За палярным кругам

Каля 160 студэнтаў з Мінска, Брэста, Полацка і іншых гарадоў Беларусі працавалі ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе Расіі
Каля 160 студэнтаў з Мінска, Брэста, Полацка і іншых гарадоў Беларусі працавалі ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе Расіі.

Будатрады арганізаваў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, а таксама харкаўская арганізацыя “Поўначгазмантаж”. Год таму ўкраінскі бок прапанаваў нашым студэнтам папрацаваць там летам у якасці дарожных рабочых. І гэта ўжо другое лета беларусаў на Ямальскай зямлі. Заказчыка задавальняюць аб’ёмы і якасць работ студэнтаў, і шмат жадаючых паехаць на Ямал. Сёлета ў будатрад мог трапіць любы хлопец, які без прабем прайшоў медкамісію. Выдаткі на дарогу, харчаванне, пражыванне ўзялі на сябе ўкраінцы.

Спачатку мы на цягніку ехалі да Масквы, потым — Перм, і, нарэшце, Новы Урэнгой.Спецыяльны аўтобус давёз да горада Пангады, далей, як кажуць, толькі верталётам. Адных размясцілі ў Баваненкава, другіх — у пасёлку Хурасавэй. Жылі мы ў “Кедрах” — хатах на колах, якія нагадваюць купэ цягніка, дзе змяшчаецца восем чалавек. Некаторыя жылі і ў інтэрнаце. З украінцамі, якіх на Баваненкава вельмі шмат, мы хутка наладзілі братэрскія адносіны. Нам выдалі спецвопратку, маскітныя сеткі і сродкі ад камароў, якіх там процьма. Аўтобусы — “вахтоўкі” вазілі на месца працы, на абед і на базу. Працавалі напружана, без выхадных і, па праўдзе кажучы, яны не надта былі патрэбны: тундра ж навокал. Пасёлак — свайго роду падводная лодка, дзе самая вялікая забаўка — тэлевізар. Нам ўстанавілі норму выпрацоўкі, якую хлопцы лёгка выконвалі. Некаторыя брыгады працавалі ў другую змену, уначы, але на Ямале ў жніўні яны белыя: светла як днём. У асноўным гэта былі дарожныя работы. Планавалі адхоны, клалі на іх спецыяльную тканіну і сеткі: паколькі па дарозе будзе ездзіць цяжкі транспарт, неабходна яе дадаткова ўмацоўваць. Наша дарога злучыць пасёлак і аэрапорт, які ўвойдзе ў эксплуатацыю ў 2011 годзе. Баваненкаўскае газавае радовішча — адно з самых вялікіх на паўвостраве, але газ на “Вялікую зямлю” пойдзе адтуль не раней за 2011 год.

Паўсюль на Ямале балоты ды азёры, на глыбіні паўметра пачынаецца лёд і вечная мерзлата. Дрэвы, акрамя карлікавай бярозы, не растуць, а грыбоў і марошкі вельмі шмат. Мясцовыя жыхары, ненцы, якія ўвесь час вандруюць, звыкліся жыць і весці гаспадарку ў юртах. Са шкураў жывёл ненцы і адзежу шыюць. У асноўным яны разводзяць і прадаюць аленяў, ловяць рыбу, якой тут вельмі шмат у азёрах. Але закінуць невад могуць толькі ненцы, для іншых рыбалка забаронена. Я пазнаёміўся з ненцам Якавам, які прыходзіў з сынам у пасёлак гандляваць рыбай. У яго ёсць кватэра ў Надыме, там жа вучацца яго дзеці. У юрце ў Якава ёсць тэлевізар, радыё, на шыі матяецца мабільны тэлефон — сёння гэтым ненца не здзівіш! Ён прадаваў таксама хатнія тэпцікі з аленневай шкуры. Дорага! На пытанне “Ці чулі вы што-небудзь пра Беларусь?” быў нечаканы адказ: “ Так, мая сястра жыве ў Беларусі, у вёсцы ля Мазыра”. Якаў гаварыў з намі абсалютна на роўных, у гутарцы імкнуўся глядзець прама ў вочы суразмоўцу. Шкада, аднак, што такі унікальны народ, з багатымі традыцыямі, знаходзіцца сёння на грані знікнення.
Мы добра папрацавалі, пабачылі цікавы край і яго жыхароў.

Аляксандр Калеснікаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter