Зачараванне

Хто думае, што зіма аднастайная пара года, глыбока памыляецца

Калі хто-небудзь думае, што зіма надта аднастайная пара года, ён глыбока памыляецца. Трэба ў выхадныя сабрацца і выехаць на прыроду, за горад, стаць на лыжы. Там, на лузе, у полі, у лесе, — сваё жыццё, цікавае і рознае. Нават свае, часам нечаканыя гукі, колеры, варта толькі нетаропка крочыць у гэтым белым царстве, уважліва глядзець навокал, слухаць, і тады...

Белы шолах

Паволі крочу па нешырокай дарозе, абапал якой пасаджаны ясені. Тут ім свабодна і прывольна, вось і выраслі моцныя, разгалістыя, быццам жывы паркан уздоўж дарогі. Усюды многа снегу, белая прастора разляглася ў чыстых некранутых шатах. Нічым не парушаная ўрачыстая і спакойная цішыня, здаецца, ёю заварожаныя дрэвы, кусты, наваколле. Да самай блізкай вёскі адсюль з кіламетр, ніякіх гукаў і тлуму.

І раптам — што гэта такое? Да майго слыху даляцеў лёгкі, ціхі шолах. Я спыніўся і прыслухаўся. Так, у паветры трымаўся нейкі зусім мне незразумелы і нечаканы ў гэтай прыроднай маўклівасці шолах, далікатны, нясмелы, быццам чымсьці спалоханы, калі так можна сказаць пра гук, пачуты мною. Адкуль ён? Уважліва азіраюся па баках і не магу ўцяміць, што ж такое прыдумала зіма...

Ага, здаецца, шолах даносіцца ад вялікага ясеня з шырокай кронай. Падыходжу да гэтага дрэва бліжэй, прыслухоўваюся — так і ёсць, шолах нараджаецца тут. На галінах ясеня ўчэпіста трымаецца з лета крыху лісця, яно і шапоча пад ветрам. Калі суцішна, то і ніякага гуку. А як толькі ветрык павее — крона ясеня злёгку ўздрыгвае, лісце залапоча.

Тут раптам вецер ірвануў з большай сілай, паляцела лёгкая празрыстая снегаверць, галіны ясеня неспакойна задрыжэлі, лісце на іх трывожна затрымцела. Шолах перамяшаўся з гэтай кругаверцю, і мне падалося, што ён мае белы колер. Вось так: чысты белы шолах, быццам загадкавая мроя.

Насустрач мне ідзе знаёмы, мясцовы старажыл. Ага, думаю, скажу яму пра гэты маленькі прыродны цуд. Відаць, пасмяецца з мяне, дзівака. Ну і што...

— Дзядзька, паслухайце, як «галосіць» ясень.

Мужык спыняецца, глядзіць на мяне, потым пераводзіць свой позірк на ясень. Нейкі момант маўчыць, быццам да чагосьці прыслухоўваючыся.

— Чаму «галосіць»? — здзіўляецца. — Мне, наадварот, вельмі падабаецца такі яго голас. Кожны раз, калі зімою іду па гэтай дарозе, так і карціць «пачуць» ясень. Вось зараз толькі гэты адзін шапоча, а бывае, як вецер падзьме з другога боку, дык і астатнія ясені «загамоняць».

І тады гэтая прамерзлая мясціна ажывае. Ат, вам, гарадскім жыхарам, такое няўцям, а мне цікава. Добра, што і вы пачулі. Што, у вёсцы нарадзіліся і выраслі?

— Так, у вёсцы, і яна сярод лясоў і балот.

— Гэта і відаць. Бачыце, мароз скаваў ясень, а ён жыве, падае нам свой голас...

Мужык нетаропка пакрочыў па дарозе, і мне здалося, што ён зусім не спяшаецца пакінуць гэтае месца. Пэўна, як і я, зачараваны белым шолахам...

Елачкі-модніцы

Маладыя, зграбныя елачкі — бы тыя вясковыя дзяўчаты-модніцы, якія выхваляюцца адна перад другой. І перад людзьмі таксама. Іх тут шмат абапал дарогі, на ўскрайку блізкага лесу. Вось адна акуратна развесіла на сваіх галінах белыя карункі з чыстага снегу. Яна ў зацішку, ветру сюды не дабрацца, і такое ўбранне на елачцы трымаецца доўга.

Другая — быццам тая Снягурачка, што радуе дзяцей на Новы год. Шыкоўнае белае футра, з якім елачка ніяк не растанецца.

Ага, маладыя елачкі не толькі модніцы, але і вялікія арыгіналкі. Часам фанабэрыстыя. I ўсё для таго, каб звярнуць на сябе ўвагу. Вось цэлая іх вясёлая сямейка ў белых вэлюмах. Ды што такое: адна маленькая елачка выставіла напаказ свае зялёныя галінкі-косы, на якіх амаль няма снегу.

Стаю і гадаю, як гэта можа быць. Заверашчалі злосна сарокі на суседнім дрэве. Пэўна, сядзелі яны на гэтай самай елачцы і стрэслі з яе снег. А дрэўцу, можа, і прыемна: маўляў, глядзіце, людзі, які прыгожы зялёны ўбор мне падаравала прырода. Не хачу, каб яго хаваў снег, хачу быць такой, як улетку...

Такія сустрэчы поўныя здзіўлення і зачаравання. Чым жа, скажыце, не казачная зіма.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter