Тэатр Якуба Коласа пабываў на гастролях у Мінску

З'яўленне дамы

Віцебская актрыса Таццяна Ліхачова бліснула перад мінскай публікай у спектаклі паводле Марціна Макдонаха
Нядаўна з аднадзённымі гастролямі ў Мінску пабываў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа з пастаноўкай “Каралева прыгажосці з Лінэна”. Дыпломная работа рэжысёра Ірыны Цішкевіч аказалася настолькі пераканаўчай, што стала рэпертуарным спектаклем Коласаўскага тэатра. Адну з галоўных роляў у ім выканала заслужаная артыстка Беларусі, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Таццяна Ліхачова. Пасля спектакля мы пагаварылі з ёй пра яе ролі, нядаўнюю перамогу коласаўцаў на VII Міжнародным фестывалі камерных тэатраў і спектакляў малых форм “ArtОкраина” ў Санкт-Пецярбургу з пастаноўкай “Гэта ўсё яна” і пошук агульнай мовы з сучасным гледачом.


— Таццяна Уладзіміраўна, Марціна Макдонаха называюць даволі вострым драматургам. Якія адчуванні былі ў вас падчас працы з гэтым матэрыялам?

— Я бачыла спектаклі па п’есах Макдонаха, чытала гэтыя п’есы і яны мне здаюцца ў чымсьці паталагічнымі. Там ёсць пэўны натуралізм. Па сутнасці, у самой п’есе маці гіне ад ран — дачка лье на яе руку кіпячы алей... Як гэта паказаць на сцэне? Мы вырашылі: галоўная праблема не ў тым, што нехта кагосьці фізічна знішчае, а ў эгаізме, эгаістычнай любові. Гэтай любоўю мая гераіня сапсавала жыццё дачцэ, у якой быццам бы ёсць усё для таго, каб жыць, кахаць, быць каханай. У яе быў мужчына, які шмат гадоў яе кахаў. Але ён таксама нейкі разгублены. Шмат гадоў яны кахаюць адзін аднаго, а разам быць не могуць. Ім пастаянна нешта замінае. Быццам у абодвух няма стрыжня. Гэтыя персанажы — даволі дзіўныя людзі. Тут трагедыя поўнага неразумення, усе ў выніку сапсавалі адзін аднаму жыццё. Затое гэта цікава іграць.

— Ваша мама грачанка. На ваш погляд, нешта падобнае магло б адбыцца ў Грэцыі?

— Па ўнутранай нянавісці і адначасовай любові, напэўна, так. Я сустракала ў Грэцыі бабулек, якія ўсяляк спекулявалі сваімі хваробамі толькі дзеля таго, каб дзеці заставаліся пры іх як мага даўжэй. Гэта няправільна.

— Раскажыце, як вас прыняў тэатральны Санкт-Пецярбург са спектаклем “Гэта ўсё яна”, які паставіў рэжысёр Аляксандр Марчанка.

— Гэты спектакль у адрозненне ад “Каралевы прыгажосці з Лінэна” нараджаўся ў пакутах. Яму два з паловай гады, і ён вельмі рэдка ідзе.

— З чым гэта звязана?

— Кажуць, не прадаецца. Не ўсе яго разумеюць. На першыя паказы прыходзіла падрыхтаваная публіка, якая ведае інтэрнэт... Усе былі так пераўзбуджаны, і мы натхніліся. Нам сказалі, што гэта на дзіва патрэбны спектакль. І было б добра, калі б яго глядзелі падлеткі разам з бацькамі. Ён пра тое, што дзеці і бацькі не могуць знайсці агульную мову, губляюць нешта ў зносінах. І першыя чатыры-пяць спектакляў публіка была спагадная, чуйная. А потым, напэўна, яна проста скончылася? На адным з паказаў пажылыя гледачы размаўлялі ў першым радзе проста ўголас: “А хто гэта?..” — “Гэта яе палюбоўнік малады?..” Гэта значыць, яны не разумелі, што на сцэне маці і сын. У такой атмасферы цяжка іграць. Гэта стрэс для акцёра. Акрамя таго, спектакль рэдка ідзе, раз у паўгода, а там велізарная колькасць тэксту. Усю ненарматыўную лексіку мы прыбралі, ёсць толькі некалькі грубаватых слоў. І вось ты пачынаеш нешта нервова ўспамінаць, а глядач такое кажа...

У мяне былі прапановы да кіраўніцтва паказваць гэты спектакль па-за сценамі тэатра. Акрамя вышэйшых навучальных устаноў, у Віцебску шмат розных каледжаў. Давайце калі не яны да нас, то мы да іх. Нам не патрэбна нейкая асаблівая пляцоўка, асаблівае святло. Але пакуль ніхто на маю прапанову не адрэагаваў.

Што тычыцца фэсту, то мы знялі спектакль на відэа, адправілі заяўку ў Санкт-Пецярбург і забыліся пра яе. Мінула восем месяцаў, і раптам прыйшла вестка, што мы трапілі ў конкурсную праграму. З раніцы трэба было ехаць, а напярэдадні ўвечары ў мяне быў складаны і яшчэ даволі свежы спектакль “Дзіўная місіс Сэвідж”. У хлопцаў-партнёраў таксама. Нічога не зробіш: раніцай селі ў аўтобус, дзе ўсе заснулі, прыехалі ў Санкт-Пецярбург.

Прынялі нас добра. Жылі на Неўскім праспекце. Гэта міжнародны фестываль, сёмы ўжо. Ён праходзіць у тэатры “За Чорнай рэчкай”. Маленькая сцэна, зала на 80 гледачоў, але ёсць усё для святла і музыкі.

Калі рэпеціравалі, здавалася, будзе аўрал — блыталі тэкст, бо, калі паўгода спектакль не іграць, тэкст усё ж такі пачынаеш забываць. Без энтузіязму паабедалі. І вось вечарам выйшлі на сцэну. Напэўна, падзейнічала агульная атмасфера: нічога нам не перашкаджала, як быццам у зале нікога не было. Наш мастак Андрэй Жыгур пазней сказаў: вы яшчэ ніколі так гэты спектакль не ігралі.

Пасля адбылося абмеркаванне, там былі вядомыя крытыкі, у тым ліку галоўны рэдактар ”Пецярбургскага тэатральнага часопіса” Марына Дзмітрэўская, Яўгенія Троп. Яны засталіся, задавалі пытанні... Мы не чакалі, што да нас паставяцца так уважліва. Бо ў конкурснай праграме былі італьянцы, англічане, македонцы, тэатр “Ля моста” Сяргея Фядотава з Пермі... На наступны дзень мы з’ехалі, а потым даведаліся, што нам прысуджаны прыз у намінацыі “Лепшы спектакль фестывалю”.

Cцэна з пастаноўкі “Каралева прыгажосці з Лінэна”.

— Які этап цяпер перажывае Коласаўскі тэатр?

— Крызісу я не бачу. Магчыма, не хапае ў дастатковай колькасці дасведчаных рэжысёраў. Такі перыяд, што ўсе вучацца рэжысуры, але вучацца на нас, акцёрах. (Смяецца.)

“Каралева прыгажосці з Лінэна” — першая самастойная рэжысёрская работа нашай актрысы Ірыны Цішкевіч. Яна нічога нам не навязвала, працавала акуратна, па літары школы. Нам было лёгка разам. У лютым яна выпускае прэм’еру, паводле Мальера, “Хітрунствы Скапена”.

У канцы студзеня пачаў рэпетыцыі “Доктара філасофіі” Міхаіл Краснабаеў — у красавіку здае. Прыязджае галоўны рэжысёр Новага драматычнага тэатра з Мінска Сяргей Кулікоўскі, будзе ставіць “Дзядзькаў сон”, прэм’ера прызначаная на верасень. Расійскі рэжысёр Юрый Пахомаў будзе рабіць невялікі ў адрозненне ад ранейшых спроб на нашай сцэне спектакль.

— Ці задаволеныя вы пастаноўкай Пахомава “Дзіўная місіс Сэвідж”, у якой у вас галоўная роля?

— Так, задаволеная. Там шмат і маладых акцёраў, і нашых сталых майстроў. Усе працавалі з аддачай. Я, дарэчы, глядзела ў інтэрнэце ўрыўкі савецкіх спектакляў па гэтай п’есе — зусім іншая эстэтыка. Сёння і рытм жыцця, і твой унутраны рытм зусім іншыя. Іграць як раней ужо нельга.

— Ці радуе, што ваш сын Мацвей Шкуратаў працягвае акцёрскую дынастыю, працуе ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры ў Мінску?

— Мы не вельмі гэтага хацелі. Я бачыла яго адзін раз на сцэне, чула добрыя водгукі пра яго работы ад калег. Але, на жаль, у сына былі праблемы з пазваночнікам, ён выбыў з працэсу на некаторы час, страціў ролі... Мы адмовіліся ад аперацыі, зараз трэба прыкладаць волю і намаганні, каб прыйсці ў форму. Усё залежыць ад яго самога. У іх акцёрская сям’я — мая нявестка Алена Шкуратава іграе ў антрэпрызах, у Драматычным тэатры Беларускай арміі, добра танцуе, ставіць цікавыя пластычныя нумары, цудоўна спявае.

— Таццяна Уладзіміраўна, новых роляў і перамог на фестывалях! Заўсёды рады бачыць вас у Мінску.

— Дзякуй!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter