За дзень да «канца»

Іна Афанасьева сустрэне «канец света» на сцэне і з песняй

Заўтра 21 снежня — пятніца, якую ў народзе назвалі «канцом свету». «Зямля ў гэты дзень сутыкнецца з планетай Нібіру», — гавораць адны. «Не, наступіць вечная цемрадзь», — не пагаджаюцца з імі другія. «Ды ўсё будзе добра», — сцвярджаюць трэція. Што дакладна здарыцца, не ведае ніхто, але па ўсім свеце многія людзі па-рознаму адносяцца да гэтай падзеі. Адны купляюць крупы і запалкі, другія браніруюць месцы ў бункерах, а трэція набываюць карты па раі і пекле. «А як вы збіраецеся правесці гэты дзень?» — запыталі мы ў нашых чытачоў.

Святлана СЕРГЕЛЬ, галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС Брэсцкага гарвыканкама:

— Я не веру ні ў якія прадказанні, таму буду жыць па звычайным графіку: днём — праца, вечарам — сям’я. І скажу, што не адна я спакойна адношуся да 21 снежня. У нашым ЗАГСе, напрыклад, на суботу 22-га запланавана пяць рэгістрацый шлюбу. Калі ўлічваць, што зараз пост, то гэта шмат. Першая пачнецца ўжо ў 11.40. Думаю, шчаслівыя маладыя таксама не замарочваюцца байкамі пра апакаліпсіс.

Іна АФАНАСЬЕВА, спявачка (на здымку):

— Зараз у маім графіку толькі канцэрты, канцэрты, канцэрты. Два з іх — у Віцебску і Мінску — запланаваны на 21-е. І ў гэты дзень я ў 16.00 і 23.00 абавязкова выйду на сцэну да сваіх слухачоў. А калі канец свету ўсё ж адбудзецца, то я сустрэну яго на сцэне і з песняй.

Дзмітрый КАРАСЬ, тэлевядучы:

— Для мяне канец свету наступіў 16 снежня, калі мы здымалі навагоднюю ноч для канала «Беларусь 2». Тады прыйшлося працаваць 12 гадзін без перапынку, таму зараз мяне нічога не пужае. А 21-е будзе звычайным рабочым днём. Ды і на 22-е ў мяне ўжо запланаваны карпаратыў.

Марына КЛІМАВА, цырульнік, горад Маларыта:

— Яшчэ з сярэдзіны восені ў нашым горадзе людзі актыўна пачалі скупляць крупы, соль, запалкі, газніцы і свечкі. Пры гэтым апошнія бяруць царкоўныя, тлумачачы тым, што яны валодаюць асаблівай энергіяй. А яшчэ гавораць: вельмі важна, каб шторы ў доме былі шчыльныя. Бо вокны трэба будзе добра закрыць, каб праз іх у хату не трапіла нечысць, якая будзе хадзіць некалькі дзён па свеце. Пад уплывам такіх размоў я ўсё ж набыла некалькі свечак і пару пакецікаў круп. Але, спадзяюся, чуткі пра канец свету — байкі, таму 21-е пройдзе ў мяне, як і любы рабочы дзень.

Яўген КРЫЖАНОЎСКІ, кіраўнік тэатра гумару «Хрыстафор»:

— У мяне 5 жонак, 4 цешчы, 4 дачкі і тэатр, таму тут кожны дзень як канец свету. І калі хоць на момант я адчую сябе вольным ад усяго гэтага шчасця, уздыхну з палёгкай. Напэўна, я нават хачу, каб хутчэй наступіла 21 снежня. Галоўнае, каб усе гэтыя прадказальнікі, як часцей за ўсё гэта бывае, не падманулі.

Аляксандр БАСЯЦКІ, выконваючы абавязкі кіраўніка грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя цыганоў «Рома»:

— Я веру ў Бога, і толькі яму вырашаць, калі настане канец свету. А ўсе гэтыя размовы — добры камерцыйны ход: людзі ж масава купляюць запалкі, крупы, каўбасу. І чамусьці ніхто нават не задумваецца, што, калі прадказанні і акажуцца праўдай, на тым свеце каўбаса ім не спатрэбіцца. А яшчэ скажу як прадстаўнік цыганскага народа. Мы — людзі качавыя і добра адчуваем прыроду, якая заўсёды папярэджвае нас пра нейкія здарэнні. Дык вось, калі б нас чакала нешта жахлівае, зверы б не паводзілі сябе так спакойна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter