Виктор Богдан: «Наш лен и продукция из него высоко ценятся в мире, это национальный Клондайк»

Загадчык лабараторыі селекцыі лёну-даўгунцу РУП «Інстытут ільну» Віктар Богдан: «Наш лён і прадукцыя з яго высока цэняцца ў свеце, гэта нацыянальны Кландайк»

Сучасны свет перанасычаны хімічнымі рэчывамі, а хочацца натуральнага, таго, што стварыла маці-прырода. Спрадвеку нашы продкі карчавалі ляды, старанна выпрацоўвалі вызваленую зямлю і засявалі яе. У вялікай пашане заўжды быў лён, які мудрыя гаспадары выходзілі сеяць на золку, каб ніхто іх працу не сурочыў. А як прыгожа квітнее: не адарваць вачэй! Нібыта поле ахутана пяшчотна-блакітным воблакам. Лён — адзіная прадзільная культура, што вырошчваецца ў нашай краіне. Называюць яго паўночным шоўкам. Паўвека таму пасевы лёну ў гаспадарках займалі чвэрць мільёна гектараў, але з-за высокай працаёмкасці вырошчвання і шэрага іншых прычын амаль у пяць разоў скараціліся плантацыі. Далейшае развіццё гэтай галіны раслінаводства акрэслена ў спецыяльнай дзяржпраграме, дзе перад беларускімі селекцыянерамі пастаўлена задача стварэння і ўкаранення ў вытворчасць высокаўраджайных, устойлівых да хвароб і палягання сартоў ільну-даўгунцу. З пятнаццаці новых сартоў сем атрымалі дзяржаўныя патэнты. Сёлета выведзеныя беларускімі селекцыянерамі сарты займалі ў рэспубліцы каля трох чвэрцей пасеваў. Адрозніваюцца яны высокай патэнцыяльнай урадлівасцю.


— Селекцыя гэтай важнай тэхнічнай культуры мае шматгадовыя традыцыі, — канстатуе загадчык лабараторыі селекцыі лёну-даўгунцу РУП «Інстытут ільну», кандыдат сельгаснавук, дацэнт Віктар Богдан. — У нас створаны ўсе ўмовы не толькі для захавання патэнцыялу, пакінутага папярэднікамі, але і для дабаўлення новых сартоў. Дзяржпраграмы развіцця льнаводства падштурхоўваюць далейшае развіццё галіны. За апошнія дзесяцігоддзі па вытворчасці і аб'ёмах атрымання насення і трасты ўступаем толькі французскім ільнаводам. Там вырошчваюць культуру ў асноўным на ўзбярэжжы праліва Ла-Манш, дзе кліматычныя ўмовы значна лепшыя, чым у нас. Лён патрабуе сяміпольнага севазвароту і дакладнага выканання тэхналагічнага працэсу: своечасовае церабленне, вытрымліванне належнага перыяду, каб мікраарганізмы «папрацавалі» над усланымі на льнішчах сцяблінамі. Важна кожная дробязь. У апошнія гады льняныя палеткі ўсё больш засяваюцца сартамі беларускай селекцыі розных тэрмінаў паспявання.

— Віктар Зігмундавіч, сёлета кліматычныя ўмовы выдаліся складанымі. Ці залежыць ад капрызаў прыроды селекцыйная дзейнасць?

— Нашы доследныя дзялянкі не пад парасонам. Надвор'е, безумоўна, уплывае на развіццё раслін. Высяваем, даглядаем іх па ўсіх законах агратэхнікі. Гібрыднае насенне, канешне, лепш вырошчваць у фітатроне. У нашым інстытуце пакуль яго няма. Цяплічныя ўмовы даюць магчымасць на некалькі гадоў скарачаць тэрміны вывядзення сорту. Калі ўзнікае вострая неабходнасць, карыстаемся фітатронам Навукова-практычнага цэнтра па земляробстве Нацыянальнай акадэміі навук. Летась перадалі на выпрабаванне ў дзяржкамісію сорт «акцэнт», адметная асаблівасць якога высокаякаснае валакно. Працуючы над яго вывядзеннем, першараднае значэнне надавалі раўнамернасці і працягласці вылежкі трасты на сцелішчы. Сёлета доследная дзялянка размнажэння займала 32 соткі. Атрымалася ўраджайнасць звыш васьмі цэнтнераў насення з гектара, сабралі яго 250 кілаграмаў. На наступны год засеем «акцэнтам» 5 гектараў, а потым штогод яго пасяўная плошча будзе павялічвацца амаль у дзесяць разоў. Гэты сорт і яшчэ новы «аўгусцін» павінны прайсці дзяржаўныя выпрабаванні.
За гады творчай дзейнасці ў супольнасці з калегамі выведзена 17 сартоў ільну-даўгунцу, з якіх 15 уключана ў дзяржрэестр Беларусі і пяць — у дзяржрэестр селекцыйных дасягненняў Расійскай Федэрацыі, сем — абаронена патэнтамі нашай краіны. У арсенале вучонага манаграфія і 137 спецыялізаваных навуковых публікацый, удзел у рэспубліканскіх і абласных семінарах, выступленні з лекцыямі на аграрных курсах па павышэнні кваліфікацыі. За актыўную даследчую дзейнасць у 2006 годзе заахвочваўся спецыяльнай стыпендыяй Прэзідэнта.
— А якім асабіста для вас склаўся аб'яўлены на дзяржаўным узроўні Год міру і стварэння?

— Каласальна напружаным. Давялося прыкладаць шмат намаганняў для падвядзення некаторых вынікаў навуковых даследаванняў, у якіх паглыблена вывучэнне генафонду, метадаў адзнакі зыходнага матэрыялу і асветлена селекцыя лёну-даўгунцу ў Беларусі. Тэма даволі значная і глабальная. Асноўныя доследы праводзіліся на дзялянках інстытута. Працуем сумесна з вучонымі Беларускай дзяржсельгасакадэміі, Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук, Белдзяржтэхуніверсітэта. Пастаянна падтрымліваем навуковыя сувязі з расійскімі селекцыянерамі. Калекцыйнымі ўзорамі сартоў абменьваемся з інстытутам ільну ў расійскім горадзе Таржок. Раней супрацоўнічалі з калегамі з Францыі, Нідэрландаў, Польшчы. Шмат карыснай інфармацыі атрымліваю са спецыялізаваных часопісаў, інтэрнэту. Імкнуся пастаянна трымаць руку на пульсе часу.

— А якія планы на год наступны, які, пэўна, будзе аб'яўлены Годам якасці?

— У навуковай дзейнасці паказчык якасці заўжды на першым плане. Інакш і быць не можа. Калектыў у лабараторыі згуртаваны, у нас адна мэта — атрыманне перспектыўных сартоў ільну-даўгунцу. Усебакова ацэньваем селекцыйны матэрыял, атрыманы на розных этапах даследаванняў, і выдзяляем лепшыя ўзоры. З імі далей працуем. Вядома, што Аршанскаму льнокамбінату патрэбна высокаякаснае валакно. Вывядзеннем сартоў такога кшталту і займаемся. Падчас селекцыйнага працэсу адбіраем самыя адмысловыя экзэмпляры, якія потым служаць асновай для стварэння новай лініі. Вызначаем яе па розных параметрах са мноства вырашчаных раслін. У лабараторыі вымяраем тэхнічную даўжыню валакна, колькасць насенных скрынак і насення ў кожнай з іх. Усе гэтыя фактары аналізуюцца, робяцца вывады. Потым з адабранага насення вырошчваецца радок раслін, а на наступны год гадавальнік пашыраецца да пяці. Так паступова адсарбіруюцца экзэмпляры для новага сорту. Ад васьмі да дванаццаці гадоў займае селекцыйны працэс стварэння сорту. Зацверджаныя Дзяржнасенневыпрабаваннем вынікі нашай працы адпавядаюць самым жорсткім патрабаванням. Максімальная ўраджайнасць трасты дасягае звыш 100 цэнтнераў з гектара, агульнага валакна — да 38, у тым ліку доўгага — звыш 19 цэнтнераў з гектара. Гэта даволі высокія паказчыкі. Не выпадкова, што наш лён і прадукцыя з яго высока цэняцца ў свеце. Гэта нацыянальны Кландайк.

— Вы чвэрць стагоддзя прысвяцілі селекцыйнай дзейнасці. Не даводзілася адчуваць сіндром эмацыянальнага выгарання?

— Наадварот, з гадамі ўсё больш паглыбляюся ў сваю справу. Ганаруся, што за перыяд навукова-даследчай дзейнасці (больш за чвэрць стагоддзя) удалося зладзіць рабочую калекцыю лёну-даўгунцу ў колькасці 628 узораў. Усе яны дасканала даследаваны, паспартызаваны і перададзены ў Нацыянальны банк насення генетычных рэсурсаў гаспадарча-карысных раслін у Жодзіне. Абгрунтаваў селекцыйную бяспеку краіны. Сёння гэта актуальна і важна. Удзячны вядомым беларускім вучоным кандыдату сельгаснавук Льву Уладзіміравічу Івашку, акадэміку НАН Беларусі Станіславу Іванавічу Грыбу і іншым маім настаўнікам, ад якіх інтэлектуальна абагачаюся.

— З якімі цяжкасцямі сутыкаецеся ў практычнай дзейнасці?

— Селекцыйныя даследаванні патрабуюць зыходнага матэрыялу. На жаль, гэта стала вялікай праблемай. НДІ Расійскай Федэрацыі маюць багаты арсенал такіх матэрыялаў, а да нас паступае невялікая колькасць асобных узораў. Хочацца спадзявацца, што нашы навуковыя сувязі ўмацуюцца і праблема станоўча вырашыцца.

— Як ставіцеся да ўдач калег?

— Калі і зайздросціў каму, то толькі белай зайздрасцю, імкнуўся наблізіцца да такога поспеху. Навуковыя дасягненні калег — цудоўны арыенцір дзейнасці. Важна адчуваць сябе духоўна багатым, жыць у згодзе з сумленнем, быць прыстойным, чулым да іншых. Так мяне выхоўвалі бацькі.

— Адкуль вашы карані?

— З невялікай вёскі Косіна, што стала часткаю аграгарадка Субачы ў Ваўкавыскім раёне. Маці Кацярына Рыгораўна была аграномам, а бацька Зігмунд Альбінавіч — інжынерам-механікам у мясцовым саўгасе. З дзяцей я быў старэйшы. Малодшыя браты Алег і Дзмітрый засталіся працаваць на зямлі. Спачатку наша сям'я жыла ў доме дзеда Альбіна і бабулі Марыі. Трымалі вялікую гаспадарку: карову, свіней, качак, індыкоў, курэй. Кожную восень бабуля скардзілася, што няма здароўя трымаць столькі жыўнасці, і настройвалася зводзіць яе. Надыходзіла вясна, і ўсё паўтаралася: бабуля клала пад куру індычныя яйкі, а пад індычку — курыныя і чакала вывадкаў. Гэта была ў яе такая правераная мудрасць: індычка — лепшая маці, а кура больш клапоціцца пра буйных куранят, не разумеючы, што гэта будучыя індыкі. Дзед Альбін неяк з горада прывёз маленькую касу, адкляпаў яе і даў мне ў рукі. Потым з ёю хадзіў на сенажаць мой сярэдні брат. Мне, як старэйшаму, давяралі стагаваць сена. Дзед Альбін і бацька падавалі шастом бярэмкі духмянай травы, а я ўтоптаваў яе па крузе і завяршаў стажок. Зімою галоўны наш занятак быў урокі. Бабуля Марыя навучыла мяне дзяленню слупком раней, чым сталі гэта праходзіць у школе, прызвычаіла без слёз вучыць вершы. У мяне была цяга да ўсіх прадметаў, але найлепш у пачатковых класах давалася матэматыка. Любіў беларускую літаратуру, запоем чытаў творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Янкі Маўра, Івана Мележа. Многія вершы са школьнай праграмы дагэтуль у памяці. У нашай вёсцы Субачы знаходзілася пачатковая школа, потым яна стала васьмігодкай. Скончыў яе і сярэднюю адукацыю атрымліваў у Ваўкавыску.

— Што больш помніцца з цудоўных гадоў дзяцінства?

— Як бабуля Марыя вадзіла мяне да першай камуніі ў ваўкавыскі касцёл. Кранулі сэрца гук аргана, велічная ўрачыстасць набажэнства. Запомніўся яе запавет: жыць годна, у любым выпадку заставацца чалавекам, умець слухаць іншых, не перабіваць старэйшых. Калі сям'я пераехала ў новы катэдж, што атрымалі ад гаспадаркі на цэнтральнай сядзібе ў Субачах, летам мяне адпраўлялі ў лідскую вёску Вольгаўцы дапамагаць састарэлым бацькам мамы. Запомніліся ўспаміны дзеда Рыгора пра яго франтавое мінулае. Вызваляў Польшчу ад гітлераўцаў, дайшоў да пераможанага Берліна. Дамоў у вёску прывёз трафейную швейную машыну «Зінгер» і шыў кажухі. З усіх навакольных вёсак прыносілі аўчыны. Франтавымі дарогамі прайшоў і дзядуля Альбін. У адным з баёў пад Кёнігсбергам быў паранены ў нагу, перамогу сустрэў у ваенным шпіталі. Дома родныя радаваліся, што жывым вярнуўся. Пра вайну не любіў узгадваць. Ганаруся сваімі дзядамі, дзецям пра іх расказваю. Кожны чалавек павінен ведаць гісторыю Айчыны. Для мяне патрыятызм — прыклад жыцця маіх дзядоў.

— Хто паўплываў на ваш выбар жыццёвага шляху?

— З малых гадоў любіў з бацькам корпацца каля машыны ці трактара. Матуля пастаянна была на калгасным полі, а я ёй дапамагаў. Мяне зацікавіла прафесія агранома. Пасля заканчэння сярэдняй школы падаў дакументы на аграфак у Беларускай сельгасакадэміі. У той год быў вялікі конкурс — не пашанцавала. Вярнуўся дамоў і працаваў слесарам у рамонтнай майстэрні саўгаса «Зара», а на наступны год паспяхова вытрымаў экзамены і стаў студэнтам аграфака Гродзенскага сельгасінстытута. З першага курса вучоба захапіла, асабліва спецыяльныя дысцыпліны: раслінаводства, аграхімія, селекцыя сельгаскультур. Усе сесіі здаваў паспяхова. У дыпломнай рабоце даследаваў прымяненне мікраэлементаў на прадукцыйнасць яблынь. З навуковым кіраўніком майго праекта Аляксеем Сцяпанавічам Бруйло ездзілі ў сад СВК «Прагрэс-Верцялішкі», апрацоўвалі хімікатамі яблыні, аналізавалі вынікі. Дзяржаўная камісія на выдатна ацаніла маё старанне. З адзнакаю скончыў сельгасінстытут і атрымаў прапанову паступаць у аспірантуру Навукова-даследчага інстытута па земляробстве. Працоўную дзейнасць пачынаў у аддзеле лёну, якім кіраваў кандыдат сельгаснавук Антон Макаравіч Богук. Скончыў аспірантуру і абараніў кандыдацкую дысертацыю. Праз два гады ўзначаліў лабараторыю селекцыі лёну-даўгунцу ў Беларускім НДІ лёну. Пяць гадоў быў вучоным сакратаром, а потым дванаццаць — намеснікам дырэктара гэтай установы. Якую б пасаду ні займаў, не парываю сувязь з навуковай дзейнасцю.

— У чым бачыце сэнс жыцця?

— У сям'і і працы. Сям'я — мой трывалы тыл. З жонкай Таццянай Міхайлаўнай пазнаёміўся ў студэнцкія гады. Яна таксама вучылася на агранамічным факультэце, на тры гады пазней за мяне скончыла вучобу. Больш як два з паловай дзесяцігоддзі крочым разам па жыцці, выхавалі дачку і сына. Дзеці атрымалі адукацыю. Дачка Кацярына жыве ў Маскве, сын Іван — у Мінску. Калі ў сям'і ўсё ладна, то і праца спорыцца.
Чвэрць стагоддзя займаецца вывядзеннем сартоў ільну загадчык лабараторыі селекцыі лёну-даўгунцу РУП «Інстытут ільну», кандыдат сельгаснавук, дацэнт Віктар Богдан. Кандыдацкую дысертацыю прысвяціў пошуку крыніц скараспеласці гэтай тэхнічнай культуры, правядзенню скрыжавання найбольш перспектыўных сартоў з мэтай выяўлення прымет ранняспеласці.
— Ці здараліся такія выпадкі, за якія сорамна?

— Хапала ўсяго. Запомнілася, як на дзедаў падворак прывезлі з поля кармавыя буракі. Побач ляжалі скрынкі, і дзядуля іх разбіваў, даставаў цвікі для гаспадарчых патрэб. Калі ён адышоў па справах, я дабраўся да цвікоў і стаў спрабаваць забіваць іх у дошкі. Але тыя былі цвёрдыя, таму часцей малатком біў па пальцах. Тады вырашыў забіваць цвікі ў зямлю, а калі надакучыла — у бурак. Цудоўна атрымлівалася. Нашпігаваў бурак цвікамі, і гэта заўважыў дзед. Дасталася мне тады ад яго. Гародніна была прызначана для корму карове. Нават праз гады сорамна гэта ўзгадваць.

— Ад якой рысы характару хацелі б пазбавіцца?

— Многія кажуць, што я занадта справядлівы, адстойваю сваю пазіцыю, нягледзячы ні на што. Таму і бываюць непрыемнасці. Часам думаю: мо лепш было б неяк пераламаць сябе?

— Што параіце выпуснікам аграрных вышэйшых навучальных устаноў, якія вырашылі заняцца навукай?

— Глядзець на старэйшых. Ва ўсім свеце так вядзецца, што моладзь можа разлічваць на поспех толькі ў тым выпадку, калі абапіраецца на дасягненні папярэднікаў. Толькі так можна крочыць далей і дэкламаваць новыя ідэі. Узаемасувязь маладога пакалення і прафесіяналаў рана ці позна абавязкова дасць добры плён.

— Мінулым летам вы адзначылі круглую дату — 50‑годдзе. Што не паспелі зрабіць за свае паўвека?

— Мару вывесці найлепшы сорт ільну-даўгунцу. Цешу сябе тым, што мой узрост дае шанс здзейсніць задуманае. Пакінуць пасля сябе значны след у аграрнай навуцы — моцны матыватар селекцыйнай працы. Хочацца таксама, каб дзеці хутчэй парадавалі ўнукамі.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter