Зачынiцца ў сабе — значыць зачынiцца ад усяго свету

Жыхар Бабруйска Iван Цiкавы, у якога дача ў вёсцы Шчаткава, апрацоўваў участак. Капануў углыб – бачыць: чалавечыя косцi. Пачаў ён даследаваць тое месца i знайшоў круглы жэтон, патроны i стрэляныя гiльзы ад нямецкага аўтамата, рэшткi расчоскi, шкельцы ад акуляраў...

Жыхар Бабруйска Iван Цiкавы, у якога дача ў вёсцы Шчаткава, апрацоўваў участак. Капануў углыб – бачыць: чалавечыя косцi. Пачаў ён даследаваць тое месца i знайшоў круглы жэтон, патроны i стрэляныя гiльзы ад нямецкага аўтамата, рэшткi расчоскi, шкельцы ад акуляраў, дзве савецкiя манеты... 

Вестка пра знаходку хутка абляцела вёску. Першай на яе адрэагавала суседка Цiкавага Анастасiя Шыкуць. Успомнiла, як задумвалi ставiць лазню ў канцы ўчастка, а iх папярэдзiлi, каб не рабiлi гэтага. Маўляў, там пахаваны нямецкi салдат. Месца не чапалi. Яно пакрысе зарастала кустоўем. А немец той, па словах свякрухi Анастасii, памёр ад ранення. Нашы салдаты вялi групу палонных. I гэты салдат у  той групе быў. Ён выбiўся з сiл. Прысеў на лавачку i памёр. Мясцовыя жыхары аднеслi яго цела ў акоп i закапалi. 

— Акопаў вакол вёскi было шмат, — расказвае яшчэ адна шчаткаўская жыхарка Яўгенiя Маеўская. — Немцы трымалi тут абарону ў чэрвенi 1944 года. Нагналi салдат, усялякай тэхнiкi, але гэта iм не дапамагло. Нашы як далi жару, дык ворагi не ведалi куды падзецца. Трупы iх скiдвалi ў ямы i засыпалi. Колькi такiх магiл у ваколiцах Шчаткава, цяжка i сказаць... 

Якраз па лiнii гэтай вёскi звужаўся Бабруйскi кацёл, у якi ў чэрвенi 1944 года трапiла саракатысячная нямецкая групоўка. Нямногiм удалося вырвацца з акружэння... 

Вось як апiсвае падзеi таго часу аўстрыйскi грамадзянiн Ота Вiнцыг, якi даслаў свае ўспамiны ў гарвыканком: «У раёне вёскi Шчаткава мы думалi прарвацца, але як наляцела савецкая авiяцыя, i за лiчаныя хвiлiны ўсё ператварылася ў сапраўднае пекла: аўтамабiлi з боепрыпасамi ўзрывалiся ад прамых пападанняў разам з санiтарнымi машынамi, перапоўненымi раненымi. Конi ўздымалiся на дыбкi, спалохана ржалi... Зноў i зноў вухкалi бомбы, i ўсюды чулiся крыкi: «Ратуйся, хто як можа!» I кожны, хто ўцалеў цi атрымаў раненнi, спрабаваў бегчы адсюль... Пасля таго бомбавага ўдару ўжо не заставалася нiякага нямецкага супрацiўлення – асобныя групкi салдат, якiя спрабавалi прабiцца на захад...» 

Нямала i нашых байцоў палегла на полi бою. Шасцёра ўдастоiлiся звання Героя Савецкага Саюза. 

На перазахаваннi нямецкiх салдат сёння ўсё часцей настойваюць урад ФРГ, нямецкiя ветэранскiя арганiзацыi. Маўляў, ужо ёсць нямецкiя могiлкi ў Расii – пад Валгаградам i Варонежам, у iншых месцах. Узнiмалася пытанне стварэння такiх i ў раёне Шчаткава. Магiлёўскi аблвыканком нават адпаведнае рашэнне прыняў. Аднак на яго неадназначна адрэагавалi ветэраны вайны. 

Моладзь, трэба сказаць, ужо iнакш глядзiць на падзеi таго часу. Яна за гуманiзм, наладжванне добрасуседскiх адносiн, кантакты. Зачынiцца ў сабе – значыць зачынiцца ад усяго свету. 

Нiхто не супраць, калi родзiчы загiнуўшых немцаў, у тым лiку i салдата, астанкi якога адкапалi ў Шчаткаве, наведаюцца ў нашу краiну, каб ушанаваць памяць блiзкiх. Нямецкiх салдат прымусова гналi на фронт, былi сярод iх i антыфашысты, якiя не прымалi авантурную палiтыку Гiтлера... 

Трэба жыць не мiнулым, а будучым. I не паўтараць гiстарычных памылак. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter