За сямю замкамі

Замок. У народнай культуры замок заўсёды быў сімвалам таямнічасці, замкнёнасці, закрытасці і, можа, менавіта таму аховы і абароны. Практычна ўсе замовы маюць заключны выраз: “Ключ, замок, амінь” ці “Словам маім ключ і замок”. У той жа час, калі адамкнуць замок з дапамогай ключа, гэта можа сімвалізаваць уваход у якія-небудзь новыя, невядомыя вобласці пазнання.

Калі першы раз выганялі скаціну ў поле, часцей за ўсё на Юр’я, з замком абыходзілі ўвесь статак, затым замок замыкалі і казалі: “Я замочак замыкаю ада ўсіх пашчаў”. Лічылася, што такімі сімвалічнымі дзеяннямі “закрывалі” пасткі ваўкам і скаціне нічога не пагражала.
 Купленая карова павінна пераступіць праз адамкнуты замок, затым яго замыкалі і ўносілі ў хату. Лічылі, што ў такім выпадку карову ніхто не скрадзе і яна не адаб’ецца ад статку. 8l Каб карова-першацёлка не з’ела сваё цяля, на рогі ёй вешалі замок.
* 6 студзеня гаспадыня абмотвала стол невялікім ланцугом і замыкала на ім замок, каб на ўвесь год “закрыць” языкі ўсім нядобразычліўцам сям’і. Такія ж дзеянні выконваліся, калі камусьці з членаў сям’і неабходна было ісці ў суд.
* Дзверы нашых продкаў ніколі не зачыняліся. Але ў час эпідэміі воспы ці іншага інфекцыйнага захворвання на дзверы спецыяльна вешалі замкнёныя замкі. Лічылася, што гэта спыніць распаўсюджванне эпідэміі.
* Падчас вясельнай змовы свацця клала пад парог хаты нявесты адамкнёны замок. Калі жаніх са сватам і дружынай выходзіў з хаты, свацця хуценька замыкала замок, а ключ кідала ў раку, каб нішто не перашкодзіла будучаму вяселлю.
* Перад тым як жаніх павінен быў унесці нявесту ў хату, пад ручнік, якім быў засланы парог, клалі адамкнёны замок. Потым замок замыкалі, а ключ неслі ў хату нявесты, замок жа захоўваўся ў хаце жаніха. Лічылася, як гэты замок ніхто ніколі не адамкне, так і пара заўжды будзе разам. І толькі ў тым выпадку, калі ў сям’і не нараджалася дзяцей, хтосьці з пары быў бяздзетным, “вясельны” замок неабходна было абавязкова адамкнуць.
* Калі ў хату ўносілі куфры з пасагам маладой, пільна сачылі за тым, каб замкі на іх былі адамкнутымі, інакш нявестка не зможа нарадзіць.
* Менавіта па той жа прычыне падчас родаў у хаце павінны быць адчынены ўсе замкі і запоры.
* Калі муж сварыўся і біўся з жонкай, ёй раілі, мыючы мужаву кашулю, злучаць рукавы замком.
* Калі дзяўчына засядзелася “ў дзеўках”, на Юр’я (6 мая) трэба было абавязкова адкрыць у хаце ўсе замкі і запоры.
* Да падкінутых ці знойдзеных замкоў заўсёды ставіліся з перасцярогай і ніколі не прыносілі іх у хату.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter