У чыжоўскіх джунглях пачалі чысціць пер`е пасля зімы

Заапарк вясновага перыяду

Рэзкае пацяпленне ўзбадзёрыла гадаванцаў Мінскага заапарка. Звяры песцяцца ў першых промнях сонца, а птушкі віюць гнёзды. Карэспандэнт «Р» схадзіла ў заапарк і даведалася, калі цеплалюбівыя жыхары пераедуць у летнія кватэры.

Яркае пер’е спатрэбіцца птушкам падчас шлюбных заляцанняў і цырымоній

Першае, на што звяртаеш увагу пры ўваходзе ў заапарк, — птушкі на ўсе галасы кракаюць, вухкаюць і свішчуць. Мітусня тлумачыцца тым, што на календары сакавік — час гнездавання драпежных птушак. Першымі за справу ўзяліся белаплечыя арланы. У іх вальеры стаіць падстаўка для гнязда, на якую самец і самка актыўна цягаюць галінкі. Супрацоўнікі заапарка таксама падкладваюць арланам заечыя шкуркі. Імі птушкі ахвотна ўцяпляюць будучае гняздо. Пакуль на дрэвах няма лісця, ужо можна ўбачыць яго абрысы.

Сталяр-цясляр Аляксандр ЗАРЫЛАЎ і вядучы заатэхнік Аляўціна ЦІМАШКОВА-КРАСОЎСКАЯ рыхтуюць домікі для птушак

— Каб арланы размнажаліся, з пачатку зімы іх пачалі падкормліваць чырвонай рыбай, без наяўнасці якой у рацыёне яны наогул не размнажаюцца. Кладка яек у іх пачнецца ў сакавіку — красавіку. Наогул, у перыяд размнажэння ўсю драпежную птушку пераводзім на жывы корм, — тлумачыць метадыст Мінскага заапарка Наталля Мыслейка.

Пугачы таксама збіраюцца віць гняздо. Праўда, пакуль не вырашылі дзе. Альбо на паліцы ў вальеры, альбо ў выкапанай ямцы на зямлі. А вось стэпавыя арлы ў натуральным асяроддзі робяць гнёзды толькі на зямлі, але ў заапарку ім лепей віць гняздо на палічцы.

Пугачы збіраюцца віць гняздо, праўда, пакуль не вырашылі дзе: альбо на паліцы ў вальеры, альбо ў выкапанай ямцы на зямлі.

З прыходам вясны мацней за ўсіх крычаць жураўлі. Пранізлівымі гукамі гэтыя птушкі не толькі выказваюць свой добры настрой, але і шукаюць пару. А вось у буслоў вясновых песень не чуваць. У якасці серэнады — гучнае шчоўканне дзюбай. Некаторыя з самцоў ужо пачалі ўладкоўваць гняздо на купале вальера для белаплечых арланаў і каля ўвахода ў заапарк у спробе прыцягнуць увагу самак, якія неўзабаве вернуцца з поўдня.

У птушак ужо пачалася вясновая лінька. Яны мяняюць пяро на новае, яркае. Яно спатрэбіцца многім падчас шлюбных заляцанняў і цырымоній — асабліва качкам і птушкам з атрада курыных. Лінька ідзе і ў млекакормячых, якія скідаюць густы падшэрстак, што вырас да зімы. Напрыклад, вінтарогія казлы счэсваюць яго рагамі.

Супрацоўнікі заапарка ўжо пачалі рыхтаваць для цеплалюбівых гадаванцаў летнія апартаменты.

— Часам наведвальнікі звяртаюць увагу, што жывёлы быццам бы раскудлачаныя. Гэта нармальны працэс змены шэрсці. Мы іх не вычэсваем, каб лінька праходзіла максімальна натуральна. Зімовае пушыстае футра на летні ўбор зменяць лісы, ваўкі і капытныя, — кажа Наталля Мыслейка.

Для некаторых млекакормячых вясна пачынаецца з выхаду з зімовага сну. У нас гэта ўлюбёнец публікі буры мядзведзь Трыстан. Зіму ён правёў у абсталяванай бярлозе. У гэтым годзе буры спаў не вельмі моцна — зіма была цёплая.

Вясновыя падрыхтоўчыя работы ў заапарку ідуць поўным ходам

— Трыстан прачнуўся ў сярэдзіне студзеня, пасля чаго яшчэ некалькі тыдняў знаходзіўся ў стане дрымоты. Заатэхнікі сталі выстаўляць яму пайку, цяпер выйшлі на звычайную норму харчавання, — пра рацыён бурага расказвае Наталля Мыслейка.

Зараз Трыстан адчувае сябе добра, размінаецца ў вальеры — устае на заднія лапы і зазірае ў суседнюю клетку. Там жыве сямейства ланяў. Чакаецца, што ў сакавіку — красавіку яны прынясуць патомства. У мінулым годзе ў гэты час, акрамя ланяў, дзіцяняты з'явіліся ў казуль, муфлонаў і вінтарогіх казлоў. У гэтым годзе сезон адкрыў як. Малы нарадзіўся 14 лютага, таму яго назвалі Валянцінам.

Як толькі ўстановіцца стабільна цёплае надвор'е, чарапах пачнуць паступова пераводзіць з цёплых памяшканняў у адкрытыя вальеры.

Як толькі ўстановіцца стабільна цёплае надвор'е, жывёл пачнуць паступова пераводзіць з цёплых памяшканняў у адкрытыя вальеры. Супрацоўнікі заапарка ўжо пачалі рыхтаваць для іх летнія апартаменты.

Пакуль малпы зімавалі ў цёплых вальерах, ільвінахвостая макака Ляля засталася зімаваць на вуліцы. Японская макака — адзіная з малпаў, хто з лёгкасцю пераносіць мінусавыя тэмпературы. Нездарма гэты від яшчэ называюць снежнымі макакамі.

Заатэхнік Ірына КАЎШОВІК разам са сваім улюбёнцам тапірам.

Многія трапічныя драпежнікі ўжо адаптаваліся да беларускіх зім. Леапардам, ільвам і тыграм ад зімы было ні холадна ні горача — яны зімавалі ў адкрытых вальерах. Аднак жыллё кожнага з іх мае ўваход ва ўцепленае памяшканне.

Некаторыя капытныя, напрыклад вінтарогія казлы, счэсваюць лішні падшэрстак рагамі

Што тычыцца кантактнай пляцоўкі — калі ўмовы надвор'я будуць спрыяльнымі, то яна запрацуе з канца красавіка.

gorbatenko_inna@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter