За Полацкам — Навагрудак

У Навагрудку ладзяць сустрэчу з нагоды ўступлення ў «Пакт мэраў»

У Навагрудскім райвыканкаме адбудзецца сустрэча зацікаўленых бакоў з нагоды ўступлення горада ў “Пакт мэраў”.

“Пакт мэраў” — буйны міжнародны рух. Яго ўдзельнікі, а гэта каля чатырох тысяч гарадоў, імкнуцца развіваць устойлівую энергетыку. Яны маюць намер да 2020 года скараціць выкіды парніковых газаў на 20 %, на такія ж працэнты зменшыць спажыванне энергiі і павялічыць долю крыніц энергіі, якія могуць аднаўляцца. З беларускіх гарадоў у гэтым руху ўдзельнічае Полацк, які далучыўся да яго ў мінулым годзе.

— Летась мы падалі заяўку на ўступленне ў “Пакт мэраў”, — распавёў карэспандэнту “Р” намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Сяргей Фалюк. — Намі там зацікавіліся, і цяпер адбудзецца першая сустрэча. На ёй будзе ісці размова аб далейшым супрацоўніцтве. І калі ўсё будзе добра, то спадзяёмся хутка далучыцца да “Пакта мэраў”.

У Навагрудак прыехалі прадстаўнікі сакратарыята Канферэнцыі энергетычнай хартыі, а таксама італьянскай правінцыі К’ені. Беларускі бок прадставіць свае варыянты развіцця мясцовай энергетыкі.

Акрамя Навагрудка, у хуткім часе спадзяецца стаць членам “Пакта мэраў” і горад Рагачоў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter