Доктор сельскохозяйственных наук Ядвига Пилюк: «Для меня цветущее поле — святая святых»

Загадчык аддзела алейных культур РУП «НПЦ НАН Беларусі па земляробстве» доктар сельскагаспадарчых навук Ядвіга Пілюк: «Не магу здрадзіць доследнаму полю»

У дзясятку самых каштоўных культур свету ўваходзіць рапс. Па пасяўной плошчы ў краіне ён саступае толькі хлебнай ніве. Гектар яго пасеваў у 2,5 разы больш дае кіслароду, чым адпаведная дзялянка лесу. Селекцыяй і тэхналогіяй вырошчвання гэтай тэхнічнай культуры ў РУП «НПЦ НАН Беларусі па земляробстве» займаецца калектыў супрацоўнікаў на чале з доктарам сельскагаспадарчых навук Ядвігай ПІЛЮК.

Карані Ядвігі Эдвардаўны сялянскія, глыбокія. Навуковымі доследамі захапілася ў студэнцтве. З адзнакай скончыла аграфак Гродзенскага сельгасінстытута і атрымала накіраванне ў аспірантуру БелНДІ земляробства. Абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэхналогіі вырошчвання алейнай рэдзькі.

За плённую доследную селекцыйную дзейнасць вучоная ўганаравана званнем лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, медалём «За працоўныя заслугі», граматамі Савета Міністраў, Мінсельгасхарча, Нацыянальнай акадэміі навук, Мінскага аблвыканкама. Міжнародная акадэмія Баер прысвоіла ёй статус акадэміка. Нядаўна Ядвіга Эдвардаўна паспяхова абараніла доктарскую дысертацыю. Навуковае даследаванне прысвяціла селекцыі і тэхналогіі вырошчвання рапсу.

— Ядвіга Эдвардаўна, у беларускай аграрнай навуцы вы, пэўна, адна з нямногіх жанчын дасягнулі такога высокага звання?

— Прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва складаней, чым мужчынам, уздымацца да запаветнага Алімпа. Тым не менш у гісторыю беларускай аграрнай навукі ўпісаны імёны жанчын. Сярод іх і актыўна дзеючыя дактары сельгаснавук, прафесары: Галіна Уладзіміраўна Пірагоўская, Таццяна Аляксандраўна Анохіна, Тамара Міхайлаўна Булавіна і іншыя. Да вяршынь акадэміка НАН Беларусі ўзнялася генетык Любоў Уладзіміраўна Хатылёва, з якой абменьваемся навуковымі артыкуламі. У нас чатыры сумесныя сарты рапсу. Любоў Уладзіміраўна — вучоны сусветнага ўзроўню, яе адрознівае яснасць розуму, добрапрыстойнае стаўленне да навукі і людзей.

— У чым навізна вашага даследавання?

— Упершыню ў Беларусі распрацаваны навукова-метадычныя асновы селекцыі азімага і яравога рапсу. За гады назіранняў удалося стварыць акалічнасныя калекцыі і сістэмы сартоў. Гэтыя звесткі ўвайшлі ў склад Нацыянальнага банка насення генетычных рэсурсаў гаспадарча карысных раслін і папоўнілі нацыянальную спадчыну. Рапс у нас цяпер стратэгічная культура. Прэзідэнт паставіў задачу штогод атрымліваць яго насення не менш 700 000 тон.

— Якая роля тут адводзіцца навукоўцам?

— Забяспечваць запатрабаванасць у высакаякасным насенні перспектыўных сартоў і ўдасканальваць тэхналогію вырошчвання пры высокай культуры земляробства. Самыя нязначныя парушэнні рэзка зніжаюць вынік. Радуе, што, нягледзячы на санкцыі супраць нашай краіны, у нас няма праблемы з забеспячэннем якасным насеннем сельгаскультур. Удосталь і неабходных сродкаў для навуковых даследаванняў. Наша праца патрабуе фізічных намаганняў. Малагабарытная тэхніка ёсць, але, каб атрымаць найбольш дакладны вынік, абмалочваем ураджай уручную. Заўжды ў маёй сумцы фотаапарат, міні-рыдлёўка, лінейка, ножык, аловак, запісная кніжка, партатыўны прыбор для фіксацыі асноўных паказчыкаў развіцця раслін.

Прыемна, што моладзь ахвотна займаецца навукай. Сем маіх аспірантаў абаранілі кандыдацкія дысертацыі і плённа крочаць далей. Першымі падапечнымі ў мяне былі юнакі з высокім узроўнем тэарэтычнай падрыхтоўкі. Хвосцікам хадзілі за мною і выконвалі ўсё, што загадвала па вучэбнай праграме. На стажыроўцы ў Германіі яны паказалі высокі ўзровень прафесіяналізму. Задача была правільна накіраваць іх у навуцы. Чалавека фарміруе яго характар. Не толькі тыя, хто выдатна вучыўся ў школе, сярэдняй спецыяльнай ці вышэйшай навучальнай установе, ідуць у навуку. Калі ў чалавека ёсць жаданне і імкненне, ён стане вучоным.

— Што вас падштурхнула ў юнацтве выбраць аграрную прафесію?

— Пэўна, радаводныя гены. Мае продкі працавалі на зямлі. Пра­дзед Іван у пачатку мінулага стагоддзя рызыкнуў адправіцца на заробкі ў Амерыку. Вярнуўся і заробленыя грошы выкарыстаў на развіццё ўласнай гаспадаркі. Займаўся жывёлагадоўляй. Прадзед Марцін служыў аграномам у пана. У парніку вырошчваў расаду рапсу і высаджваў у адкрыты грунт, а ў яго цяпліцы раслі ананасы. Дачка яго, мая бабуля Эміля, атрымала адукацыю ў Вільна. Пасля ўсталявання савецкай улады працавала сакратаром сельвыканкама. Запомніліся яе мудрыя словы: «Падалей ад царэй, будзеш цалей». Узгадвала яна, як з дзедам у вайну ўратавалі хворую на тыф яўрэйскую сям'ю, што ў пачатку вайны прыбілася з Браншчыны. Няшчасныя жанчына з дзецьмі і іх бабуля часта хаваліся ад акупантаў на гарышчы. Праз гады пасталелая дачка прыязджала і за выратаванне цалавала бабуліны ногі. Шмат пакут перанеслі мае родныя ў ваеннае ліхалецце. Унукі цікавяцца мінулым. У Год гістарычнай памяці імкнуся больш расказаць ім пра значныя падзеі з жыцця родных. А лёс у іх быў складаны. Непадалёку ад нашай вёскі партызаны ў пачатку вайны ўзарвалі чыгунку. Акупанты арыштавалі ўсіх вясковых мужчын і адправілі ў Асвенцым. Праз гэты канцлагер прайшоў і наш дзядуля. А другому дзеду ўдалося схавацца. Пасля прыходу Чырвонай арміі ў 1944 годзе з парай уласных коней ён адправіўся на фронт. Коні цягалі пушкі, палявую кухню. Ад выбуху снарада дзеда кантузіла. З фронту ён вярнуўся з баявымі медалямі за вызваленне Варшавы, Прагі, узяцце Берліна.

— Амаль восем дзесяцігоддзяў пасля вайны над нашай зямлёю мірнае неба. Апошнім часам стала неспакойна ў свеце. Ідзе перадзел сфер уплыву. Момант надзвычай цяжкі, але і спрыяльны для нарошчвання аб'ёмаў вытворчасці сельгаспрадукцыі. Як гэта выкарыстоўваеце ў навуковай дзейнасці?

— Прэзідэнт адзначыў, што не варта чакаць лепшага часу. Працуем напружана, каб павялічваліся аб'ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі. Галоўнае — не ўпусціць магчымасць пашырыць рынкі яе збыту. Поспех у многім залежыць ад лагістыкі. Гэтаму варта павучыцца ў кемлівых продкаў. Мой прадзед Іван Кулеш вырошчваў свіней і па Нёмане дастаўляў мясную прадукцыю на клайпедскі рынак. Землякі прадавалі лён нямецкім купцам. Так і ў наш час важна замацавацца на сусветным рынку сельгаспрадукцыі.

З пашырэннем плошчаў пад вырошчванне рапсу наладжана вытворчасць алею гэтай прыбытковай і імпартазамяшчальнай культуры. Тры дзесяцігоддзі таму заходнееўрапейскія калегі прадказвалі, што на беларускіх землях азімы рапс не мае перспектывы. Але час даказаў адваротнае. У Дзяржаўны рэестр за кароткі тэрмін унесена больш як 40 айчынных сартоў і гібрыдаў азімага і яравога рапсу, атрымана больш за 50 патэнтаў на сарты і вынаходніцтвы. Агульная плошча яго перавышае 400 тысяч гектараў. Нашы навуковыя дасягненні ў селекцыі алейнай культуры прызнаны ў замежжы, а сарты яе не ўступаюць еўрапейскім па якасных паказчыках і ўраджайнасці. Па перанясенні маразоў і засухі, хваробаўстойлівасці нават пераўзыходзяць. Усё гэта — вынік нашай сумеснай працы з акадэмічнай навукай: генетыкай і цыталогіяй, мікрабіялогіяй, эксперыментальнай батанікай, інстытутам фізіка-хімічных праблем БДУ.

— А як разумець той факт, што на палях заўважна доля замежных сартоў рапсу?

— Гэта як у прымаўцы: «Хаця б крывую і сляпую, але не сваю». Нашы сарты пры пільнай тэхналогіі вырошчвання даюць добры вынік. У смалявіцкім ААТ «Шыпяны» летась з кожнага гектара намалацілі па 46 цэнтнераў насення рапсу. Высокую ўраджайнасць яго айчынных сартоў атрымліваюць і ў іншых гаспадарках. Як сведчыць статыстыка, кожны трэці гектар рапсу ў рэспубліцы засяваецца насеннем замежнай селекцыі. А валавы збор не павялічваецца. Тут ёсць над чым задумацца.

— Чаму так атрымліваецца?

— Замежныя гібрыды менш стабільныя, бо не настолькі акліматызаваныя да нашых умоў. На раяніраванне культуры патрэбна амаль паўтара дзесяцігоддзі. Штогод адбіраюцца лепшыя экзэмпляры раслін. У гэтым дапамагае сама прырода. Але асноўная роля тут у селекцыянераў. Нашу працу можна параўнаць з заняткам іхтыёлагаў, якія трымаюць кракадзіла за хвост і накіроўваюць па вызначаным курсе. Своечасова адбіраецца лепшае насенне, праходзіць ацэнку, даводзіцца да кандыцыі і размнажаецца.

Кожны год з дапамогай спецыяльных прыёмаў і прыбораў вызначаем генатыпы з высокай устойлівасцю да маразоў і засухі. Дзесяцігоддзе спатрэбілася на адаптацыю высокаўраджайнага сорту рапсу «імперыял». Але цяпер ён займае штогод звыш 70 тысяч гектараў пасеваў гэтай культуры ў рэспубліцы. У перадавых гаспадарках дае да 50 цэнтнераў насення з гектара. На нашай доследнай дзялянцы атрымлівалі амаль у два разы большы намалот. У гады з добрай зімоўкай ураджайнасць рапсу ў сярэднім па краіне амаль на еўрапейскім узроўні. На сусветным рынку кошт тоны яго насення набліжаецца да 1000 долараў. Гэта чорнае золата. Рапсавы алей даволі карысны прадукт. Выпечаны на ім хлеб доўга не чарсцвее.

— Перад беларускімі селекцыянерамі стаяць амбіцыйныя задачы. За больш як 30 гадоў навукова-практычнай дзейнасці на вашым рахунку аўтарства звыш 50 сартоў і гібрыдаў азімага і яравога рапсу, двух сартоў свірэпіцы азімай і столькі ж гарчыцы белай. Вамі падрыхтавана больш за 200 навуковых артыкулаў і чатыры манаграфіі. Вы кіруеце навуковым аддзелам. А дома вас чакае сям'я. Як удаецца з усім спраўляцца?

— Калі ёсць жаданне, усё атрымаецца. Навука стала сэнсам майго жыцця. З навуковымі дакладамі выступаю на міжнародных спецыялізаваных форумах. Даклады рыхтую ў асноўным на роднай мове. Навукай займаецца і муж Мікалай Уладзіміравіч. Ён таксама доктар сельгаснавук, даследуе кормавытворчасць у НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі. Па жыцці разам крочым са студэнцкіх гадоў. Вучоба ў сельгасінстытуце нам давалася лёгка. Усе сесіі здавалі на выдатна. За поспехі ў вучобе і грамадскую дзейнасць мне вызначылі Ленінскую стыпендыю. Узначальвала навукова-тэхнічнае студэнцкае таварыства і савет выдатнікаў інстытута.

Пасля атрымання дыпломаў пажаніліся. Чатыры навагоднія дні ўся вёска Урцішкі гуляла на нашым вяселлі. На Іўеўшчыне прынята было наймаць вясельных спявачак. Яны праймалі да слёз спевамі пра развітанне нявесты з бесклапотнымі дзявочымі гадамі. Усе дні таксама не змаўкалі два акардэоны і бубен. Абурыла мяне пажаданне аднаго з гасцей: «Каб ногі насілі, хлопцы прасілі і не было сілы адмовіць!» Паскардзілася бабулі Эмілі, якая сядзела побач на покуці. На маю крыўду яна толькі ўсміхнулася і патлумачыла: каб ногі насілі — гэта пажаданне здаровай быць; каб хлопцы прасілі — зычаць заставацца прыгожай і быць добрай па жыцці.

Мае веды значна абагаціла вучоба ў аспірантуры БелНДІ земляробства. Тры гады займалася селекцыяй алейнай рэдзькі ў аршанскай гаспадарцы «Вусце». І муж праводзіў навуковыя даследаванні. Напярэдадні нараджэння сына ён абараніў кандыдацкую дысертацыю. На другі год і я стала кандыдатам сельгаснавук. А калі нарадзіла дачку, не ўтрымалася і праз паўгода выйшла на працу. Душа балела за доследы, якія праводзіла на палях. Апраналася па-працоўнаму, брала з сабою ў легкавік дзяцей ды імчала на доследнае поле ўручную абмалочваць пасевы рапсу. Вечарамі рыхтавала навуковыя артыкулы для спецыялізаваных часопісаў.

Незаўважна выраслі сын Сяргей і дачка Вераніка, атрымалі вышэйшую адукацыю, маюць свае сем'і. У нас трое ўнукаў. Старэйшая Хрысціна заканчвае першы курс сталічнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Аляксей — школьнік, а меншаму Лявонку чацвёрты год. З мужам шмат увагі надавалі выхаванню дзяцей, а цяпер і да ўнукаў так ставімся. Усе разам ездзілі ў Хатынь. Мемарыял кранае да слёз.

— Ядвіга Эдвардаўна, ваш самы шчаслівы дзень у жыцці?

— Калі нарадзіла першынца. Марыла пра дачку, а Бог даў сына. Ні з чым не параўнаць пачуццё мацярынства. Ва ўсе вякі роды мяжуюць з вялікай рызыкай. Маці праводзяць дочак у радзільню, як на фронт. Усе перажываюць, і я перад родамі трымцела. Затое колькі потым радасці і пяшчоты да новароджанага!

— Першым на нашых палях вясною зацвітае азімы рапс. Якое пачуццё агортвае вас на квітнеючым полі?

— У такі час магу гадзінамі любавацца жоўтым абшарам поля з гудзеннем пчол. Калі на пяці квадратных метрах пасеваў рапсу іх не меней пятнаццаці, будзе прыбаўленне ўраджаю. Для мяне квітнеючае поле — святая святых. Мне прапаноўвалі кіруючыя пасады, але не магу здрадзіць доследнаму полю. Прысуджэнне Дзяржаўнай прэміі, а цяпер і абарона доктарскай дысертацыі дадалі настрою ў працы. Вялікае шчасце быць запатрабаванай і працаваць на роднай беларускай зямлі.

subbat50@mail.ru

Фота Вадзіма РАЖКОВА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter