За парадай — да старшыні.

У аснове поспеху аб’яднання “Белая Русь” у Талачынскім раёне — цікавыя мерапрыемствы, увага да людзей, імкненне зрабіць больш карысных спраў.

Дзякуючы ініцыятыве, энергіі і адказнасці актывістаў, важкай падтрымцы з боку мясцовай улады, колькасць членаў Талачынскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” сёлета вырасла больш чым у 20 разоў.
Дні, калі ў Талачынскім райвыканкаме працуе прыёмная раённай арганізацыі “Белая Русь”, для яе старшыні Галіны Рабікавай атрымліваюцца надзвычай насычанымі. Здзіўляцца няма чаму: у кабінет да Галіны Анатольеўны прыходзяць не толькі з пытаннямі і праблемамі, але і проста за парадай. Аўтарытэт грамадскага аб’яднання расце як на дражджах. У аснове поспеху — напружаная работа, цікавыя мерапрыемствы, увага да людзей і імкненне зрабіць як мага больш карысных спраў.
Між іншым яшчэ ў лютым бягучага года раённая арганізацыя па колькасці нагадвала невялічкую пярвічку — тут налічвалася ўсяго... 11 членаў! Першага, каго занепакоіла становішча, быў старшыня райвыканкама Аляксей Гарнак. Па вопыту Аляксей Сілівестравіч ведаў, які магутны патэнцыял у “Белай Русі”. І проста грэх не выкарыстаць сілу грамадскасці на агульную карысць.
Так што, калі начальніка аддзела па справах моладзі райвыканкама Галіну Рабікаву выбралі старшынёй раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, яна не адчула сябе адзіным воінам у полі.
— На абласной канферэнцыі я паспрабавала бліжэй пазнаёміцца з сапраўднымі лідарамі і арганізатарамі. Напрыклад, з Вадзімам Дзевятоўскім, які ўзначальвае гарадскую арганізацыю ў Наваполацку. Зацікавіў мяне і вопыт Оршы. Загарэлася: гэта ж колькі добрых, цікавых і карысных спраў ужо там зроблена, колькі людзей змаглі аб’яднаць! А чым мы горшыя? Дапамог і вопыт педагагічнай работы — на ранейшай пасадзе ў аддзеле адукацыі я адказвала за арганізацыю выхаваўчага працэсу. І бачыла, як не хапае, напрыклад, у школах падтрымкі класным кіраўнікам у гэтай справе. Ды і ў працоўных калектывах таксама...
Пабывала ў многіх, падзялілася ідэямі і задумкамі, і справа зрушылася з месца. Ужо вясной пярвічныя арганізацыі “Белай Русі” былі створаны ва ўсіх школах раёна. А першай акцыяй стала наведванне з “цяжкімі” падлеткамі спарткомплексу з басейнам у аграгарадку Кляновічы ў суседнім Крупскім раёне. Паездкі сталі рэгулярнымі, далучыліся да іх і дарослыя. На членскія грошы, як правіла, заказваецца аўтобус ці аплачваюцца гадзіны ў спарткомплексе. Многім так спадабаліся паездкі, што сёння яны ўжо прыспешваюць старшыню: калі зноў паедзем па здароўе?
Пік першай, так сказаць, актыўнасці прыйшоўся на лета: усё часцей “Белая Русь” станавілася або ініцыятарам, або актыўным удзельнікам свят і падзей. На Дзень Незалежнасці, напрыклад, была праведзена акцыя “Белая Русь” з любоўю да дзяцей”. Якраз 3 ліпеня ў Талачынскай раённай бальніцы нарадзіліся два цудоўныя хлапчукі. Галіна Рабікава віншавала шчаслівых бацькоў прама ў радзільным аддзяленні. Напярэдадні 1 верасня па-віншавалі настаўнікаў, бацькоў і вучняў падчас спецыяльнай акцыі “У першы клас з “Белай Руссю”. Ну і, канечне, не забывалі ўшанаваць хлебаробаў-пераможцаў на жніве прама ў полі. Сталі суарганізатарамі раённых “Дажынак” у Коханаве, прафесійнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі і пера-працоўчай прамысловасці ў Талачыне, конкурсу на лепшае маладзёжнае падвор’е і многіх іншых.
— Усе акцыі і мерапрыемствы арганізуюцца за членскія ўзносы, — падкрэсліла Галіна Анатольеўна. — Мы прынялі рашэнне: кастрычніцкія грашовыя зборы поўнасцю накіраваць на патрэбы Коханаўскага дзіцячага прытулку, лістападаўскія — на галоўнае свята хлебаробаў...
Сёння ў Талачынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” ужо больш за 500 членаў.
— Гэта вялікая сіла, і мы многае можам, — упэўнена Галіна Рабікава. — Галоўнае — людзі паверылі ў нас, падтрымліваюць і адабраюць многія ініцыятывы. Толькі з 1 верасня, напрыклад, пачала дзейнічаць грамадская прыёмная “Белай Русі”, а сюды ўжо завіталі больш за 10 чалавек. Многія ведаюць, што знойдуць тут павагу, падтрымку, імкненне рэальна дапамагчы...
Дарэчы, у час прыезду карэспандэнт сустрэла ў грамадскай прыёмнай Вольгу Кавалёву і Кацярыну Яроміну. Так здарылася, што амаль адначасова перспектыўным маладым педагогам прапанавалі іншыя, больш адказныя пасады. Вось і прыйшлі за парадай.
— Я парадавалася за маладых калег і падтрымала іх рашэнні, — усміхаецца Галіна Анатольеўна. — Тым больш што яны — члены “Белай Русі”. Значыць, будзем працаваць разам...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter