З запасам трываласцi

Не надта настроены на грунтоўныя размовы кааператары ў сакавiку...

Не надта настроены на грунтоўныя размовы кааператары ў сакавiку. Галоўным чынам таму, што на другую палову месяца выпалi па раскладзе справаздачы i выбары ў раённым звяне. Вось i старшыня Бешанковiцкага раённага спажыўтаварыства Галiна Галенка аказалася надта загружанай i заклапочанай падрыхтоўкай да важнага мерапрыемства. Як, зрэшты, i ўсе яго супрацоўнiкi.

Тым не менш жыццё не стаiць на месцы i не вычэрпваецца толькi афiцыйнымi падзеямi. Сiстэма працуе, як шматгадовы адладжаны механiзм. Праўда, летась бешанковiцкiя кааператары трохi здалi ранейшыя пазiцыi. Нагадаем, што за 2007 год яны былi лепшымi ў аблспажыўсаюзе i другiмi ў сiстэме Белкаапсаюза ў сваёй групе. Доля кааператараў на раённым спажывецкiм рынку складае каля 65 працэнтаў, грамадскага харчавання – больш за 80, а вытворчасць спажывецкiх тавараў — звыш трэцi ад агульнага аб’ёму раённых вытворцаў.

Вось чаму на традыцыйнай нарадзе справаздача праўлення будуецца не на крайнасцях, а на тым, каб побач з сур’ёзнымi дасягненнямi вызначыць шляхi далейшага росту. У гэтым сэнсе Бешанковiцкае райспажыўтаварыства трымаецца стратэгiчнай лiнii развiцця. У яе аснове – павышэнне канкурэнтаздольнасцi ўсiх напрамкаў дзейнасцi. Працягвае заставацца прыярытэтнай мадэрнiзацыя гандлёвых i вытворчых аб’ектаў. Да прыкладу, у сiстэме каапнарыхтпрама ўкаранiлася i шлiфуецца сiстэма менеджмента якасцi. З найбольш прыемных навiнак можна назваць устаноўку спецыяльнай шафы для цеста, машыны для наразання хлебабулачных вырабаў, фаршамяшалкi. Больш за дзесятак гандлёвых аб’ектаў толькi летась аснашчаны новым халадзiльным абсталяваннем.

На такiм, калi так можна параўнаць, падмурку будынак каааперацыi абяцае стаяць трывала. Але больш увагi патрабуе дзейнасць па сацыяльна-эканамiчнай падтрымцы малазабяспечаных грамадзян. Шмат задумак па развiццi ранейшых i стварэннi новых бытавых паслуг на вёсцы. Больш чым паўтысячнаму калектыву бешанковiцкай спажыўкааперацыi з улiкам ранейшага добрага вопыту i пры падтрымцы мясцовай улады па плячы выкананне намечаных планаў. Важна толькi, каб слова i справы не разыходзiлiся як па форме, так i па зместу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter