Заўжды на перадавой

Гомельшчына назвала лепшых майстроў журналiстыкi

Гомельшчына назвала лепшых майстроў пяра

Лепшыя калектывы рэдакцый, арганізацый тэлебачання і радыё, журналісты — стваральнікі адметных друкаваных матэрыялаў, перадач і праграм былі ў цэнтры ўвагі на цырымоніі ўшанавання прадстаўнікоў масмедыя, што ажыццяўляюць дзейнасць на тэрыторыі Гомельшчыны. Яна адбылася ў абласным грамадска-культурным цэнтры.

Выказваючы словы ўдзячнасці журналістам за іх прафесійны падыход да справы, наладжванне канструктыўных стасункаў з органамі ўлады рэгіёна, намеснік старшыні аблвыканкама Пётр Кірычэнка зазначыў, што на інфармацыйным полі вобласці дзейнічаюць 116 друкаваных і электронных СМІ. Найбольшая ўдзельная вага ў раённых газет: іх разавы сумарны тыраж складае каля 185 тысяч экзэмпляраў. Праца журналістаў у рэгіёнах неаднаразова высока ацэньвалася на рэспубліканскім узроўні. Сёлетні год не выключэнне: лаўрэатамі «Залатога пяра» сталі нашы калегі — галоўны рэдактар мазырскай газеты «Жыццё Палесся» Ларыса Чорная, уласны карэспандэнт «Гомельскай праўды» Любоў Лобан, а ганаровыя статуэткі «Тэлевяршыні» ўручаны лепшаму рэгіянальнаму тэлевядучаму з ТРК «Гомель» Аляксандру Гавейка і тэлекампаніі «Мазыр».

— Няхай жа талент і высокі прафесіяналізм і надалей застаюцца галоўным паказчыкам працы журналістаў вобласці, — заключыў Пётр Кірычэнка.

Пераможцам абласнога спаборніцтва газетчыкаў і тэлерадыёжурналістаў, на якое было пададзена больш як 40 заявак і 15 конкурсных работ, прызнаны флагман друкаваных СМІ – газета «Гомельская праўда». Удзельнікі мерапрыемства, зразумела, парадаваліся і за сваіх калег — намесніка галоўнага рэдактара «Гомельскай праўды» Ніну Злыдзенка і рэдактара аддзела жлобінскай газеты «Новы дзень» Людмілу Арол, якім прысвоены ганаровыя званні і на цырымоніі ўручаны адпаведна знакі «Заслужаны журналіст» і «Выдатнік друку». Радасць свята з рэгіянальнымі прадстаўнікамі масмедыя раздзялілі прадстаўнікі Беларускага саюза журналістаў, Інстытута журналістыкі БДУ, кіраўнікі і супрацоўнікі СМІ памежных дзяржаў, а таксама рэспубліканскіх выданняў і інфармагенцтваў.

На здымку: намеснік старшыні аблвыканкама Пётр КІРЫЧЭНКА ўручае дыплом пераможцу конкурсу сярод друкаваных СМІ галоўнаму рэдактару «Гомельскай праўды» Сяргею БЯСПАЛАМУ.

Фота: Алег БЕЛАВУСАЎ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter