Загадкавыя рэліквіі

Таямніцы ўнікальных помнікаў даследуюць дакументалісты

Таямніцы ўнікальных помнікаў даследуюць дакументалісты

У апошні сакавіцкі тыдзень гледачоў тэлеканала «Беларусь 3» чакаюць адразу дзве гістарычныя прэм’еры, якія раскажуць пра загадкавыя рэліквіі, знойдзеныя на тэрыторыі нашай краіны, паведамілі «Р» у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

26 сакавіка ў 19.20 адбудзецца паказ дакументальнага фільма «Таямніца помніка».

…У лесе каля вёскі Старыя Войкавічы Баранавіцкага раёна стаіць манументальны помнік, які мясцовыя жыхары называюць «Тры крыжы». Унікальны твор еўрапейскага ўзроўню створаны ў кантэксце мастацкай культуры напачатку ХХ стагоддзя. Але ніхто ў рэспубліцы дакладна не ведае, з якой нагоды ўзведзены манумент і хто яго аўтар. Таям-нічае паходжанне гэтага помніка прыцягвае ўвагу навукоўцаў з усяго свету. З дапамогай беларускіх і польскіх гісторыкаў аўтары дакументальнага фільма зрабілі чарговую спробу разгадаць гэтую таямніцу.

Дакументальны фільм «Паясы вялікага князя Вітаўта» ўпершыню выйдзе на тэлеэкраны 29 сакавіка ў 15.50.

Так званы пояс Вітаўта быў знойдзены ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя пры археалагічных раскопках каля вёскі Літва Маладзечанскага раёна. Пояс быў створаны прыкладна ў XIV—XV стагоддзях і больш чым шэсць стагоддзяў праляжаў у зямлі… Каля 11 гадоў рарытэт знаходзіўся ў прыватных руках і толькі ў канцы 2006 года рашэннем Вярхоўнага Суда вернуты ва ўласнасць дзяржавы. З гэтага моманту пояс Вітаўта знаходзіцца ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Але гісторыя скарбу пакуль не завершана. Прафесар Адам Мальдзіс сцвярджае, што ёсць і другі пояс. Па некаторых звестках, рэліквія цяпер знаходзіцца ў Францыі. Некалькі гадоў назад яго ўладальнік (дарэчы, беларускага паходжання) нават прапаноўваў Эрмітажу купіць пояс Вітаўта. Ці сапраўды існуе больш каштоўная копія маладзечанскага скарбу і ці вернецца рэліквія ў нашу краіну — на гэтыя пытанні спрабуюць знайсці адказы стваральнікі фільма. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter