З верай у дабрыню


Шчаслівыя вочкі, усмешкі на тварах, а ў руках — доўгачаканыя падарункі. Так павінны выглядаць усе дзеці ў навагоднія святы незалежна ад жыццёвых абставін. Таму стала добрай традыцыяй праводзіць у гэты час, калі ўсе чакаюць хоць невялікіх, але цудаў, дабрачынную акцыю “Нашы дзеці”. На працягу месяца крочыла яна па краіне, заглядваючы нават у самыя аддаленыя рэгіёны, завітваючы ў дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, інтэрнатныя ўстановы, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя бальніцы. Мэта акцыі — не пакінуць без увагі ніводнае дзіця ў краіне, паказаць, што права на любоў і клопат маюць і сіроты, і інваліды — абсалютна ўсе грамадзяне.


Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч уручыў падарункі  хлопчыкам і дзяўчынкам з мінскага дзіцячага дома № 5.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка наведаў Бягомльскую дапаможную школу-інтэрнат Докшыцкага раёна.

Да віншаванняў дзяцей падключыліся каля 90 міністэрстваў, ведамстваў, грамадскіх аб’яднанняў. Дзедамі Марозамі і Снягуркамі выступілі таксама асобныя бізнесмены і індывідуальныя прадпрымальнікі. У якасці сюрпрызаў не толькі салодкія ласункі дзецям. Традыцыйна падарункі ўручаюцца і ўстановам, у якіх выхоўваюцца юныя грамадзяне. Да прыкладу, Бягомльскай дапаможнай школе-інтэрнату Докшыцкага раёна на Віцебшчыне Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка перадаў сучасны тэлевізар і набор мяккай мэблі. Цэнтру карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў Маладзечне Мінскай вобласці першы намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Валерый Калінковіч падарыў камп’ютарную тэхніку і DVD-прайгравальнік. Гарадзішчанскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў у Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці атрымаў з рук намесніка Прэм’ер-міністра Анатоля Калініна бытавую тэхніку, два тэлескапічныя пераносныя пандусы, камп’ютар, прамысловы блендар і музычнае абсталяванне.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава падзялілася цеплынёй і святочным настроем з выхаванцамі мінскага дзіцячага дома № 7 “Сем Я”.

Прэм'ер-міністр Беларусі  Андрэй Кабякоў павіншаваў з Новым годам  і Раством Хрыстовым вучняў Маладзечанскай спецыяльнай агульна-адукацыйнай школы-інтэрната.

Але куды больш важныя за матэрыяльныя падарункі для дзяцей, абдзеленых сямейнай любоўю, цеплыня і падтрымка добрых людзей. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, наведваючы мінскі дзіцячы дом № 7 “Сем Я”, адзначыла, што вельмі важна быць побач з дзецьмі і радавацца разам з імі ў чаканні захапляльнага свята: “У нашай краіне акцыя “Нашы дзеці” стала сапраўды добрай традыцыяй. Беларусы вельмі спагадлівыя, міласэрныя, добрасардэчныя. Гэтую ідэю падхапілі літаральна ўсе”.

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч павадзіў карагоды з выхаванцамі Радашковіцкай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.


Акцыя завяршаецца 10 студзеня. Але не завяршаецца здзяйсненне добрых спраў. Падтрымка міністэрствамі, ведамствамі і грамадскімі аб’яднаннямі падшэфных дзіцячых сацыяльных прытулкаў, школ-інтэрнатаў, дамоў сямейнага тыпу будзе аказвацца на працягу ўсяго года. Дабрыня не ведае часу і межаў.


mila@sb.by

Фото БЕЛТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter