Пасха — главный праздник всех христиан. Католики встретят его в этом году 9 апреля

З верай у душы і мірам у сэрцы

У нядзелю, 9 красавіка, каталікі адзначаць Вялікдзень

Якія традыцыі суправаджаюць гэта свята, як яго сустрэць і што прыгатаваць да стала?

Заканчэнне саракадзённага посту

Вялікдзень — галоўная ўрачыстасць усіх хрысціян, да якой каталікі рыхтаваліся на працягу Вялікага посту, які сёлета доўжыўся з 22 лютага. Учора распачаўся Святы велікодны Трыдуум. Так, Літургія Вялікага Чацвярга нагадвала аб Апошняй Вячэры, калі Езус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі. Вялікая Пятніца прысвечана пакутам і смерці Збаўцы на крыжы. Сёння ў касцёлах не адбываюцца звыклыя літургіі: у іх не спяваюць, не гучыць арган. Вернікам у пятніцу варта прытрымлівацца строгага посту. Вялікая Субота — дзень цішыні, калі ў касцёлах моляцца ля труны Езуса Хрыста. Таксама ў гэты дзень благаслаўляюць разнастайныя стравы. Велікодная вігілія, якая адбываецца пасля заходу сонца, — кульмінацыя свята. Яна пачынаецца з запальвання вялікай свечкі-пасхала, затым служыцца літургія, у касцёлах гучаць чытанні са Старога і Новага Запавету, вернікі аднаўляюць хросныя абяцанні.

Галоўнае — згода ў сям’і

Звычайна святочныя кошыкі пачынаюць акрапляць свянцонай вадой з раніцы да вечара суботы, у некаторых касцёлах — яшчэ і ў нядзелю. Стол на Вялікдзень можна ўпрыгожыць букетам з вярбы. Арыгінальна выглядаюць і загадзя прарошчаныя пшаніца або авёс: калі яшчэ за вакном не хапае вясновых фарбаў, маладая зеляніна радуе вока і сімвалізуе новае жыццё. На белым абрусе змяшчаюцца велікодныя стравы, яйкі, хлеб, соль. За святочным сталом збіраецца ўся сям’я, прысутныя разам чытаюць малітву, пасля чаго ядуць асвячоныя яйкі. І вітаюць адзін аднаго словамі: «Хрыстос уваскрос!» — «Сапраўды ўваскрос!»

Вядома, самае галоўнае, каб знешні бок падрыхтоўкі да Вялікадня, разнастайныя традыцыі і абрады не сталі падменай сапраўднага свята. Самае дарагое і каштоўнае — узаемапаразуменне, прабачэнне, згода ў сям’і. Гэта светлае вясновае свята — цудоўная нагода пабыць з роднымі і блізкімі людзьмі.

Што пакласці ў велікодны кошык?

Прадукты, якія мы прыносім у храм, лічацца пэўнымі сімваламі.

У кошыку традыцыйна змяшчаюць:

♦ Пафарбаваныя яйкі — сімвал адра­джэння жыцця, бо Хрыстос уваскрос з мёртвых і перамог смерць.

♦ Хлеб — успамін пра Слова, якое стала Целам.

♦ Соль, бо хрысціяне з’яўляюцца соллю зямлі.

♦ Мяса і вяндліну — як сімвал дабрабыту.

♦ Разнастайную здобу, кулічы, якія адлюстроўваюць умеласць і дасканаласць гаспадыні.

♦ Хрэн, што нагадвае аб пераадоленні горычы Хрыстовай мукі.

У велікодны кошык можна «паса­дзіць» пасхальнага баранка. Гэта сімвал Езуса Уваскрослага, а таксама адлюстраванне пакоры і лагоднасці. Фігурку потым ставяць на святочны стол.

Кошык можна аздобіць рознакаля­ровымі стужкамі, вербнымі галінкамі ці вясновымі кветкамі, а ежу прыкрыць белай сурвэткай.

ГАСПАДЫНЯМ ДА ЎВАГІ

«Гармонік» са свініны ў пікантным соева-мядовым марынадзе, з чарнаслівам і арэхамі

Вам спатрэбіцца: свініна (карэйка, выразка) — 600 г, арэхі грэцкія — 60 г, чарнасліў — 100 г, алей раслінны — 30 мл (2 ст. л.). Для марынаду: соевы соус — 30 мл, гарчыца сталовая — 15 г, мёд — 35 г, соль — 1 ч. л., папрыка молатая — 1 ч. л., базілік сушаны — 1 ч. л.

Найперш прыгатуйце марынад. У міску выкладзіце мёд, соевы соус і гарчыцу. Дадайце папрыку, соль і базілік. Усе змяшайце. Па ўсёй даўжыні кавалка свініны зрабіце глыбокія надрэзы на адлегласці 1 см адзін ад аднаго, каб утварыўся «гармонік». Мяса змясціце ў глыбокую міску. Заліце яго марынадам. Накрыйце міску харчовай плёнкай і адпраўце ў халадзільнік мінімум на 2 гадзіны. Пасля ўключыце духоўку, хай разаграваецца да 180 градусаў.

Чарнасліў прамыйце і абсушыце папяровай сурвэткай. Грэцкія арэхі нарэжце дробнымі кавалачкамі. Вазьміце кавалак фольгі, па памеры ў 2,5—3 разы большы, чым мяса. Змясціце фольгу ў форму для запякання. Выкладзіце на яе замарынаваную свініну, а ў разрэзы раўнамерна размяркуйце чарнасліў і арэхі. Паліце зверху раслінным алеем. Герметычна загарніце мяса ў фольгу і адпраўце ў разагрэтую духоўку. Запякайце 50—60 хвілін пры тэмпературы 180 градусаў да гатоўнасці. Нарэжце мясны «гармонік» кавалачкамі і падавайце да стала. Пры жаданні дапоўніце мяса свежай гароднінай, духмянай зелянінай. Смачна есці!

СВЯТОЧНЫ ЭФІР

У суботу, 8 красавіка, Белтэле­радыёкампанія арганізуе для вернікаў прамую трансляцыю галоўнага набажэнства. Так, на тэлеканале «Беларусь 1» у 21:45 адбудзецца анлайн-трансляцыя Пасхальнай вігіліі. 9 красавіка велікодная раніца пачнецца са слова мітрапаліта Мінска-Магілёўскага архібіскупа Юзафа Станеўскага. На тэлеканале «Беларусь 3» у той жа дзень у 17:00 можна будзе ўбачыць Велікоднае Пасланне і Благаславенне «Граду і Свету» з Ватыкана з удзелам Папы Рымскага Францыска.

hilkok@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter