За пультам — лепшыя кадры

Ці зможам мы падрыхтаваць высакакласных супрацоўнікаў для АЭС?
Тэхніка, нават самая сучасная, — гэта толькі палова поспеху. Ролю ў ім высока­кваліфікаваных кадраў, якія, як здаўна вядома, вырашаюць усё, ніхто не адмяняў. Тым больш калі гаворка ідзе пра такі стратэгічна важны аб`ект, як Беларуская АЭС. Атамшчыкі ў любой краіне — асаблівая каста, спецыялісты высокага ўзроўню, якіх нават за пяць гадоў навучання ў ВНУ не падрыхтаваць. Ці хопіць нам на гэта часу, ці зможам мы падрыхтаваць высакакласных супрацоўнікаў для АЭС?


Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА

Кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі Мінадукацыі Мікалай Маруда ўпэўнены: гэтая задача нам пад сілу. І не толькі таму, што маем даўнія традыцыі па навучанні гэтых спецыялістаў — шэраг беларускіх ВНУ ў часы Савецкага Саюза рыхтавалі будучых атамшчыкаў для ўсёй вялікай краіны. Ёсць стратэгія, дакладнае разуменне, якія спецыялісты нам спатрэбяцца, база для іх падрыхтоўкі. Сёння іх рыхтуюць чатыры ВНУ — БДУ, БНТУ, БДУІР, МДЭІ імя Сахарава. Але, што немалаважна, у кожнай з іх свой кірунак: адны рыхтуюць фізікаў-ядзершчыкаў, другія — эколагаў, трэція — тых, хто будзе стаяць ля пульта кіравання АЭС, а таксама займацца распрацоўкай аўтаматызаваных сістэм.

Дарэчы, цікавасць абітурыентаў да «атамных» спецыяльнасцей досыць высокая. Дастаткова ўспомніць апошнюю ўступную кампанію, калі конкурс на спецыяльнасці, звязаныя з ядзернай энергетыкай, вырас, а сума ўступных балаў на некаторыя павялічылася ў 1,5 раза ў параўнанні з папярэднімі наборамі. «Па асобных спецыяльнасцях прахадны бал быў вышэй за 300, — кажа Мікалай Маруда. — Нягледзячы на гэта, цяпер у профільных ВНУ веды атрымліваюць 800 студэнтаў. Дыпломы ўжо атрымалі звыш 350 чалавек». 

Трэцяя частка маладых спе­цыя­лістаў, паводле яго слоў, працуюць на пляцоўцы будаўніцтва і непасрэдна трапілі ў штат адпаведнай арганізацыі, другая траціна размеркавана ў арганізацыі, якія звязаныя з крыніцамі іанізуючага выпраменьвання і абслугоўваюць ядзерную энергетыку, яшчэ частка працуе на аб`ектах радыяцыйнай энергетыкі, астатнія — у сумежных абласцях. Калі да 2014 года на «атамныя» спецыяльнасці штогод набіралі да 220 чалавек, цяпер гэтая лічба скарацілася да 125. У наступным жа годзе яна скла­дзе толькі 95 чалавек. Па прагнозах Мінадукацыі і Мінэнерга, гэтай колькасці спецыялістаў бу­дзе дастаткова і для камплектавання БАЭС, і для сумежных арганізацый.

Зрэшты, галоўнае не колькасць, а якасць: выпускнік ВНУ — гэта яшчэ не гатовы спецыяліст. «Атамная галіна павінна акумуляваць лепшыя кадры, — перакананы Мікалай Маруда. — Такім чынам, і падрыхтоўка спецыялістаў-атамшчыкаў павінна быць адпаведная. Мяркуйце самі: спачатку вядзецца базавая падрыхтоўка ва ўніверсітэце — гэта 4—6 гадоў, затым замежныя стажыроўкі — гэта яшчэ ад паўтара да двух гадоў. А тым, хто потым будзе працаваць у навуцы і адукацыі, яшчэ 2—3 гады прыйдзецца павучыцца ў магістратуры, аспірантуры».


Студэнты БДУІР вывучаюць кіраванне тэхналагічнымі працэсамі АЭС
Фота Аляксандра РУЖЭЧКА


Улічваючы ж хуткасць развіцця новых тэхналогій і адказнасць працы атамшчыка, яго наву­чанне і ўвогуле справа ўсяго жыцця. Дарэчы, падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы такіх спецыя­лістаў дапаможа ўласны вучэбна-трэніровачны цэнтр, які запрацуе на БАЭС са студзеня 2016 года, кажа намеснік начальніка гэтага падраздзялення Аляксандр Ерын: «Выкладаць у нашым цэнтры будуць як айчынныя, так і запрошаныя спецыялісты, якія маюць вялікі вопыт працы на АЭС. Цэнтр мае самую сучасную апаратуру і цалкам адпавядае пульту кіравання станцыі». На імітатары магчыма змадэляваць любую няштатную сітуацыю і адпрацаваць шляхі яе рашэння. Дарэчы, такімі трэнажорамі аснашчаны ў свеце ўсе навучальныя цэнтры на сучасных атамных электрастанцыях, і такое патрабаванне прапісана ў беларускіх і міжнародных нарматыўных дакументах.

Зрэшты, гаворка сапраўды ідзе аб адзінкавых спецыялістах, і няма неабходнасці ставіць іх падрыхтоўку на паток. Напрыклад, у адпаведнасці з дзяржпраграмай да 2020 года МДЭІ імя Сахарава будзе выпускаць усяго 20 чалавек у год па спецыяльнасці «ядзерная і радыяцыйная бяспека». Папярэднія выпускі склалі ў першы год 15, другі — 25 чалавек. У лютым 2016-га тут атрымаюць дыпломы яшчэ 25 спецыялістаў. За тры гады БНТУ падрыхтаваў усяго 80 спецыялістаў, 29 з якіх сёння працуюць на БАЭС. Дарэчы, з 437 работнікаў ГП «Беларуская АЭС»  67 — маладыя спецыялісты. 

У БНТУ, па словах загадчыка кафедры «Цеплавыя электрычныя станцыі» Мікалая Карніцкага, ганарацца не толькі даўнімі традыцыямі ў падрыхтоўцы атамшчыкаў, але і тым, што некаторыя высакакласныя кадры новай станцыі — іх былыя выпускнікі, як, напрыклад, начальнік турбіннага цэха Анатоль Ракач.

Як запэўніваюць ва ўсіх чатырох ВНУ, згодна з праектам тэхнічнай дапамогі «Развіццё інфраструктуры ядзернай энергетыкі і сістэмы падрыхтоўкі кадраў для ядзерна-энергетычнай праграмы» сюды пастаў­лены самыя сучасныя камп’ю­тарныя навучальныя сістэ­мы па асновах палітыкі АЭС, кіравання і тэхналогіі. Студэнты маюць магчымасць змадэліраваць усе працэсы, у тым ліку няштатныя сітуацыі, якія адбываюцца ў самым сэрцы АЭС — атамным рэактары. Напрыклад, на трэнажоры можна правесці запуск рэактара, хоць у рэальнасці ў гэтым працэсе потым могуць удзельнічаць не ўсе з іх.

Цікавая вучоба, стажыроўкі... Але ад кваліфікацыі спецыяліста залежыць далёка не ўсё. Ніхто не адмяняў такія асабістыя якасці будучых атамшчыкаў, як адказнасць і працавітасць. Чалавечы фактар — важны складальнік поспеху, асабліва калі гаворка ідзе пра атам, нават калі ён мірны.

veraart14@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter