На заключны этнаканцэрт года з цыкла «Рух зямлi» у Брэст прыехалi клектывы с Пiншчыны i Столiншчыны

Зачараваныя Палессем

Сапраўднымі палескімі вячоркамі парадавала жыхароў Брэста заключная імпрэза года з цыкла «Рух зямлі», які ладзіць абласны грамадска-культурны цэнтр. Госці з Пінскага і Столінскага раёнаў – фальклорна-этнаграфічныя калектывы «Чабатухі», «Дударыхі», «Грымата» і «Церабяначкі» — нікога не пакінулі абыякавым. Хто з гледачоў падпяваў вясковым артысткам, а хто і слязу змахваў, успамінаючы бабуль з дзядулямі, якія і гаварылі так, і апраналіся так на святы ў царкву.


Пачынаецца год — і мы святкуем Нараджэнне Хрыстова, затым Каляды, Шчодрыкі, Купалле, Зажынкі, Дажынкі, Піліпаўку… Аўтар праекта, начальнік аддзела традыцыйнай культуры АГКЦ Ларыса Быцко, запэўніла, што і ў наступным годзе «Рух зямлі» не спыніцца. З 2009 года ў адпаведнасці з народным календаром на сцэне культурнага цэнтра яна паказала Брэсту больш за 40 калектываў. Старажытныя абрады, рамёствы, песні продкаў, строі з самай глыбінкі... 

На гэты раз мы ўбачылі, як на Піншчыне рыхтаваліся да правядзення вясельнага абраду. Звычайна вяселле гулялі ўжо пасля збору ўраджаю, восенню. Цеста для каравая ставілі ў пятніцу. У старадаўняй дубовай бочцы – дзяжы. Каб жыццё маладых было шчаслівым і доўгім, не шкадавалі свежых яек, духмянага масла, пшанічнай мукі і цукру. Старанна вымешваючы цеста, гаспадыня з сяброўкамі спявалі абрадавыя песні. Потым клалі падышоўшае цеста на капусны ліст. І на драўлянай лапаце — у печ. Пакуль каравай набіраў на вуголлі сілу і духмяны пах, можна было крыху пасядзець, успомніць былое, паспяваць і нават патанчыць.

Не абышлося на этнаканцэр­це без дэгустацыі. Гледачоў паляшучкі пачаставалі вясельнымі стравамі, што прыгатавалі і прывезлі ў Брэст. 

Шмат, скажу вам, было на гэтым канцэрце вясёлых момантаў — вясковыя жанчынкі пачуццём гумару не абдзеленыя, але і сум быў: пасля іх – хто? Пойдуць яны з жыцця, каму захоўваць традыцыі?


Ларыса Быцко звярнула ўвагу на фальклорна-этнаграфічны гурт «Церабяначкі» з вёскі Церабень Пінскага раёна:

— Калектыў створаны вясковымі жанчынамі, гэта сапраўдны фальклор, архаічныя спевы, з балота выскрабленыя. З-за асаблівасцей навакольнага ландшафту вёска доўгі час была даволі ізаляванай, што садзейнічала захаванню старажытных песень.

З 2009 года ў культурным цэнтры Брэста шмат хто гасціў. Давыд-гарадоцкі абрад «Конікі» быў тут на Шчодры вечар, 13 студзеня. Былі купальскія «Іванавы ягады» ў вы­кананні дзяўчат з вёскі Хаціслаў і «Дажынкі» з абрадам заплятання «барады» ад жыхарак Пажэжына (абодва калектывы з Маларыцкага раёна). Толькі на Палессі захаваўся абрад «Ваджэнне Кусты». Яго мы ўбачылі ў выкананні народнага фальклорнага аб'яднання «Світанак» Дзятлавіцкага СДК Лунінецкага раёна. Гурт «Багатуха» з вёскі Камень Пінскага раёна таксама паказваў «Кусту», але крыху па-іншаму. Мы пазнаёміліся з адмысловай ткачыхай Сцепанідай Сцепанюк з Маларыцкага раёна. На шчасце, на Драгічыншчыне захаваўся рэдкі карагод «Стрылка», якi ладзіцца да гэтай пары штогод на Вялікдзень у вёсцы Бездзеж. Юр'е як свята пастухоў паказала народная фальклорна-этнаграфічная група «Суседкі» з вёскі Перасудавічы Бярозаўскага раёна пры падтрымцы фальклорнага калектыву «Жаўручкі» са Спорава. Добра ўпісаліся ў святочны кругаварот беларусы з польскага Падляшша. Маладзёжны ансамбль «Жэмэрва» паказаў, як у іх родных Студзіводах выпраўлялі да вянца маладую. Ну і гэтак далей. 

Ларыса Быцко лічыць, што на Брэстчыне і Гомельшчыне (галоўным чынам на Палессі), як нідзе ў Беларусі, захаваліся фальклор і традыцыйныя рамёствы. Як іх не страціць? Тэма – для асобнага артыкула, можа, нават і кандыдацкай дысертацыі. Разважаннні разважаннямі, але без падтрымкі на дзяржаўным узроўні вясковая культура сыдзе разам з яе носьбітамі. Сёння ў Спісе нематэрыяльнай спадчыны Беларусі ад Брэсцкай вобласці абрадавы карагод «Стрылка» (в. Бездзеж, Драгічынскі р-н), танец «Спораўская полька» (в. Спорава, Бярозаўскі р-н), абрад «Намскі Вялікдзень», які праводзіцца ў вёсцы Обрава Івацэвіцкага раёна. І рамёствы – птушка-абярэг з Бярозы, падвойнае ткацтва, якое захавалася ў вёсцы Падбела Камянецкага раёна, ганчарнае мастацтва з вёскі Гарадная Столінскага раёна і «Драўляны народ» разьбяра Мікалая Тарасюка з Пружанскага раёна. Ёсць прапанова ўключыць у спіс палескае бортніцтва і касцюм свахі з вёскі Лелікава Кобрынскага раёна. Чаму б і не, пакуль не страчана? 

Valentinak3@mail.ru 

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter