Народная сокровищница: старинный обряд проводов в армию «Новобранцы» проводят в Клецком районе

Заўтра раніцай салдат…

Старадаўні абрад «Навабранцы» праводзіцца ў Клецкім раёне. Да нашага часу ён дайшоў дзякуючы жыхаркам аграгарадка Морач і вёскі Колкі — Таццяне і Соф’і Рамашка, Марыі Цыган, Ірыне Мінец, Валянціне Швайка. Мастачка народны майстар Беларусі Вольга Пілецкая, што жыве і працуе ў Клецку, апісала гэты ўнікальны абрад. Дарэчы, ён прэтэндуе на ўнясенне ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Фота Вольгі Пілецкай

«Звычай провадаў у войска, якога прытрымліваліся нашы продкі, ­спрыяе яднанню сям’і, — расказвае Вольга Пілецкая. — На яго прыкладзе прасочваецца сувязь пакаленняў. Провады ў армію — знакавая падзея не толькі ў жыцці асобнай сям’і, але і ўсёй вёскі. Адметна, што сёння абрад «Навабранцы» выклікае цікавасць у мясцовых жыхароў. Многія сем’і імкнуцца правесці яго па ўсіх правілах».

Ладзяць абрад так. Напярэдадні провадаў бацькі накрываюць багаты стол і клічуць моладзь, радню, суседзяў. Герой урачыстасці сядае ў чырвоны кут (пад абразамі). Бацькі жадаюць сыну лёгкай службы і каб абавязкова вярнуўся дадому здаровым. Калі ў навабранца ёсць дзяўчына, што заручылася чакаць каханага, ёй дазваляецца выказаць яму свае пажаданні. Потым яна дорыць хлопцу хусцінку на памяць. Гучаць застольныя песні.

Пасля частавання ў хаце ладзяць танцы. Дарэчы, аўтэнтычныя мясцовыя танцы ўдалося ўзнавіць мясцоваму фальклорнаму калектыву «Спадчына». Дзяўчаты ў час провадаў спяваюць «рэкруцкія» прыпеўкі. Кажуць так: якія провады, такая і служба. Таму па традыцыі іх спраўлялі з размахам. Потым лепшы сябар ці хросны бацька збіраў грошы ў гасцей «на махорку» будучаму салдату.

У кульмінацыйны момант навабранец садзіўся на стул, маці стрыгла яго, а валасы збірала ў хустачку і клала за абраз. Па павер’ях, гэта забяспечвала лёгкую службу салдату. Састрыжаныя валасы — своеасаблівы абярэг маці для сына. Падчас пострыгу госці спяваюць аўтэнтычную песню, якая пачынаецца словамі: «Сёння, братцы, наш таварыш…». Далей у ёй адлюстроўваюцца сюжэты з салдацкага жыцця.

Каб служба навабранца была лёгкай, перад выхадам з хаты блізкія выконваюць цэлы шэраг дзеянняў. Бацькі з абразамі ў руках і боханам хлеба бласлаўляюць сына. Выходзячы з дома, навабранец цалуе абраз, за якім схавана пасма яго валасоў. Потым ён паварочваецца тварам да сваёй хаты і просіць у прысутных прабачэння.

Каб дапамагчы сыну ў дарозе, маці клала яму ў кішэню «правадны хлеб», што давалі ў царкве ў першую пасля Вялікадня («правадную») нядзелю. Навабранец ідзе па вуліцы не азіраючыся, развітваецца з усімі жыхарамі вулі­цы, падыходзіць да кожнай хаты, развіт­ваецца з аднавяскоўцамі. Тыя ў сваю чаргу жадаюць яму лёгкай службы.

Завяршэнне абрадавых дзеянняў адбываецца пасля службы ў войску. Калі хлопец вяртаецца дамоў, яму паказваюць тую самую пасму састрыжаных валасоў. Гэта своеасаблівае пацвярджэнне таго, што ўвесь час, пакуль ён адсутнічаў, дома яго чакалі. Затым маці спальвала валасы ў печы.

АД ПРАДЗЕДАЎ

Абрад «Навабранцы» бытаваў на Клетчыне ў 1920-х гадах. Асабліва быў распаўсюджаны ў 1940—1980-я гады. Сучасная моладзь пераймае яго ў старэйшага пакалення. Адноўленыя аўтэнтычныя спевы выконваюць выхаванцы ўзорнага ансамбля народнай песні «Марачаначка».

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter