За цаной не пастаялі

Эстафету ўрачыстых святкаванняў 60-годдзя вызвалення беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ад Калінкавічаў прыняў Мазыр, які ў тыя грозныя гады быў цэнтрам Палесскай вобласці. 14 студзеня 1944 войскі I Беларускага фронту па лёдзе фарсіравалі Прыпяць і ў ходзе жорсткіх баёў выбілі фашыстаў з горада. Радзіма салютавала ўдзельнікам калінкавіцка-мазырскай наступальнай аперацыі дваццаццю артылерыйскімі залпамі з 224 гармат. Тысячы савецкіх воінаў знайшлі свой апошні прытулак на зямлі Мазыршчыны. Многія з іх пахаваны на святым для мазыран месцы – Кургане Славы. З жывымі ж сведкамі тых вогненных падзей напярэдадні і ў дзень святкавання сустрэліся прадстаўнікі ўлад горада, для кожнага ветэрана, у тым ліку і 14 удзельнікаў вызвалення Мазыра, што не змаглі прыняць удзел у святочных мерапрыемствах па стану здароўя, знайшліся цёплае ўдзячнае слова і падарунак – гадзіннік з памятным надпісам. У сваіх выступленнях перад удзельнікамі мітынгу на Кургане Славы старшыня гарвыканкама Валянцін Барысенка, кіраўнік гарадскога Савета дэпутатаў Вольга Арцёменка, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Анатоль Малафееў, епіскап Тураўскі і Мазырскі ўладыка Пётр і іншыя прамоўцы адзначалі, што высакародны подзвіг воінаў-вызваліцеляў назаўсёды застанецца ва ўдзячнай памяці нашчадкаў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter