Больш за мільён старажытнейшых дакументаў адкрыты для даследванняў усім

Загадкі архіварыуса

Пабудаваць генеалагічнае дрэва. Даведацца пра завяшчанні магнатаў Вялікага Княства Літоўскага. Пабачыць пячаткі сярэднявечных пергаментаў і памацаць гербы каралёў Рэчы Паспалітай. Сёлета спаўняецца 80 гадоў, як дакрануцца да глыбокай даўніны нашых земляў, спазнаць біяграфічныя таямніцы выдатных асоб і паглыбіцца ў жыццяпіс сваіх продкаў можна дзякуючы дзейнасці Нацыянальнага  гістарычнага архіва.

У Нацыянальным гістарычным архіве захоўваюць, даследуюць і прадастаўляюць для азнаямлення самыя старажытныя дакументы.

Сховішча па мінскім адрасе вуліца Крапоткіна, 55 змяшчае больш за мільён найстаражытнейшых дакументаў, якія даўно страцілі абмежаванне грыфа «Сакрэтна» і адкрыты для даследаванняў як гісторыкам, навукоўцам, так і звычайным чытачам. Усім, хто жадае больш ведаць пра сваю сям'ю, свой род, сваю краіну.

Дом, дзе пануюць архіварыусы, на першы погляд, пазбаўлены асаблівай рамантыкі: звычайны офіс з кабінетамі, заваленымі паперамі і кнігамі. Але ёсць тут унікальны пакой, трапіць у які за шчасце б мелі ўсе калекцыянеры свету і апантаныя даўніной гісторыкі. Шосты паверх. За металічнымі дзвярыма, куды пабочным асобам уваход забаронены, — царства адвечнасці, водар стагоддзяў, неймавернага ўзросту і самавітасці «сівыя» скруткі і тамы. Уздоўж высокіх, пад столь, стэлажоў экскурсію па святая святых архіва нам праводзіць намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Дзяніс Лісейчыкаў:

— У краіне два нацыянальныя архівы. Але ў калег на праспекце Незалежнасці, 116 змяшчаюцца дакументы савецкага, больш блізкага да нас часу. Мы ж захоўваем, даследуем і прадастаўляем для азнаямлення самыя старажытныя паперы. Маем практычна ўсё, што на сёння знойдзена па гісторыі Беларусі часоў Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, таксама вялікая частка дакументаў тычыцца эпохі ўладарання Расійскай імперыі.

Дзяніс ЛІСЕЙЧЫКАЎ прэзентуе адно з апошніх выданняў – кнігу «Для лепшое твёрдости», у якой апублікаваны ўсе пергаменты ВКЛ са збору Нацыянальнага гістарычнага архіва.

Унікальнасць гэтых крыніц у дыяпазоне інфармацыі, якую яны тояць: ад ваенных і палітычных падзей да пытанняў штодзённага жыцця чалавека. На архіўных паліцах як старонкі найважнейшых дзяржаўных і агульнаграмадскіх вех, так і кранальныя, глыбока інтымныя падрабязнасці асабістага жыцця і зносін паміж людзьмі. Цікава, але ў афіцыйным дакуменце можна знайсці і дзелавую, сухую даведачную інфармацыю, і эмацыянальныя прызнанні ў пачуццях, мілыя звароты, якія адрасавалі адзін аднаму тагачасныя людзі.

Архіварыусы ганарацца: яны валодаюць унікальным па каштоўнасці фондам. Але прызнаюць і мінус: нават вялікі вопыт працы з дакументамі і прафесійная дасведчанасць не даюць гарантыі абсалютнага валодання той неабсяжнай інфармацыяй, якая тоіцца ў архіўных тамах. Большасць з адзінак маюць па паўтары тысячы старонак, і на кожнай, акрамя даведак, вядомых з асноўнага вопісу, могуць быць дадатковыя адзнакі, малюнкі і цытаты на палях, выпадковыя нататкі, вартыя вывучэння. Словам, праца над такімі дакументамі не мае меж, і занятку для дваццаці навуковых супрацоўнікаў архіва хопіць на стагоддзе.


Час ад часу трапляюцца ўнікальныя знаходкі. Дзяніс Лісейчыкаў гаворыць, што нядаўна літаральна наткнуліся на раней невядомую выяву Мінскай ратушы XVII стагоддзя:

— Малюнак быў без надпісу, але нашы спецыялісты паказваюць на гетмана Януша Радзівіла. Па Радзівілах у нас увогуле поўны і найцікавейшы матэрыял, брэнд нашага архіва. Сярод раўназначна вартых — падборка па каралеўскім двары Сабескіх у Алаве. Ад гэтай знакамітай дынастыі Еўропы захаваліся аркушы на нямецкай, французскай мовах. Гэта афіцыйная перапіска з арыстакратамі Вялікабрытаніі, Польшчы, Францыі, Турцыі, нават з Папам Рымскім. Таксама ёсць лісты з асабістай, інтымнай перапіскай членаў сям’і Сабескіх. Напрыклад, Яна і Марыі Казіміры, мужа і жонкі. Унікальнасць лістоў у тым, што доўгі час яны лічыліся страчанымі для гісторыі. Але... каштоўныя рэліквіі аказаліся ў нас.

Самы старажытны дакумент, які захоўвае Нацыянальны гістарычны архіў, — прывілей (дазвол на валоданне маёмасцю) падольскага князя Фёдара Карыятавіча. Уладар дорыць аднаму са сваіх васалаў Грыньку пэўныя гарады на тэрыторыі Заходняй Украіны. Папера датуецца 1391 годам. Яшчэ з самых даўніх — пергамент XVI стагоддзя. Ён тычыцца тэрыторый Піншчыны і князёў Яраслававічаў: яны таксама адрасавалі сваім падначаленым пэўныя землі.


Цікавы архіўны пласт, які прадастаўляе немалую прастору для вывучэння, — дакументы-фальшыўкі. Гістарычную каштоўнасць сёння маюць несапраўдныя дакументы першай паловы XIX стагоддзя. Гэта быў час, калі праводзіўся так званы «разбор шляхты». Расійскія ўлады патрабавалі ад беларускага шляхецтва дакументальных доказаў свайго паходжання, і ў многіх родаў такіх доказаў не было. На нашых тэрыторыях працаваў цэлы сіндыкат падробшчыкаў дакументаў аб шляхецтве. Спецыялісты па афіцыйных паперах дзейнічалі ў Магілёве, Слуцку, Барысаве.

Кожная адзінка з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва адкрыта для чытача. Пры ўстанове працуе чытальная зала, якая за мінулае паўгоддзе выдала больш за дваццаць дзве тысячы дакументаў. Любы жадаючы мае права запытаць тут арыгінал, але ва ўстанове пастаянна працуюць над алічбоўкай рарытэтаў. Наяўнасць копіі зберагае артэфакт.

У самім жа архівасховішчы — на тым самым унікальным шостым паверсе — умовы для зберагання трымаюць найстражэйшыя: тэмпература не вышэй за 19 градусаў, вільготнасць 50—55 працэнтаў  і строгі санітарны рэжым, згодна з якім два разы на год стэлажы з дакументамі абяспыльваюць: праціраюць кожную скрыначку, кожную кніжную звязку, кожны блок. У архіва невялікі штат, але кожны чалавек тут робіць сваю патрэбную справу. Каб гісторыя ў сваіх матэрыяльных адзнаках захоўвалася і была даступнай для вывучэння будучым пакаленням.

Тамара БАРЫСАВА.  

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter