За трапным словам.

Салігорскі гімназіст зрабіў унёсак у духоўную скарбонку краіны: ён стаў аўтарам зборніка прыказак.

Салігорскі гімназіст зрабіў унёсак у духоўную скарбонку краіны: ён стаў аўтарам зборніка прыказак.

Варта было перакінуцца з Ульянай Піліпаўнай некалькімі фразамі, як Цімафей зразумеў: яна тая, каго ён шукаў. Жанчына нібы жменямі сыпала яскравыя, вобразныя, трапныя выразы.

— Ён не сеяў, не касіў — яго заяц укусіў, — казала яна пра гультаяватага чалавека. — І  ад яго парога калючымі шыпамі ўсыпана дарога.

Ульяна Ліхтар нарадзілася перад вайной ў вёсцы Гоцк, што ў 64 кіламетрах ад Салігорска. Многія дзесяцігоддзі больш за 2 тысячы яе жыхароў былі адрэзаны ад цывілізацыі гнілымі балотамі. Тут Ульяна Піліпаўна і жыве бязвыезна: выйшла замуж, нарадзіла пяцярых дзяцей, працавала на мясцовым цагляным заводзе. Таму шматгалосыя гарады не засмецілі матчыну мову, не выціснулі з яе самабытныя палескія выслоўі — дасціпныя, дакладныя, вобразныя. Сказане — нібы цвік у дошку ўваб’е. “Жыве, не тужыць, але з галавою не дружыць”— вымавіць, і вяскоўцы адразу разумеюць, пра каго размова...

Менавіта такога таленавітага захавальніка народнай спадчыны і шукаў  вучань Салігорскай гімназіі № 2 Цімафей Малахоўскі. Хлапец цікавіўся  беларускімі выслоўямі, рашыў збіраць гэтыя жамчужыны народнай творчасці, даследаваць іх, сістэматызаваць...

— Ульяна Піліпаўна аказалася сапраўднай знаходкай, — расказвае гімназіст. — Жанчына, падобна, узрадавалася, што яе цудоўны дар не загіне, спатрэбіцца людзям, навуцы, таму стала ахвотна дзяліцца сваімі здабыткамі. Не раз  тэлефанавала: а я яшчэ вось што ўспомніла!

Такім чынам Цімафей запісаў больш за 700 выслоўяў. Але ў Гоцку своеасаблівы дыялект. Як зрабіць выраз зразумелым для ўсіх і не згубіць яго лаканічнасць, трапнасць? А яшчэ ў даследчай працы, за якую ўзяўся  гімназіст, прыказкі  трэба было размеркаваць па тэматыцы, некаторыя патлумачыць, знайсці нейкія дадатковыя інфармацыйныя крыніцы. І Цімафей прызнаецца: без дапамогі  настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ліліі Аляксандраўны Валчок праца гэтая была б яму не пад сілу.

Два гады пошукаў, запісаў, выкрэсліванняў, сумесных аналізаў. Энтузіязм, энергія вучня, здобраныя вопытам, ведамі настаўніка далі добрыя парасткі. На II Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Навуковыя імкненні—2011” сярод дзясяткаў разнастайных  прац іх даследаванне прызнана самым лепшым. Спецыялісты заявілі: многія прымаўкі настолькі цікавыя, арыгінальныя, што іх абавязкова  трэба выдаць асобнай кніжкай... У прадмове доктар філалагічных навук, супрацоўніца ДНУ “Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” Таццяна Валодзіна напісала: “Несумненна, падрыхтаваны Л. Валчок і Ц. Малахоўскім зборнік прыказак будзе не толькі цікавы ўсім тым, хто шануе народнае слова і мудрасць, але і карысны настаўнікам, журналістам, фалькларыстам, мовазнаўцам”.

Зборнік надрукавалі. І па запрашэнні Акадэміі навук Цімафей з Ліліяй Аляксандраўнай тут жа паехалі на яго прэзентацыю ў рамках  Міжнароднага маладзёжнага форуму “Першы крок у навуку”, які сабраў больш за паўтысячы маладых вучоных з Беларусі, Расіі, Казахстана, Украіны. Мноства новых знаёмых, ідэй, самыя лепшыя водгукі пра іх зборнік  “Асабісты фонд беларускіх прыказак” надалі  творчага натхнення гімназісту і настаўніку.

— Думаем сабрацца з сіламі ды запісаць забытыя песні, якіх Ульяна Піліпаўна ведае вельмі шмат, — дзеліцца планамі Лілія Валчок. — Гэта таксама каштоўная скарбонка народнай творчасці, забываць аб якой мы проста не  маем права.

— Пасля школы мяркую паступаць у  Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, — гаворыць дзевяцікласнік Цімафей Малахоўскі. — Але гэтая  даследчая праца   будзе заўсёды дапамагаць мне правільна, лаканічна і аб’ёмна выкладаць думкі. А там, хто ведае... З ручайка  бывае вялікая рака.

Апошні выраз гімназіста — з лексікону Ульяны Ліхтар.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter