Забыцца на адзiноту

— Лена – мае рукі і ногі, – кажа пра сацыяльнага работніка Алену Карлоўскую яе падапечная Настасся Міронаўна. — І чалавек яна вельмi добры. Калі б не яна – людзей я не бачыла б, а мо нават і памерла б… Бабцы Насці з вёскі Губічы Буда-Кашалёўскага раёна 82 гады. Нават па хаце яна ходзіць з цяжкасцю, трымаючыся рукамі за сцяну. Што ж казаць пра заняткі гаспадаркай – не можа нічога рабіць… Дзяцей у бабы Насці няма. Ёсць, праўда, пляменнікі, ды жывуць далёка, прыязджаюць рэдка. Адна радасць — Лена… Яна і ў хаце завіхаецца, і, калі трэба, дамовіцца, каб паліва прывезлі, вопратку з гуманітарнай дапамогі прынясе ды проста пасядзіць, паразмаўляе, каб гаспадыні не было сумна.
Акрамя Настассі Міронаўны, сацыяльны работнік Алена Карлоўская абслугоўвае яшчэ 6 адзінокіх састарэлых. Да кожнага трэба двойчы на тыдзень прыйсці і зрабіць асноўную працу па гаспадарцы. А на вёсцы праца не тое, што ў горадзе: вады нацягаць, дроў прынесці, грубку затапіць, попел прыбраць… Бабулькі яшчэ якую-ніякую жывёліну трымаюць: дзе — курам даць, дзе — парсючку… Той, хто думае, што хлеб сацыяльнага работніка лёгкі, памыляецца. Са старымі ды хворымі без сэрца, душы нельга. Падапечныя сацыяльных работнікаў — людзі, што называецца, з характарам. У кожнага – свой лёс, і часцей за ўсё нялёгкі. Свае звычкі, інтарэсы… Да кожнага патрэбны асаблівы падыход. Буда-Кашалёўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва абслугоўвае дома 279 чалавек. Штат сацыяльных работнікаў – 78. Але толькі 17 працуюць на стаўку, 9 – на палову, астатнія – “дагаворнікі”. — Для нас было б ідэальным варыянтам, каб усе нашы сацыяльныя работнікі працавалі на стаўку. Так лягчэй арганізоўваць і кантраляваць іх працу, – расказвае начальнік упраўлення па працы і сацыяльнай абароне Буда-Кашалёўскага райвыканкома Алена Алексіна. – Але раён наш сельскагаспадарчы, населеныя пункты быццам бы “раскіданы” ў розных яго кутках нераўнамерна. Шмат зусім маленькіх вёсачак, у якіх жыве пару дзесяткаў старых, і нікога болей… Так што далёка не заўсёды атрымліваецца браць сацыяльнага работніка на стаўку. Чалавек проста фізічна не паспее абслугоўваць людзей у розных населеных пунктах. І самае лепшае выйсце з гэтай сітуацыі – праца па дагаворы. Нягледзячы на тое, што 5 тысяч пенсіянераў Буда-Кашалёўскага раёна маюць пенсіі ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму, развіваюцца ў раёне і платныя сацыяльныя паслугі. На платным абслугоўванні — 101 чалавек. Першапачаткова, калі платныя паслугі толькі пачыналі развівацца, каля сотні чалавек адмовіліся ад іх. Але прайшоў пэўны час, і большая частка вярнулася на надомнае абслугоўванне. Яны зразумелі, што праца, якую выконваюць для іх сацыяльныя работнікі, каштуе грошай. Цяжэй за ўсё, бадай, тым пенсіянерам, чыя пенсія перавышае бюджэт пражытачнага мінімуму на 1—2 тысячы. На бясплатнае абслугоўванне яны не маюць права, а аплаціць яго ім дорага. І зноў на дапамогу прыходзіць сацыяльная служба. Калі паводле заключэння медыкаў чалавеку сапраўды патрэбны догляд, камісія тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання ставіць пытанне аб пераводзе яго на бясплатнае сацыяльнае абслугоўванне. Канешне, падобныя выпадкі выключныя, і трэба на іх рашэнне райвыканкома. Вывучаецца ўсё: ці ёсць у пенсіянера дзеці, калі ёсць, то дзе яны жывуць, чаму не могуць дапамагаць бацькам… Але вынікі гэтай працы відавочныя: літаральна з 1 сакавіка рашэннем выканкома прынята перавесці на бясплатнае надомнае абслугоўванне 15 адзінокіх пенсіянераў раёна. Дарэчы, атрымаць сацыяльную дапамогу, вядома ж за плату, могуць і тыя, хто не ўключаны ў надомнае абслугоўванне. У будынку цэнтра я пазнаёмілася з жанчынай, якая даведалася пра створанае тут аддзяленне тэрміновай сацыяльнай дапамогі. Ёй трэба было перанесці і скласці дровы. Гэта якраз праца для двух мужчын, якія працуюць на “хуткай сацыяльнай дапамозе”. Для мужчынскіх рук заказы заўсёды ёсць: паліцу прыладзіць, шыбу ўставіць, пафарбаваць, патынкаваць, шпалеры паклеіць… — Я ім так удзячна! Усё склалі, выпісалі квітанцыю на 4 тысячы і нават адмовіліся ад чаркі гарэлкі, – даверліва распавяла мая суразмоўнiца. І дадала: – Абавязкова запрашу іх яшчэ дровы распілаваць ды плот паправіць. Але клапоцяцца сацыяльныя работнікі не толькі пра быт сваіх падапечных. У іх задачу ўваходзіць і арганізацыя вольнага часу. Штомесяц тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнай дапамогі насельніцтву разам з сельсаветамі праводзіць своеасаблівы клуб для пажылых людзей “Завалинка”. Мерапрыемствы клуба кожны раз праходзяць у розных населеных пунктах. Рыхтуюцца да “Завалинки” як да свята і мясцовая мастацкая самадзейнасць, і сельсаветы. На адной такой “Завалинке” мне пашчасціла быць сведкай сустрэчы двух чалавек, якія, жывучы ў адным раёне, не бачыліся дзесяцігоддзі. Валанцёр тэрытарыяльнага цэнтра пенсіянер Мікалай Іосіфавіч Лукашэнка, які паўсюль ездзіць з “Завалинкой”, спявае песні, акампаніруючы на гармоніку і балалайцы, пазнаў у маленькай бабульцы, якая прыйшла на мерапрыемства, сваю былую настаўніцу. Колькі было ўспамінаў! Пра школу, агульных знаёмых, пра тое, як яна, тады яшчэ зусім дзяўчо, вучыла хлопцаў танцаваць... ...Ніхто не можа застрахавацца ад адзіноты. Таму ўсё, што мы, маладыя, робім для старэйшага пакалення, становіцца тым залогам, на які мы можам разлічваць у сваёй старасці. Бо калі сёння не падаць руку дапамогі, ці можна спадзявацца на яе ад кагосьці ў будучынi?
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter