На Фестывалi нацыянальнай кухнi ў Томскай вобласцi беларускія стравы былі найсмачнейшымі

За багатым сталом і шчасце блізка...

На Фестывалi нацыянальнай кухнi ў Томскай вобласцi беларускія стравы былі найсмачнейшымі

Этнакультуры маюць свае асаблівасці, але ёсць і каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць усіх людзей: любоў да Айчыны, сяброўства, павага да старэйшых. І, напэўна, няма такога народа, дзе б свята не зберагаліся традыцыі гасціннасці. Добрага госця заўсёды і на Беларусі сустракалі пачастункам, песняй, багатым сталом ды душэўнай гутаркай. Вось і на Томскай зямлі калі праводзяцца творчыя сустрэчы, нацыянальныя святы, то звяртаецца ўвага на традыцыйныя кухні розных народаў.

Цікавае свята “Нацыянальныя кухні” ладзілася для студэнтаў Томскага дзяржуніверсітэта. І аўтаномія беларусаў Томскай вобласці актыўна ўдзельнічала ў гэтым мерапрыемстве. Мы расказалі гасцям, што 2014-ы быў у Беларусі Годам Гасціннасці, прапанавалі пакаштаваць традыцыйныя стравы беларускай кухні: мачанку, дранікі са смятанай, бульбу з салам, упрыгожаную зялёнай цыбулькай. Фальклорны ансамбль “Мядуніца” вітаў удзельнікаў свята і гасцей адпаведнымі народнымі песнямі: “Дранікі”, “Бульба”. І немагчыма ж было не прывабіцца такімі пачастункамі ды спевамі! Да стала беларусаў ішлі не толькі студэнты, але  і выкладчыкі ўніверсітэта.

У Томскiм універсітэце, дарэчы, вучацца як расійскія студэнты, так і прадстаўнікі Кітая, В’етнама ды іншых краін. Ім было цікава пазнаёміцца са смакамі беларускай кухні. А калі хто распытваў, тым мы расказвалі, як гатаваць і іншыя беларускiя стравы. Найбольш хадавыя рэцэпты размножылі на ксераксе, так што хапіла ўсім жадаючым. На свяце прадстаўлялі свае нацыянальныя кухні дагенстацы, італьянцы, рускія, кіргізы. Было весела, смачна і вельмі сытна. Нам таксама цікава было паспрабаваць італьянскую піцу, рускія блiны і дагестанскія аладкі. Аднак што можа быць смачней за беларускую бульбу і дранікі!
За актыўны ўдзел у такім смачным фестывалі наша рэгіянальная грамадская арганізацыя “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў у Томскай вобласці” адзначаны дыпломам. Мы ж пераканаліся ў чарговы раз: нягледзячы на адметнасць традыцый, спосабаў прыгатавання страваў, прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў аб’ядноў­вае жаданне зносін, сяброўскага ўза­емадзеяння. І кожнаму ж хочацца больш даведацца пра іншых ды і сябе паказаць. А культура нашай Бацькаўшчыны настолькі багатая і разнастайная, што справы ўсім актывістам беларускіх суполак хопіць на многія гады.

Любоў Адаскевiч, старшыня праўлення беларускай суполкі, г. Томск
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter