З вышыні спадарожніка

Да 2016-га GPS усталююць на усёй сельгастэхніцы Міншчыны

Аграрыі сталічнай вобласці маюць намер пашырыць практыку прымянення GPS-тэхналогій

Выкарыстанне GPS дазволіць укараняць метад дакладнага земляробства, якое зараз з’яўляецца адным з самых перадавых тэхналагічных напрамкаў. Пакуль яшчэ ён толькі пачынае прымяняцца ў асобных гаспадарках вобласці, але, як плануецца, ужо ў недалёкай будучыні атрымае больш шырокае распаўсюджванне.

«У традыцыйным земляробстве любыя аперацыі звычайна праводзяцца для ўсяго поля раўнамерна. А вось дакладнае ўлічвае, што характарыстыкі кожнага ўчастка могуць істотна адрознівацца. У адпаведнасці з гэтым і агратэхнічныя аперацыі трэба праводзіць дыферэнцавана для кожнай кропкі. Вопыт паказвае, што гэты метад дае добрыя вынікі: зніжаюцца фінансавыя затраты, паляпшаюцца характарыстыкі глебы і гэтак далей», — расказвае начальнік аддзела механізацыі, інвестыцый і інавацый камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама Сяргей Юркевіч. Укараніць гэты метад і дазваляюць GPS-тэхналогіі. У прыватнасці, сістэма спадарожнікавага online-кантролю і кіравання транспартам, якая вырашае цэлы комплекс задач. Па-першае, спецыяльная апаратура, якая ўстанаўліваецца на сельскагаспадарчую тэхніку, збірае даныя аб палетку, аналізуе іх, стварае карты і дазваляе прыняць аптымальнае рашэнне. «Напрыклад, мінеральныя ўдабрэнні будуць уносіцца дазавана для кожнага ўчастка з рознымі характарыстыкамі глебы. У асобных выпадках расход удабрэнняў скарачаецца на 30 % з-за іх правільнага размеркавання. Па-другое, вельмі важна, што GPS забяспечвае рацыянальнае перамяшчэнне тэхнікі. Сістэма паралельнага кіравання дазваляе вельмі дакладна рухацца па зададзенай траекторыі, пазбегнуць халастых прабегаў і непатрэбных разваротаў. З’яўляецца магчымасць максімальна выкарыстоўваць шырыню агрэгата і практычна пазбегнуць перакрыцця суседніх радоў. Апрача таго, яна вырашае праблему эканоміі паліва, кантралюе час работы, прастою, запраўкі, злівы і гэтак далей. А таксама кантралюе ашчадныя адносіны вадзіцеляў і механізатараў да тэхнікі. Для таго, каб прасачыць, дзе знаходзіцца любая адзінка тэхнікі, дастаткова адкрыць спецыяльную камп’ютарную праграму», — працягвае Сяргей Юркевіч.

GPS-маніторынг дазваляе выкарыстоўваць тэхніку максімальна рацыянальна і аналізаваць увесь ход работ за пэўны перыяд — інфармацыю можна счытваць штодзённа або па меры неабходнасці.

Зразумела, што падобнае абсталяванне не з разраду танных. Але, як падкрэслівае начальнік аддзела механізацыі, інвестыцый і інавацый, тыя, хто лічыць свае грошы і клапоціцца пра эфектыўнасць вытворчасці, усё больш актыўна пачынаюць прымяняць сістэмы спадарожнікавага online-кантролю і кіравання. У камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні ўпэўнены, што за гэтым падыходам — будучыня, таму настойліва рэкамендуюць яго. Канечне, далёка не ўсе гаспадаркі адразу змогуць «пацягнуць» такія ўкладанні, але ў кожным раёне ёсць, як мінімум, адна, а ў многіх і больш, дзе гэта рэальна. Першымі, канечне ж, сталі флагманы. Эксперымент ужо адпрацоўваўся на базе асобных гаспадарак Нясвіжскага, Мінскага, Маладзечанскага, Пухавіцкага і Капыльскага раёнаў, метад даказаў сваю эфектыўнасць.

Як паведаміў Сяргей Юркевіч, работа праводзіцца ў адпаведнасці з абласной праграмай, згодна з якой да 2016 года мяркуецца абсталяваць сістэмай GPS-маніторынгу ўсе агрэгаты. «А гэта 21 тыс. 490 адзінак тэхнікі. Ужо маюць адпаведную апаратуру 776 адзінак, сёлета будзе ўкамплектавана яшчэ 497 адзінак і гэтак далей. У большасці гэта трактары, высокапраходныя энергасродкі з шынамі нізкага ціску. Абсталёўваецца грузавы транспарт, кормаўборачныя і збожжаўборачныя камбайны, іншыя машыны і агрэгаты», — расказвае ён.

У бліжэйшы час, як толькі надвор’е дазволіць выйсці ў поле, камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні арганізуе спецыяльны тэматычны семінар, куды будуць запрошаны прадстаўнікі сельгасарганізацый Міншчыны і айчынныя вытворцы, якія вырабляюць GPS-сістэмы сачэння. На базе адной з гаспадарак яны змогуць на практыцы прадэманстраваць усе перавагі і вартасці сучаснага абсталявання, абмеркаваць умовы і магчымасці яго набыцця.

Сёлета вобласць працягне ўкараняць розныя тэхналогіі ў раслінаводчай галіне. У прыватнасці, сістэму мінімальнай апрацоўкі глебы, так званы безадвальны метад. На тых плошчах, дзе яго магчыма прымяняць, гэта дае добрыя вынікі і эканомію энергарэсурсаў. Ужо набыты і працягваюць набывацца адпаведныя шыроказахопныя агрэгаты, зараз іх у вобласці 930 адзінак.

«У гэтым годзе плануем сур’ёзна падысці да кормавытворчасці. Ставім мэту істотна павысіць якасць кармоў і, адпаведна, прадукцыйнасць сельскагаспадарчых жывёл. Для гэтага прынята рашэнне накіраваць намаганні на тэхнічнае перааснашчэнне. Плануем набыць больш за сотню высокапрадукцыйных кормаўборачных камбайнаў. Дарэчы, нядрэнную мадэль асвоіла вытворчае аб’яднанне «Гомсельмаш». Гэта камбайн КВК 8060, які па параметрах не саступае лепшым замежным аналагам. Машына прайшла выпрабаванні ў Салігорскім раёне і вельмі добра сябе паказала. Апрача таго, плануецца набыць па 150 адзінак шыроказахопных касілак і грабляў-валкавальнікаў, 200 сучасных кормараздатчыкаў, каб забяспечыць якаснае прыгатаванне кармоў. Гэта будзе сапраўдная рэвалюцыя ў кормавытворчасці», — працягвае Сяргей Юркевіч.

У сталічнай вобласці праведзена маштабная мадэрнізацыя жывёлагадоўчых памяшканняў з устаноўкай сучаснага даільнага абсталявання. Праграма прадугледжвала 323 фермы, на многіх зманціраваны даільныя залы і іншае абсталяванне для МТФ вытворчасці СП «Унібокс». Камп’ютарызаваны працэс патрабуе кваліфікаваных кадраў на кожным этапе работы. Для гэтага «Унібокс» на базе Смілавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа пачаў ствараць навучальны цэнтр, дзе змогуць праходзіць падрыхтоўку спецыялісты і аператары машыннага даення. Сюды будуць запрашацца як айчынныя, так і замежныя выкладчыкі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter