Забытая пазыка

Як вярнуць грошы, якiя мы аддаем сябрам, суседзям, знаёмым?

Як вярнуць грошы, якiя мы часам з лёгкасцю аддаем сябрам, суседзям, знаёмым?

Неяк да жыхара Кiраўскага раёна падкацiў адзiн з перагоншчыкаў аўтамабiляў: маўляў, прыганю «тачку» з Германii на добрым хаду, давай чатыры тысячы «зялёных». Мужчына падумаў-падумаў, усё ж грошы немалыя, i аддаў iх. Тым больш даўно ведаў перагоншчыка, не павiнен ён падвесцi! Той паехаў. Вяртаецца назад, але пазбягае сустрэчы з крэдыторам. Давялося яго пiльнаваць: высветлiлася, што ён пабiў машыну па дарозе. Грошы быццам бы абяцаў вярнуць, але i па сённяшнi дзень аддае... Атрымалася, што мужчына паверыў перагоншчыку на слова, не ўзяў нiякiх пацвярджальных дакументаў, так i застаўся i без грошай, i без аўтамабiля...

— А мяне, — расказвае бабруйчанка, дарэчы, выхавальнiца прыёмных дзяцей, — падманулi двойчы... Як атрымалася? Я ў свой час займалася дробным бiзнесам: закупляла ў Маскве верхняе адзенне i прадавала яго ў нашым горадзе. Сякую-такую капейку мела. А тут адна знаёмая i давай прасiць: «Пазыч тры тысячы долараў, мы на ногi станем, табе iх аддадзiм». Ну я i пайшла ёй насустрач. А гэта мая знаёмая разам з мужам неўзабаве перабралася ў Расiю на пастаяннае жыхарства. На пазыку i «забылася»...

Я стала напамiнаць, i калi не было рэакцыi ў адказ, падала iскавую заяву ў суд. Арыштавалi iх дом у Бабруйску. Яны да мяне: маўляў, здымi арышт, прададзiм дом i вернем табе грошы. I зноў падманулi... Давялося другi раз звяртацца ў суд, якi абавязаў iх выплацiць пазыку. Вось ужо некалькi гадоў: то вышлюць грошы, то «забудуць»... Так за маю дабрыню адплацiлi, таму трэба сто разоў падумаць, перш чым каму даверыцца ў грашовых справах!

Прыгадаю яшчэ адзiн абуральны факт: кiраўнiк аднаго з гаспадарчых суб’ектаў горада прымусiла сваiх работнiкаў браць у банку крэдыты i аддаваць ёй. Быццам бы на патрэбы вытворчасцi. «Потым, — гаварыла, — разлiчуся». Людзi, баючыся, што iх звольняць, выконвалi патрабаваннi начальнiцы. А тая ўвайшла ў раж, некалькi гадоў вось так трымала сваiх падначаленых у фiнансавых ланцугах: пазыка вылiча-лася дзясяткамi мiльёнаў рублёў. Да той пары, пакуль людзi не сталi звяртацца ў кампетэнтныя органы за такiя яе дзеяннi. Адбыўся суд, былая кiраўнiца села за краты i яшчэ доўга не ўбачыць волi...

Такiх фактаў «вазьму – i не аддам», як паведамiлi ў гарадской пракуратуры, шмат: у фiнансавых завязках аказваюцца далёкiя i блiзкiя родзiчы, знаёмыя, суседзi... Адкуль, iнакш i не скажаш, сапраўдная навала? Наш хуткаплынны час яе прынёс, многiя пазычаюць значныя сумы, каб мець выгаду, адкрыць нейкую сваю справу, а потым «прагараюць»... Што рабiць? Вось i «забываюць» аб сваiх фiнансавых абавязках. Ды i мы сталi менш патрабавальнымi да сябе, сваiх i чужых дзеянняў i ўчынкаў. Але ж узяў грошы – аддай!

Яшчэ нядаўна некаторыя, каб вярнуць пазыку, звярталiся да крымiнальных элементаў, розных сумнiўных асоб, якiя праз насiлле выбiвалi грошы. Не лепшы спосаб, бо, па-першае, нярэдка самi траплялi пад уплыў «выбiвалаў», тыя высмоктвалi з iх апошняе; па-другое, падобнае выбiццё караецца законам i можа дрэнна скончыцца.

Таму трэба звяртацца ў суд: калi не ўдасца вярнуць грошы, маёмасць апiшуць, арыштуюць грашовыя рахункi. Праўда, трэба прызнаць, што тут i заканадаўства да канца не адпрацавана: запазычанасць могуць вяртаць на працягу значнага перыяду. А з iншага боку, як адразу вярнуць патрэбную суму: браць новую пазыку?

Так што, трэба ведаць, каму аддаваць грошы, цi змогуць iх вам вярнуць. А калi ўжо наважылiся на гэты крок, дык пры сведках з чалавека трэба ўзяць распiску, завераную натарыусам. А лепш за ўсё адпраўляць патэнцыяльных пазычальнiкаў у банк, дзе дакументы аформяць належным чынам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter