
Адкрыты свет
Цяпер турысты, чые паездкі за мяжу доўгі час заставаліся пад пытаннем, ужо могуць выбіраць, куды адправіцца. З ліпеня нас чакаюць у Турцыі і Егіпце, Чарнагорыi, у кулуарах пагаворваюць і пра магчымую Балгарыю…
— Чакаем паляпшэння эпідэміялагічнай сітуацыі ў краінах Еўрасаюза і з нецярпеннем — адкрыцця межаў, — кажа старшыня савета Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый (РСТА) Аксана Бічун. — Хачу падзякаваць спажыўцам, якія з разуменнем ставяцца да сітуацыі ў галіне, давяраюць нам, пераносяць туры на больш познія даты, аж да 2021 года. Многія пераарыентуюцца на ўнутраны турызм, які мы можам прапанаваць. Так што тургалiна жывая і спраўляецца з выклікамі.
Гэта ж пацвярджаюць і ў рэгулятары — Мінспорту і турызму. Дырэктар дэпартамента па турызме Ірына Варановіч расказвае пра вынікі сустрэчы з буйнымі тураператарамі. Днямі іх сабралі, каб пацікавіцца ўзаемаадносінамі з турыстамі. Аказалася, што ў 85 працэнтах выпадкаў удалося знайсці кансэнсус з кліентамі. Хтосьці пагадзіўся паехаць на мора пазней, хтосьці пажадаў адпачыць у краіне, нешматлікія папрасілі ўсё ж вярнуць грошы і ўжо іх атрымалі. Прыкладна 15 працэнтаў турыстаў настойваюць на безумоўным вяртанні сродкаў.
Трэба крыху пачакаць
Tурфірмам даводзіцца «круціцца», каб разлічыцца са спажыўцамі. Як-ніяк замежныя партнёры — авіяперавозчыкі, атэльеры — папярэдзілі, што не змогуць аператыўна вярнуць грошы: шмат дзе заканадаўча ўведзена адтэрміноўка плацяжоў. Аб увядзенні такога ж механізму — мараторыя на вяртанне грошай кліентам — гаварылася раней і ў нас. Нават ішла праца над падрыхтоўкай адпаведнага нарматыўна-прававога акта. Што з ім зараз?
— Цяпер мы працуем з турыстамі ў рамках дзеючага заканадаўства. Плюс пачаліся палётныя праграмы ў некаторыя краіны — і турысты згаджаюцца крыху пачакаць. Так што пакуль спраўляемся ў такім рэжыме, вострай неабходнасці ў прыняцці названага дакумента няма, — патлумачыла Ірына Варановіч.

Міністэрства аховы здароўя напярэдаднi пашырыла спіс краін, па вяртанні з якіх неабавязкова два тыдні знаходзіцца на каранціне. Актуальна гэта і для замежнікаў, лічыць старшыня праўлення рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Піліп Гулы:
— Спадзяёмся, што хутка ў яго ўвойдзе і Расія — калі не ўся краіна, то асобныя рэгіёны, дзе спрыяльная абстаноўка з каронавірусам. Пакуль жа за лета нам трэба падняць планку якасці інфраструктуры для сваіх грамадзян.
druk@sb.by