Зівержат па імені Зоя

Аповед пра тое, як жанчына з Дагестана знайшла свой лёс у Беларусі
Аповед пра тое, як жанчына з Дагестана знайшла свой лёс у Беларусі

Зівержат Зоя, працавітая агародніца з ДагестанаУ нашай краіне, акрамя беларусаў, жывуць прадстаўнікі 140 іншых нацыянальнасцяў. Пра жыццё, падзеі ў дыяспарах распавядае наша газета. Звычайна згадваюцца людзі сацыяльна праяўленыя. Такія, як спартсмен Націк Багіраў — а гэта брэнд, твар, візітная картка азербайджанскай дыяспары ў Беларусі. Ці Сайфу Рахман Махамеджан, лідар тутэйшых афганцаў. Без такіх асоб, магчыма, этнічнага руху ў чужой краіне, нават прыветнай да ўсіх Беларусі, увогуле не было б. Цяпер мы вырашылі “пайсці ў народ”: расказваць і пра тых, каго не сустрэнеш на святочных фэстах. Хто яны, як зарабляюць на жыццё, пра што мараць, да чаго імкнуцца? Плануем прадоўжыць публікацыі па гэтай тэматыцы. Будзем пісаць пра людзей розных нацыянальнасцяў, для якіх воляй лёсу Беларусь стала другім родным домам, якія цяпер нам як “зводныя сёстры і браты”.
Такім чынам, знаёмцеся: Зівержат Магамедаўна Расулава, жанчына з Дагестана, працуе на зямлі і на адным з міні-рынкаў Мінска.

— Зівержат, а тут вас называюць і Зояй…
— Так і ёсць, нават тата мой так мяне называў з дзяцінства: ён вельмі любіў гэтае імя. Родам я з Дагестана, самага шматнацыянальнага рэгіёна Расіі. Афіцыйна мы, вядома, усе дагестанцы, але калі, як казаў Аркадзь Райкін, нас “прыціснуць да цёплай сцяны”, то высветліцца, што адзін — аварац, другі — рутулец, трэці наогул табасаранец!

— Шчыра кажучы, пра дзве апошнія нацыянальнасці я ніколі не чуў!..
— А яшчэ ў Дагестане жывуць цахуры, ахвахцы, багулалы, лакцы, кумыкі, таты-іудаісты, андыйцы — не трэба толькі іх блытаць з індыйцамі...

— Ну а вы, Зівержат, хто па нацыянальнасці?
— Ды лезгінка я! Ведаеце, ёсць такі танец, і гэта — наш нацыянальны танец. А муж мой, Магамед, даргінец. У мяне тры дачкі і сын. Сям’я ўвогуле інтэрнацыянальная, бо адзін зяць — беларус, другі — лакец, трэці — лезгін, а нявестка наша — руская.

— І сапраўды: цэлы “інтэрнацыянал”! А чаму вы пераехалі менавіта ў Беларусь?
— Адна з дачок выйшла замуж за беларуса, а сын у той час вучыўся ў адной з мінскіх вну. Вось і вырашылі ўладкавацца тут, і не шкадуем. У Беларусь прыехалі ў 1999 годзе. Нам вельмі падабаецца беларускі менталітэт. Народ добры, спакойны, ураўнаважаны, дружалюбны. Ведаем, што робіцца ў Маскве ды іншых расійскіх гарадах: там, кажуць, нейкія скінхеды, неафашысты па вуліцах шныраць...

— Не ўсё там спакойна...
— Як зразумець? Дружна жылі, у вайну продкі братамі па зброі былі, у акопах супраць гітлераўцаў ваявалі, адну перамогу кавалі. А сёння чаму ваўкамі сталі? Слава Богу, у Беларусі экстрэмістаў няма, жыццё спакойнае, без патрасенняў. Мы тут людзей паважаем, і нас паважаюць. Домік у вёсцы пад Барысавам купілі. Вырошчваем з мужам на агародзе цыбулю, радыску, кінзу, кроп, пятрушку. У асноўным для сябе, і трошкі прадаю. Гэта і прыбаўка да пенсіі, і людзі могуць купляць у нас зеляніну круглы год! Хата ў вёсцы, бліжэй да зямлі, і нашы дзеці-ўнукі побач. Што яшчэ трэба, каб годна сустрэць старасць! Мы простыя людзі, мы ж нічога “завоблачнага” ад жыцця не патрабуем і не чакаем. Як па мне, дык лепш сустракаць і пражываць спакойны звычайны дзень, без нейкіх падзей, чым поўны катаклізмаў! Слава Богу, у Беларусі ніякіх узрушэнняў няма і, спадзяюся, не будзе…

— А калі аднойчы ўнукі скажуць: бабуля, хочам вярнуцца ў Дагестан… Што адкажаце?
— Дагестан — гэта наша гістарычная радзіма, з якой мы сувязяў ніколі не гублялі і не страцім! І я не буду пярэчыць унукам: як захочуць — хай едуць! Яны самі павінны вырашаць, дзе ім жыць, што рабіць. Але сёння я магу шчыра і ўпэўнена сказаць, што для нас няма лепшай краіны, чым Беларусь.

Яўген Дарэнскі

На здымку:
Зівержат Зоя, працавітая агародніца з Дагестана
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter