Як ў Беларусі будуць змагацца з беспрацоўнымі

З жыцця абавязаных асоб

Для супрацоўнікаў Бялыніцкага РАУС беспрацоўны — гэта ў пераважнай большасці або п’яніца, або дэбашыр
Для супрацоўнікаў Бялыніцкага РАУС беспрацоўны — гэта ў пераважнай большасці або п’яніца, або дэбашыр. Iх «гарачыя» адрасы, прызнаўся начальнік райаддзела Юрый Сіманаў, міліцыя ведае на памяць. І стукаецца ў дзверы такiх кватэр куды часцей, чым да прыстойных грамадзян. З імі гавораць шчыра, адкрыта, раяць уладкавацца на працу. Але радыкальныя метады можна скарыстаць толькі ў адносінах  да самых злосных парушальнікаў правапарадку. Вядома, прызнае падпалкоўнік міліцыі, закон аб дармаедстве даў бы дадатковыя рычагі ўздзеяння на гультаёў, якія карыстаюцца сацыяльнымі выгодамі, але пры гэтым парушаюць правілы паводзін і патрабуюць пастаяннай увагі самых розных структур. Хто яны, людзі без пэўнага роду заняткаў? Як жывуць, чым займаюцца? У пошуках адказаў на гэтыя пытанні напрошваюся ў спадарожнiкi да старэйшага ўчастковага інспектара Сяргея Красоўскага. Патрэбны нам адрас — вуліца Савецкая. Здагадацца, дзе жыве чалавек, якога шукаем, нескладана: вокны кватэры на першым паверсе без фіранак, даўно нямытыя. Дзверы таксама, напэўна, не мяняліся з моманту пабудовы дома. Андрэю Кузняцову — пяцьдзясят восем. Некалi ў яго як у кваліфікаванага тэхніка-сантэхніка былi нядрэнная праца, сям’я. Нават няскончаная вышэйшая адукацыя. А сёння – жытло, што не бачыла рамонту доўгія гады, пустыя бутэлькі з-пад спіртнога на кухні і грандыёзныя планы на будучыню. Андрэй прызнаўся: цяпер пакуе чамаданы на Расію. Кажа, што ў падмаскоўным Унукава яго ўжо зачакаліся і што едзе туды будаўніком. На атрыманыя грошы, сцвярджае, абновіць кватэру, купіць вопратку. Больш траціць няма на што — дзеці дарослыя, з жонкай разышоўся. Здаецца, быццам сам верыць у сказанае. Але суседзі не даюць схлусіць, ведаюць: заробленае Кузняцовым сыдзе ў лічаныя дні пасля яго прыезду, які будзе адзначаны вясёлай вечарынкай.

…Юрый Маразевіч, які пасяліўся ў прыватным доме на вуліцы Калініна, дакладна нават не ведае, дзе цяпер яго дзеці. «Усяго iх трое», — толькі і змог удакладніць, высунуўшы галаву з-пад лахманоў. Жонак, дадаў, і таго больш было. Пакуль Сяргей Красоўскі праводзіць выхаваўчую гутарку, аглядаюся: па пакоях быццам мамай прайшоў! Асколкі шкла, прадзіраўлены тапчан, крэсла з паламанай ножкай. Усё, што можна было забраць або прадаць, даўно прапітая. Пра дровы на зіму нават казаць смешна — гэта ж не віно, каб на іх траціцца. Але шукаць працу Юрый і не думае: талковых вакансій, лічыць, у раёне няма. На яго фоне Вадзім Жукоўскі здаецца амаль шчаслiвым: у доме электрычнасць, ля плота складзены бярозавыя палены. Няма толькі аднаго — пастаяннага месца працы. Як складзецца заўтрашні дзень? Ды хто яго ведае. Пра ўчарашні таксама згадвае неахвотна. Адна з самых вялікіх памылак, лічыць Вадзім, што ў свой час паслухаў маці і пераехаў з ёй у Бялынічы. А ў Магілёве была двухпакаёвая кватэра. І пасада прараба на будоўлі. Знайшоўшы момант, Жукоўскі хаваецца за дзвярыма — размовы пра планы на будучыню відавочна не для яго. Затое Уладзімір Шарахоўскі, якога сустрэлі на дарозе, гутарку падтрымлівае ахвотна, хваліцца нарыхтаванымі на зіму мяшкамі бульбы. Усё яго няпростае жыццё чытаецца па твары, але паліто і шапачка — акуратныя, вочы жывыя. У адказ на пытанне аб месцы працы тлумачыць: маўляў, спытайцеся, хто такi майстар Шарахоўскi! У Бялынічах і акрузе кожны ведае. Даводзілася і плітку класці, і рамонты рабіць. Праўда, працоўная кнiжка, прызнаўся Уладзімір, цяпер ляжыць дома. Да дзевяностых гадоў быў шафёрам. А ў апошнія гады заняты эпізадычна. На зіму вось збіраецца пайсці ў качагары.

А з Аленай Агалакавай мы пазнаёміліся ўжо ў райаддзеле. Ёй трыццаць пяць гадоў, а яна ўжо лячылася ў ЛПП, на працы лічылася сярод прагульшчыкаў i пазбавілася бацькоўскіх правоў на адзінае дзіця. Напярэдадні ў Лебядзянкаўскiм сельсавеце ёй у чарговы раз нагадалі пра абавязкі перад дзяржавай і чатырнаццаці-гадовым сынам. Тая зноў  паабяцала выправіцца. Ёй не паверылі і ўсім светам прынялі няпростае рашэнне: узяць Агалакаву пад адміністрацыйны арышт. Гэта значыць, суправаджаць на працу пад канвоем — для пачатку пяць дзён запар. Начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела Аляксандр Манікайла ўдакладніў: так званых абавязаных асоб у Бялыніцкім раёне — шэсцьдзясят пяць чалавек. На прафілактычным уліку — больш за сорак. Гэта тыя, хто атрымаў ужо некалькі заўваг або папярэджанняў. Кожнае наступнае разыходжанне з законам пагражае ім ужо  больш сур’ёзнымі наступствамі, напрыклад пуцёўкай у ЛПП, а то і тэрмінам. Ці можна змяніць сітуацыю, рэальна прымусіўшы людзей працаваць? Цяжка сказаць, але здаралася, што грамадзяне мяняліся, падзяліўся сваімі назіраннямі Аляксандр Віктаравіч. Сёй-той завязваў з п’янкамі і спяшаўся знайсці працу ўжо  пасля таго, як адабралі дзяцей. Але некаторыя здольныя рэагаваць на больш крутыя меры. Алена Агалакава, да прыкладу, прызналася: канвой не страшны, а ў ЛПП нават спадабалася.

Святлана МАРКАВА
svet.markova@gmail.com

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter