паўтысячы гектарах даспяваюць пачаткі для абмалоту. Ёсць усе падставы атрымаць звыш ста цэнтнераў зерня кукурузы з гектара. 

Галоўны эканаміст Таццяна ЮРЧЫК.

Спецыялісты сур'ёзна ставяцца да выбару найбольш аптымальных для мясцовых умоў гібрыдаў гэтай кармавой культуры з высокай наяўнасцю крухмалу і іншых спажыўных кампанентаў. З першых дзён восені пачалі ўбіраць яе на сілас. На прасторным полі з-за высокай сцяны кукурузы ледзьве заўважны дах кабіны кормаўборачнага камбайна, на які перасеў пасля жніва механізатар Віталь Дылеўскі.  

— На хлебнай ніве радавалі збожжавыя і адменны ўраджай кукурузы, — выказаў захапленне Віталь Іванавіч. — Атрымліваем з кожнага гектара амаль па 600 цэнтнераў зялёнай масы. Інжынерная служба зага­дзя паклапацілася пра адвозку ўраджаю да сіласных траншэй. Акрамя нашых грузавікоў задзейнічана тэхніка прыватных гаспадароў. Гэта дазваляе трымаць высокія тэмпы на нарыхтоўцы кармоў. 

Усяго па гаспадарцы плануецца закласці 30 тысяч тон кукурузнага сіласу. Папоўніць фуражны запас для буйной рагатай жывёлы і свіней рапсавы шрот. 

Трывалая кармавая база садзейнічае эфектыўнаму вядзенню жывёлагадоўлі. Гас­падарка апошнія тры гады трымае першынство ў раёне па аб'ёмах вытворчасці малака і захаванасці цялят. Гадавы надой ад кожнай з 1832 кароў перавысіў дзевяць тысяч кілаграмаў. Штодзённа на Капыльскі філіял Слуцкага сыраробнага камбіната адпраўляецца 47 тон прадукту. Практычна ўвесь аб'ём яго рэалізуецца класам экстра. Гэта яскрава пацвярджае высокую культуру вытворчасці. Намечана стварыць племянны статак.

Механізатар Аляксандр ВАЛЫНСКІ. 

Шмат планаў і ў раслінаводстве. Перагледжана структура пасеваў: перавага аддадзена азімым культурам. З года ў год яны стабільна даюць высокую ўраджайнасць і менш схільны да страт.  

Актыўна вядзецца сяўба азімых збожжавых. Пасля заканчэння жніва перасеў на трактар прызёр раённага спаборніцтва сярод камбайнераў Віталь Лобан. І летась ён па намалотах збожжа быў сярод прызёраў у раёне. Збіраецца Віталь Мікалаевіч на абласныя «Дажынкі» ў Салігорск. Будні яго напоўнены стваральнай працай на полі. Механізатар рыхтуе глебу пад сяўбу азімай пшаніцы. Звыш 70 гектараў азімых збожжавых штодзённа засявае на «Кіраўцы» малады механізатар Аляксандр Валынскі. 

Уборачная тэхніка выйшла і на поле цукровых буракоў. Кожны гектар дае звыш 450 цэнтнераў салодкага кораня. Ужо зда­дзена іх на Слуцкі цукроварафінадны больш тысячы тон. За рэалізаваную прадукцыю паступаюць грошы. Кожная галіна гаспадаркі дае сваю аддачу, што спрыяе далейшаму развіццю вытворчасці, павышэнню заробкаў працаўнікоў і ўмацаванню сацыяльнай сферы. 

УНП 600018624 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter