З 26-га па 29 красавіка наведаць магілы родных і блізкіх, якія пахаваны ў зонах эвакуацыі і адсялення, можна без пропуска.
— Знаходзіцца на закрытай тэрыторыі можна будзе да 17.00, — расказвае Святлана Новікава, галоўны спецыяліст адміністрацыі зон адчужэння і адсялення МНС. — Пры сабе неабходна мець толькі пашпарт. Тым, хто прыедзе на машыне, спатрэбіцца прадставіць таксама і дакументы на транспарт.
А зараз — увага! Для тых, хто едзе ў зону адсялення, размешчаную на памежжы: у Брагінскім, Хойніцкім або Нараўлянскім раёнах, патрэбна ўзяць давадку аб тым, што родны вам чалавек тут пахаваны, і аплаціць дзяржпошліну ў памеры 0,2 базавай велічыні.
Дадатковую інфармацыю адносна паездак у зоны адсялення і адчужэння можна атрымаць па тэлефонах: (8-0232) 57-93-15, (8-0232) 57-27-58 (у Гомелі) і (8-0222) 26-47-92 (у Магілёве).
У сувязі з Радаўніцай ДАІ Мінска папярэджвае: хуткасць на МКАД 29 красавіка не павінна перавышаць 50 км/г. На працягу дня тут арганізуюць і часовы наземны пераход да Чыжоўскіх могілак.
— За выкананнем правілаў руху будуць сачыць супрацоўнікі ДАІ, — паведамляюць у прэс-службе ДАІ Мінска. — Яны ж пракантралююць і ўезд на тэрыторыю могілак. Дарэчы, на МКАД у раёне могілак дазволяць ставіць аўтамабілі на абочыне.
Зменіцца рух і на дарогах ля Паўночных могілак. Так, на ўчастку Калодзішчы—Заслаўе, што перасякаецца з дарогай Мінск—Калачы—Мядзел, у накірунку вёскі Забалацце рух стане аднабаковым. Пры гэтым для грамадскага транспарту выдзеляць паласу сустрэчнага накірунку.
У сваю чаргу машыны, якія будуць ехаць на могілкі з боку транспартнай развязкі МКАД (вёска Цна), накіруюць у аб’езд па аўтамабільных дарогах Дубаўляны—Бараўляны—Каралёў Стан і Мінск—Калачы—Мядзел. У выніку пад’езд да Паўночных могілак стане аднабаковым.
Адзначым, што напярэдадні Радаўніцы ў Мінску павялічыцца колькасць грамадскага транспарту, які будзе рухацца ў накірунку могілак.