Закаханыя ў літвінку

“Песняры”  маладзеюць на вачах Сёння вечарам “Песняры” прэзентуюць новую канцэртную праграму — “Вольнаму — воля”. На рэпетыцыі ансамбля карэспандэнт “НГ” падслухаў, як нараджаюцца песенныя шэдэўры, і раскрыў сакрэт “прыгатавання” з маладых талентаў зорак эстрады.

“Песняры”  маладзеюць на вачах

Сёння вечарам “Песняры” прэзентуюць новую канцэртную праграму — “Вольнаму — воля”. На рэпетыцыі ансамбля карэспандэнт “НГ” падслухаў, як нараджаюцца песенныя шэдэўры, і раскрыў сакрэт “прыгатавання” з маладых талентаў зорак эстрады.

З-за беларускай сціпласці “Песняры” ніяк не пазначаюць на вуліцы ўваход у сваю студыю. Калі б тут была Амерыка, то, несумненна, на “рэзідэнцыю” групы № 1 нашай эстрады быў наведзены б вялікі ўказальнік або білборд. Знакамітасці ж наўмысна “зашыфраваліся” ў глыбіні квартала мінскай вуліцы Сурганава — каб не дапякалі фанаты. Бо “Песняры” — людзі, паверце, сціплыя, на зорную хваробу не пакутуюць, у іх толькі адно наўме: спяваць...
На “Славянскім базары ў Віцебску”, безумоўна, адным з хітоў стала песня “Літвінка”, якую калісьці ўпершыню праспяваў Пётр Елфімаў, а гэтым разам уразіў зычным тэнарам Андрэй Усанаў. Самы малады “пясняр” усяго год выступае ў калектыве, але настолькі палюбіўся публіцы, што без яго голасу і постаці немагчыма ўявіць ансамбль, які ўжо сорак гадоў гучыць на сцэне.
“Колькі можна перапяваць адно і тое ж?” — часам можна пачуць скептычны голас крытыкаў. Але, здаецца, слухаў бы і слухаў, асабліва, калі гэта жывы гук. На рэпетыцыі “Песняроў” давялося пераканацца, што іх песні на кампакт-дыску і выкананыя ў студыі не адрозніваюцца. Вядома, аранжыроўкі, карэкціроўкі запісу — без гэтага не можа выйсці да слухачоў ніводная пласцінка. Між тым на канцэрце мы часта чуем фанаграму, без якой, пераконвае Таццяна Ждановіч, піяр-менеджэр ансамбля, на жаль, немагчыма абысціся: “Выступленне на вялікай сцэне завязана на мностве тэхнічных фактараў. Ад іх залежыць якасць гуку, а таксама зладжанасць праграмы. Калі б не было фанаграмы, слухачам давялося б паміж кожнай новай песняй вычэкваць па пяць—пятнаццаць хвілін, пакуль перастроіцца апаратура ды будуць вырашаны тонкасці механікі сцэны”.
Сёння вечарам у канцэртнай зале “Мінск”, калі будзеце слухаць “Песняроў”, вы і не вызначыце, чуеце жывы гук ці “фано”. Яны, гэтыя галасістыя салаўі, у любым амплуа аднолькавыя — сапраўдныя.
Дырэктар і мастацкі кіраўнік ансамбля Вячаслаў Шарапаў расказаў, што ў год “Песняры” ладзяць да васьмідзесяці канцэртаў. Цяпер ідзе падрыхтоўка да вялікага турнэ па Расіі. Беларусы збіраюцца з трыумфам прайсці па суседняй краіне і вярнуць сабе “ўсесаюзную” вядомасць.
“Яе постаць — танчэй рабіны,
Яе погляд — сіней ручаіны,
І няма прыгажэй дзяўчыны,
Чым вайтова дачка!” —
словы і музыка песні “Літвінка” напісаў сам спадар Шарапаў, як і большасць іншых кампазіцый з новага альбома і праграмы, што прагучыць гэтым вечарам у сталічнай канцэртнай зале “Мінск”. “Песняры”, нягледзячы на паважны ўзрост ансамбля, цяпер перажываюць другую маладосць. Захоўваючы шарм эпохі Мулявіна, насычаюцца свежымі ідэямі і сілай галасоў маладых выканаўцаў. Следам за Усанавым у калектыў увальецца неўзабаве яшчэ адзін Андрэй — Коласаў, лаўрэат сёлетняга “Славянскага базару”.
— Праўда, мы яшчэ не зрабілі Андрэю афіцыйнай прапановы, але, на маю думку, ён сапраўды варты таго, каб быць у нашай камандзе. Ён пазбаўлены артыстычнага пазёрства, просты і музыкальны — такім і мусіць быць “пясняр”, — кажа мастацкі кіраўнік.
Коласаў родам з Гомеля, Усанаў — са Смаргоні; апошняга, дарэчы, Шарапаў прыкмеціў, калі хлопец выступаў на канцэрце армейскай песні ў родным горадзе. Як кажуць, выпадак зрабіў цуд — і над Мінскам узышла новая “зорка”. Запрасілі нядаўна ў калектыў і шырока вядомага сярод прафесіяналаў і публікі сола-гітарыста Леаніда Вярэніча. Зрэшты, у “Песнярах” запэўніваюць, што ў іх нікому не дазволена быць “лепшым” за іншых. Камандны дух, калі, як і ў спорце, адзін за ўсіх і ўсе за аднаго — гэта, бадай, самы надзейны рэцэпт перамогі на сучаснай сцэне, дзе выжываюць не толькі і не столькі моцныя голасам, колькі згуртаваныя дзеля адзінай справы.
Цікава, як ацэніць публіка выступленне славутага гурта з яго новай праграмай. Паводле Анатоля Марціновіча, загадчыка мастацка-пастановачнай часткі ансамбля, у Расіі апошнія 15—20 хвілін канцэрта “Песняроў” у зале заўсёды слухаюць стоячы, а на радзіме тутэйшыя паклоннікі трымаюцца толькі пяціхвілінку. Калі на гэты раз мінчане паб’юць рэкорд масквічоў і пецярбуржцаў, значыць, у гісторыі старога-новага ансамбля сапраўды адкрываецца новая старонка...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter