Фотарэпартаж: Калі зварухнецца лёд. Як гідролагі правяраюць рэкі

За пяць хвiлiн да вясны

Вясна на носе. А з ёю і разводдзе, да якога ўжо рыхтуюцца розныя службы. Аднак першымі пра пачатак паводкі даведаюцца тыя, хто сочыць за рэкамі пастаянна. Па днях, а то і па гадзінах. «Рэспубліка» паўдзельнічала ў гэтым працэсе, а таксама даведалася, ці пагражае цяперашняя вясна вялікім разлівам.

Круцёлка падобная на прапелер, а грузіла — на мінамётны снарад

У Гомельскай вобласці наглядальныя пасты маюцца на ўсіх буйных і сярэдніх рэках. Усяго 21. Двойчы ў суткі тут вымяраюць тэмпературу і ўзровень вады, а таксама сочаць за агульным становішчам. Выхадных і святаў няма. А ў перыяд моцных паводак назіральнікі якраз ставяць палаткі і жывуць на беразе. Бо замеры трэба праводзіць кожныя тры гадзіны.

Акрамя штодзённых назiранняў зімой двойчы ў месяц на вялікіх і сярэдніх рэках праводзяцца вымярэнні расходу вады. У працэсе задзейнічана цэлая каманда, да якой далучаемся і мы.


У багажны адсек пазадарожніка грузiцца абсталяванне. Бензапіла, важкая пешня, велiчэзная рулетка, якой трэба вымераць «талію» Сожа. Галоўны ж агрэгат манціруецца па прыездзе на яго бераг. Гэта масіўныя санкі з абсталяваннем, пра якое крыху пазней.

Надвор'е, што не выклікала аптымізму з раніцы, сапсавалася канчаткова. Моцны вецер і мокры снег ствараюць эфект вентылятара, на які ліюць ваду. У такіх умовах прыйдзецца працаваць некалькі гадзін.

Хуткасць плыні вымяраецца па секундамеры і званках

Спачатку трэба вызначыць зрэз вады — кропку адліку для наступнага вымярэння шырыні ракі. На заснежаным беразе гэта не так лёгка, як можа здавацца. Інжынеры-гідролагі Сяргей Назаранка і Аляксандр Ухаў дзяўбуць лёд і адграбаюць яго шуфлем, які чамусьці нагадвае сiта. Аказваецца, дзякуючы такой «мадыфікацыі» працаваць значна лягчэй.

Тым часам тэхнік-назіральнік Яўген Гудкоў заводзіць бензапілу. Пад сярдзітае вуркатанне матора палатно ўгрызаецца ў лёд. Праз пару хвілін лунка гатова, і да яе падцягваюць санкі. Галоўны вымяральны прыбор на iх — круцёлка ў выглядзе невялікага прапелера. А вось грузіла з-за яго формы лёгка прыняць за мінамётны снарад. Аднойчы, дарэчы, так і здарылася. Адпачываючыя на пляжы, убачыўшы «бомбу», збіраліся тэлефанаваць у міліцыю.

Гэтую працу лёгкай не назавеш.

Працэс пайшоў. Інжынер-гідролаг Сяргей Назаранка каменціруе этапы:

— З дапамогай лябёдкі апускаем круцёлку на патрэбную глыбіню. Ад яе ідзе провад да званка, які спрацоўвае, калі круцёлка пачынае рухацца. Па гэтых сігналах лічым колькасць абаротаў у хвіліну. Адзін званок — значыць 20, два — гэта 40, і гэтак далей. Паўтараем у трох кропках і такім чынам даведваемся хуткасць плыні. Дарэчы, зімой яна менш, чым улетку.


Непасрэдна расход вады вылічваецца на падставе атрыманых даных — у цёплым кабінеце за камп’ютарам. Праводзіцца аналіз, складаюцца графікі. Гэта не капрыз метэаролагаў, а інфармацыя, у якой мае патрэбу шэраг ведамстваў. У першую чаргу тых, якія будуюць і абслугоўваюць рачныя масты. Дарэчы, для іх паводка — даволі напружаны перыяд. Рух тысяч тон лёду і вады здольны пашкодзіць нават масіўныя жалезабетонныя апоры.

Цікаўлюся прагнозамі на паводку цяперашняй вясны.

Гідролагі сочаць за станам рэк увесь год.

— Пакуль, зыходзячы з вышыні снежнага покрыва, глыбіні прамярзання глебы і таўшчыні лёду на рэках, чакаем узровень, блізкі да сярэдніх шматгадовых, — распавядае начальнік аддзела гідралогіі «Гомельаблгідрамета» Вольга Калугіна. — Гэта пры адсутнасці якіх-небудзь стыхійных катаклізмаў, прадказаць якія са стапрацэнтнай дакладнасцю немагчыма.

Па прагнозах, рэкі ўскрыюцца праз пару тыдняў. Хоць пры рэзкім пацяпленні лёд пачне трэскацца і раставаць раней. Яшчэ адзін непрадказальны фактар — развіццё паводкі ў суседзяў у Расіі і ва Украіне. Бо рэкі, як вядома, не прызнаюць дзяржаўных межаў. А нябесная канцылярыя жыве па сваіх, толькі ёю усталяваных законах. І з намі іх, на жаль, не ўзгадняе.

proleskovskiy77@mail.ru

Фота Марыі АМЕЛІНАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter