Сёння ў народнага артыста СССР і Беларусі Генадзя Аўсяннікава юбілей — 80 гадоў

З той самай хітрынкай у вачах

Сёння ў народнага артыста СССР і Беларусі Генадзя Аўсяннікава юбілей — 80 гадоў. У Нацыянальным акадэмічным тэатры имя Я. Купалы прайшоў тыдзень пастановак, не проста прысвечаных юбіляру, а сем спектакляў, дзе заняты акцёр, якія дазваляюць убачыць шырокую палітру вобразаў Майстра — у сусветнай, рускай, нацыянальнай класіцы, сучаснай драматургіі. 

Генадзь Аўсяннікаў... Не проста імя ў мастацтве. Імя ў гісторыі і лёсе нашай краіны і нашага народа. Не проста яркі тыпаж, які сваёй творчасцю адлюстраваў эпоху. Візітная картка нацыянальнага тэатральнага мастацтва. У свядомасць некалькіх пакаленняў ён увайшоў раз і назаўжды як увасабленне ўсяго найлепшага ў народзе: гумару, мудрасці, дабрыні. 

Выключна інтэлігентны чалавек энцыклапедычных ведаў, з’едліва іранічны, з цудоўным пачуццём гумару, непрадказальны ў размовах, добра адукаваны, начытаны. Бадзёры не па гадах, а энергетыка думкі зачароўваючая. Аматар і знаўца Пушкіна. Прыемна сустрэць яго ў горадзе і пачуць нечаканыя пытанні з уласцівай хітрынкай у вачах: «А як па бацьку Таццяну Ларыну?», або «Ці доўга Яўгеній Анегін даглядаў свайго дзядзечку?» І бачыць яго непадробную радасць ад таго, што суразмоўца не расчараваў адказам. 

Ці — паспрабуеш павіншаваць з удачнай работай у тэатры або кіно, загаварыць пра захопленыя водгукі ў замежнай прэсе пра яго генерала Равунова-Каравулава ў спектаклі па чэхаўскім «Вяселлі», ён іранічна адпарыруе: «Якія рэцэнзіі? Пасля спектакля МХАТа ў Парыжы Качалава і Хмялёва прама на вуліцы запрашалі прысесці за столік выпіць кавы. Вось і мы з Гарбуком таксама былі запрошаны». 

Ён ніколі не іграе ў жыцці. Для яго важна не славіцца, а быць. Яго чалавечую сутнасць таленавіта падгледзеў рэжысёр Дзмітрый Міхлееў у фільме пра акцёра: прыезд Аўсяннікава ў родныя Бялынічы, дзе не быў гадоў 30. Як ён ідзе па вуліцы, як размаўляе з мясцовымі жыхарамі, як прагна п’е ваду, што струменіць з калонкі, як пражывае імгненні свайго лёсу, калі замест аповеду пра мінулае, чытае каля свайго дома вершы Генадзя Шпалікава. Цяжка стрымаць слёзы. Так і ў тэатры, пражываючы лёсы сваіх герояў, ён прымушае смяяцца і плакаць разам з ім — то камічны трагік, то трагічны комік. 

Ён вельмі рана страціў бацькоў. Выхоўвала яго цётка — настаўніца матэматыкі Марфа Гаўрылаўна. Кнігі і настаўніцкі асяродак — памяць дзяцінства. У час вайны зведаў холад і голад. Шасцігадовым хлапчуком бачыў, схаваўшыся ў яры, як расстрэльвалі яўрэяў. Пасля сямігодкі паступіў у машынабудаўнічы тэхнікум, але хутка зразумеў — не яго. Год правучыўся ў Рыжскай мараходцы (потым на доўгія гады за ім замацавалася мянушка Капітан) і вярнуўся ў 9-ы клас у Бялынічы. Тут настаўніца нямецкай, якая кіравала драмгуртком, прарасціла ў душы юнака тэатральнае зерне. З яе блаславення ў 1953-м Аўсяннікаў паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на курс Канстанціна Саннікава. А пасля заканчэння, у 1957-м прыйшоў у Купалаўскі тэатр. 

Быў час, калі пра яго пісалі: майстар эпізоду. Але ён заўсёды выходзіў за рамкі тыпажу, і ўжо ў 22 гады яму давяралі іграць дзядоў. У «Паўлінцы» пачынаў у масоўцы, затое побач з народным артыстам СССР Глебам Глебавым выдатна вывучыў ролю Пустарэвіча, потым доўгія гады яе іграў. 

Артысту пашчасціла сустрэць свайго драматурга — Андрэя Макаёнка і сыграць ва ўсіх яго п’есах. Адной са знакавых вяршыняў у творчасці Аўсяннікава стаў Цярэшка Калабок у «Трыбунале». «Гэты артыст нясе галоўную праўду, выяўляе сутнасць чалавека. Аўсяннікаў — само жыццё», — прызнаваўся Макаёнак. На падоранай акцёру кнізе напісаў: «Майму лепшаму сябру. Цябе Бог паслаў ва ўзнагароду за нешта. Пі ў меру, закусвай добра, галаву не губляй». Гэтых парад Аўсяннікаў прытрымліваецца ўсё жыццё. А пасля выканання ім ролі Калабка глядач і па гэты дзень ходзіць у тэатр «на Аўсяннікава». 

1989 год. У Маскве на сцэне МХАТа купалаўцы ігралі «Страсці па Аўдзею» Бутрамеева. Кіраўнік Тэатра нацый Яўген Сіманаў быў узрушаны ўбачаным: Аўсяннікаў — гэта спакой, засяроджанасць і мудрасць, у спектаклі акцёр нагадваў геніяльнага Барыса Шчукіна ў ролі Ягора Булычова на сцэне Вахтангаўскага тэатра. «Ён уваскрашае забыты сёння жанр трагедыі», — сказаў тады Сіманаў. 

А на роднай купалаўскай сцэне для рэжысёра Валерыя Раеўскага Аўсяннікаў быў незаменным акцёрам-сааўтарам, неад’емнай часткай магутнага акцёрскага ансамбля. Вяршынныя яго ролі ў спектаклях менавіта гэтага майстра — пачынаючы ад «Што той салдат, што гэты» Брэхта, «Трыбунала» і далей да завяршэння іх сумеснай творчасці — спектакля-рэквіема «Вечар». 

Не абыйшлі ўвагай артыста кінематограф і тэлебачанне. Знакава, што адну з першых галоўных роляў на экране ён сыграў у фільме па аповесці Васіля Быкава «Доўгія вёрсты вайны». Яго запрашалі здымацца Тураў і Дабралюбаў, Рубінчык і Пташук, Чацверыкоў і Зайцаў, Яфрэмаў і Сычоў. Сам факт з’яўлення акцёра на экране надаваў кадру нацыянальны каларыт. 

Ён не шкадуе аб несыграных ролях. Пазбягае бурчання, папаўняючы ўнутраную незадаволенасць сакавітым жартам або паэтычным радком. 

У яго выдатны тыл: амаль 35 гадоў побач прыгожы, разумны, верны і надзейны сябар — жонка Ніна Уладзіміраўна Завадская. 

У яго няма хобі. Для яго тэатр — і храм, і дом, і майстэрня ўсе 58 гадоў служэння сцэне. 

Нэлі КРЫВАШЭЕВА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter