З водарам лета

Палац Рэспублікі экспануе вынікі арт-пленэра «Лета ў правінцыі»

Мастацкая галерэя «Універсітэт культуры», што ў Палацы Рэспублікі, экспануе вынікі арт-пленэра «Лета ў правінцыі»

У ліпені мінулага года амаль 20 мастакоў Міншчыны, а таксама Ліды і Бабруйска натхнёна занатоўвалі на сваіх палотнах пейзажы Смалявіцкага краю. Праект быў арганізаваны пры падтрымцы Смалявіцкага райвыканкама ў супрацоўніцтве з грамадскай арганізацыяй «Беларускі зялёны крыж». Ён даў магчымасць мастакам-педагогам, якія выкладаюць у мастацкіх школах, гімназіях і ВНУ, паказаць уласнае майстэрства, свой творчы патэнцыял і падзяліцца вопытам з калегамі. Як вынік — у раёне з’явілася цікавая перасоўная экспазіцыя, якая ўжо зрабіла сваё падарожжа па аграгарадках і вёсках Смалявіччыны.

І вось зараз лепшыя работы прадставіла на суд аматараў жывапісу адна з самых вядомых галерэй сталіцы. «Выстава стала для нас сапраўднай падзеяй, пра якую можна было толькі марыць. 24 карціны, на якіх прыгажосць вясковых смалявіцкіх краявідаў, размясціліся ў зале, што апошнім часам больш прывыкла бачыць суперсучасныя, нават касмічныя работы. Цікавасць да нашай экспазіцыі дае права зрабіць выснову, што такое мастацтва запатрабавана. І гэта натхняе нас яшчэ больш. Тыя дні, што мы правялі на пленэры, згуртавалі і пасябравалі мастакоў, якія працуюць у розных жанрах і тэхніках. Я веру, што абавязкова будзе другі пленэр, трэці і гэтак далей. Мы з задавальненнем прымем новых удзельнікаў», — адзначыла загадчык мастацкага аддзялення Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў Наталля Камінская на адкрыцці экспазіцыі. Дарэчы, прайшло яно ў вельмі творчай, цёплай атмасферы — узнёслыя прамовы, планы на будучае, віншаванні і жывая музыка. Выстава будзе доўжыцца да 19 студзеня, а надалей плануецца ваяж па тых гарадах, дзе жывуць і працуюць мастакі — удзельнікі пленэра.

Увогуле, у Смалявічах апошнім часам актыўна ажыццяўляюцца самыя розныя творчыя праекты. І гэта вельмі паказальна. Адметна, што адбываецца гэта пры непасрэднай падтрымцы мясцовай улады, якая з энтузіязмам, нефармальна ставіцца да любой ідэі. Таму і атрымліваюцца справы, якія ўжо традыцыйна выходзяць за межы раёна.

Намеснік старшыні Смалявіцкага райвыканкама Аляксандр Шлыкаў упэўнены, што для таго, каб творчая ініцыятыва з’яўлялася і развівалася, улада павінна ствараць самыя спрыяльныя магчымасці. «Трэба, каб кожны чалавек, у якога ёсць цікавая і карысная ідэя, ведаў, што першае, куды трэба ісці, — гэта ў райвыканкам. І там яго зразумеюць і падтрымаюць. Мастацтва і творчасць маюць у сабе вялікі выхаваўчы і духоўны патэнцыял, вельмі важна гэта развіваць. А калі аб’ядноўваюцца творчыя людзі, то нараджаюцца пленэры, выставы і гэтак далей. Увогуле, была задума зрабіць «Лета ў правінцыі» пазнавальным творчым брэндам смалявіцкай зямлі, каб праект далей развіваўся як магутны культурны форум, да якога далучацца іншыя накірункі. Было б карысна, каб не засталася па-за справай і сфера турыстычнага бізнесу. Спектр магчымасцей неабмежаваны, і сёння мы чакаем канкрэтных прапаноў», — падзяліўся планамі Аляксандр Шлыкаў.

На здымку: падчас агляду экспазiцый.

Фота: Аляксандр ВАЛАДЗЬКО

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter