З вераб’ямi не засумуеш

Нiколi не пагаджуся з тым, хто сцвярджае, што верабей — зусiм нецiкавая птушка...

Нiколi не пагаджуся з тым, хто сцвярджае, што верабей — зусiм нецiкавая птушка. На першы погляд, быццам i так. Мы ў Беларусi звыклiся з такiмi шматлiкiмi суседзямi, якiя засяляюць месцы каля чалавечага жылля, сады, паркi, гняздуюцца ў шчылiнах будынкаў, дуплах дрэў, калi пашанцуе — у шпакоўнях. Проста не звяртаем на iх нiякай увагi. Маўляў, звычайная, самая што нi ёсць простая птушка. 

Дарэмна. У гэтых маленькiх птушак з шаравата-карычневым апярэннем, вага якiх рэдка перавышае нават 30 грамаў, сваё цiкавае жыццё, свае звычкi i паводзiны. Нават, не пабаюся гэтага слова, свой характар. Варта толькi паназiраць за iмi, калi пашанцуе, зблiзку i доўгi час. Мне такi шанс выпаў ля нашай хаты ў вёсцы — цяпер я маю асабiстае задавальненне ад знаёмства з вераб’ямi. Яно пачалося ячшэ ў красавiку, працягваецца i зараз, у лiпенi, прыносячы мне новыя адкрыццi i задавальненне. Вось толькi некалькi штрыхоў з вераб’iнага жыцця-быцця. 

Аднойчы сям’я змайстравала сваё гняздо ў густым кусце смародзiны, якая расце прама пад вокнамi нашай хаты. Iх зусiм не палохала такое суседства, наадварот, мне здавалася, што вераб’i адчувалi сябе больш спакойна побач з намi. Ды прыйшла бяда: дабраўся да гнязда шкодлiвы кот — i нiчога не засталося ад маленькiх птушанятак. I хаця вераб’i выводзяць iх два—тры разы на год, усё роўна для бацькоў такое здарэнне — трагедыя. 

Таму сёлета яны знайшлi бяспечнае месца: звiлi гняздо ў шчылiне на даху нашай хаты. Цяпер толькi зверху пазiраюць, як той самы кот-шкоднiк лазiць па кустах смародзiны, i задаволена цiўкаюць: «Ну што, паласаваўся? Паспрабуй цяпер нас дастаць». 

Далiбог, мне здаецца, што вераб’i размаўляюць са мной на сваёй мове. Прычым, з пахвальнай стараннасцю. I калi бачаць, што я не надта рэагую на iх такое жаданне, быццам крыўдуюць, а ў iх голасе адчуваецца здзiў­ленне. Так атрымалася i сёння. Цёплая цiхая ранiца. Выйшаў з хаты, сеў на лавачку. Наш верабей тут як тут, пырхнуў з-пад даху, апус­цiўся на галiнку слiвы, зусiм блiзка ад мяне i: «Цiў-цiў-цiў!» Быццам павiтаўся са мной — добрай ранiцы, значыць. Я наўмысна не гляджу ў яго бок, сяджу нерухома. 

Цiўканне стала больш настойлiвым, нават патрабавальным. З майго боку — нiякай увагi. Тут верабей ужо не зацiўкаў, а зачырыкаў з нейкай злосцю, да яго падляцеў яшчэ адзiн, прымасцiў­ся побач. I пачалi абодва не тое што цiўкаць, а проста верашчаць. Я падняўся, накiраваўся да iх. I што вы думаеце?.. Птушкi адразу змоўклi, закруцiлi галоўкамi. Усе зразумела: я адклiкнуўся на iх прывiтанне — вось i задаволены. Пераляцелi на суседнюю вiшню, селi так, каб яны бачылi мяне, а я iх. Паварочваю да хаты — вераб’i зноў пералятаюць на слiву i наперабой цiўкаюць. Здаецца, чуецца ў iх галасах: «Ну што за дзiвак-чалавек! Цi ж можна сядзець у хаце такой цудоўнай ранi­цай? Пабудзь з намi...» 

Над калодзежам у нас змайстравана шырокая накрыўка. Побач, у зялёнай траве, стаiць невялiчкая балейка, у якой заўсёды чыстая вада.  Бадай, самае любiмае месца для вераб’­ёў, асаблiва ў спякоту: падлятаюць да балейкi па аднаму, а то i некалькi адразу. Учэпiцца птушка за край сваiмi тоненькiмi кiпцюрамi, азiрнецца навокал, цi не пагражае небяспека, — i дзюбкай у ваду. Падымае ўверх галоўку, глытае. Вясной, калi было холадна, яму хапала чатыры-пяць глыткоў. А ў чэрвенi, калi прыпякло, дык «дзюбае» ваду разоў з дзесяць. А калi ў поўдзень сонца пячэ немiласэрна, дык вераб’i прыдумалi ў балейцы нешта падобнае на душ. Акуне ўсю галоўку ў ваду, страсянецца — i адлятае, радасна цiўкаючы, у густую вершалiну яблынi, уступаючы «душ» свайму родзiчу. 

Аднойчы мы з жонкай пасыпалi на гэтую самую накрыўку крошкi хлеба, паставiлi тут жа  мiсачку з вадой — ешце i пiце на здароўе. Але ж вераб’i поўнасцю праiгнаравалi наш клопат, iх зусiм не зацiкавiла такая «кухня». Ну што iм хлеб, такая нiшчымнiца, калi летам усюды столькi розных насякомых!.. 

А тут яшчэ над самай накрыўкай апусцiлiся доўгiя гнуткiя галiнкi ружы. I вераб’i, такiя выдумшчыкi, сумяшчаюць, як гаворыцца, прыемнае з карысным. Садзiцца верабей на галiнку той самай ружы, гойдаецца i, падабраўшы зручны момант, лёгенька саскаквае да вады. Быццам на тых арэлях. 

Што нi кажыце, а з такiмi вераб’ямi, як ля нашай хаты, не засумуеш. Iншы раз выкiнуць такi нумар, што проста дзiўна. Аднойчы я назiраў, як некалькi iх смела ганялiся за катом. А то пачнуць свае шумныя гульнi на самай дарожцы, якая вядзе да калiткi. Але ж каб на вулiцу — не, там небяспечна, там машыны. 

Думаю, чытачы зразумеюць аўтара, якi прысвяцiў вераб’ям такiя вершаваныя радкi: 

Каля нашай вясковай хаты 

Вераб’i з намi ў добрай згодзе. 

На ўсё лета iм стол багаты 

У нашым садзе i агародзе. 

Прачынаюцца вельмi рана 

I да вечара — так увiшна — 

Аглядаюць яны старанна 

Нашы яблынi, слiвы, вiшнi. 

I зусiм яны не чужыя, 

Бо жаданыя на прыкмеце. 

Ах вы, птушачкi дарагiя, 

З вамi лепш i цяплей на свеце. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter