Заўважыць «Райскi сад»

У фестывальным «Горадзе майстроў» расцвiлi дзiвосныя кветкi маляванак

На «Славянскiм падвор’i» ў фестывальным «Горадзе майстроў» расцвiлi дзiвосныя кветкi маляванак, але ўбачылi iх нямногiя

Другi год, як фестывальны «Горад майстроў» займеў новы адрас – Саляныя склады, адноўлены помнiк архiтэктуры 18-га стагоддзя, дзе размясцiўся гарадскi цэнтр народных рамёстваў «Задзвiнне». Больш за 800 майстроў з Беларусi, Расii, Украiны прывезлi сюды на сёлетнi кiрмаш свае вырабы. У фестывальныя днi тут таксама прайшоў пленэр па керамiцы, паказальныя ўрокi ткацтва, свята кавальскага рамяства i ўпершыню – конкурс беларускiх маляванак, альбо дывановага роспiсу.

Дасюль падобны конкурс не ладзiўся не толькi ў вобласцi, але i ў рэспублiцы. Вiцебск месцам яго правядзення стаў не выпадкова. Як расказала «Р» старшыня Вiцебскага аддзялення Саюза майстроў народнай творчасцi Нiна Федарыстава, менавiта на Вiцебшчыне першымi ў краiне пачалi стварацца дамы i цэнтры рамёстваў. Сёння яны працуюць ва ўсiх 25 гарадах i раёнах вобласцi. Менавiта на Вiцебшчыне найбольш захавалiся яркiя i адметныя традыцыi ў вырабе маляванак, якiя мясцовыя майстры спрадвеку ўпрыгожвалi выявамi пышных, амаль фантастычных, кветак, дзiвосных птушак i звяроў. Дарэчы, якраз з-за гэтай самабытнай раскошы конкурс i займеў прыгожую назву «Райскi сад».

Нарэшце, менавiта вiцебская зямля дала свету самага адмысловага i загадкавага беларускага мастака, фалькларыста, этнографа, прадстаўнiка жанру маляванкi Язэпа Драздовiча (1888—1954). Паводле слоў Нiны Федарыставай, яго традыцыi працягвалi i многiя iншыя цiкавыя мясцовыя майстры, якiя пайшлi ўжо з жыцця i чыя творчасць сёння стала аб’ектам грунтоўнага вывучэння. Сярод гэтых iмёнаў – Лiдзiя Ючковiч i Лiдзiя Каляга з Докшыцкага раёна, Ганна Курыловiч з Шаркаўшчыны, Фёдар Сухавiла з Глыбокага. Ён, дарэчы, вучань Язэпа Драздовiча, якi таксама быў родам з Глыбоччыны. Як некалi расказваў сам Фёдар Сухавiла, яшчэ хлопчыкам «з-за пляча» ён назiраў за работай майстра.

На думку Нiны Федарыставай, праведзены конкурс яшчэ раз паказаў, што на Вiцебшчыне не толькi збераглi традыцыi самабытнага народнага мастацтва маляванкi, але вывучаюць i працягваюць iх, перадаючы моладзi. Вось i на «Славянскiм падвор’i» сабралiся паспрачацца ў мастацтве маляванкi аж 45 лепшых прадстаўнiкоў адмысловага жанру, пераважная большасць якiх – 32 чалавекi — з Вiцебшчыны. На суд журы былi прадстаўлены маляванкi на палатне, дрэве, шкле, сучасны роспiс i працы дэбютантаў. Пераможцаў аказалася аж 15!

Шкада толькi, што пра iх поспех i адметнае беларускае мастацтва маляванкi даведалiся зусiм нямногiя са шматлiкiх гасцей i ўдзельнiкаў «Славянскага базару ў Вiцебску». На жаль, iнфармацыйна «Горад майстроў» усё ж адасоблены ад вiрлiвага жыцця музычнага форуму мастацтваў i найбольш успрымаецца iмi ўсяго толькi як кiрмаш, дзе можна набыць прыгожы сувенiр, а не месца, дзе можна далучыцца да багатай i самабытнай нацыянальнай традыцыi беларусаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter