З таго часу i пайшло, i паехала…

У Алены Усцiновiч з нараджэння цяга да вандровак...

“Падарожнiчаць, — лiчыць дырэктар Бабруйскага цэнтра юных турыстаў “Вандроўнiк” Алена Усцiновiч, — фiзiчна i духоўна ўзрастаць”

Напэўна, у Алены Усцiновiч з нараджэння цяга да вандровак. Дома яе было не ўтрымаць. Калi бацькi куды ехалi, яна абавязкова з iмi. Яшчэ школьнiцай адна i з сяброўкамi абышла наваколлi Крычава, дзе жыла сям’я, памятныя мясцiны. Абласныя турзлёты, зарнiцы таксама не абыходзiлiся без яе ўдзелу.

Вось так i ў Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце, куды неўзабаве паступiла. Як убачыць хлопцаў, дзяўчат з рукзакамi, гiтарамi, якiя вярталiся ня-дзельнымi вечарамi з якiх-небудзь вандровак, аж душа ўскiпае: самой бы так! А тут аб’ява на факультэце з прапановай аматарам падарожжаў сабрацца разам для абмеркавання спраў. Пайшла без роздуму. I ўжо ў наступныя выхадныя адправiлася з групай такiх жа, як сама, энтузiястаў у паход на Лепельшчыну. Гэтае падарожжа пакiнула незабыўныя ўражаннi. З таго часу, як кажуць, i пайшло, i паехала: калi была студэнткай, пабывала ў Сярэдняй Азii, на Каўказе, ва ўкраiнскiх Карпатах, у iншых мясцiнах. Спачатку хадзiла пад кiраўнiцтвам больш вопытных падарожнiкаў, а потым сама ўзначальвала групы. Усялякае здаралася, але яна з гонарам выходзiла з сiтуацый. Нездарма атрымлiвала спартыўныя разрады. Яе хвалiлi i кiраўнiцтва турыстычных клубаў, i тыя, з кiм падарожнiчала.

Ну а пасля унiверсiтэта — праца па размеркаваннi, сямейнае жыццё. Дарэчы, з мужам пазнаёмiлася ў час адной з паездак у Рыгу. Як высветлiлася, i той аматар вандровак. Сына, дачку, якiя неўзабаве нарадзiлiся, сталi далучаць да сваiх захапленняў – можна сказаць, турыстычная сям’я.

А калi пераехалi на пастаяннае жыхарства ў Бабруйск, адкрылi для сябе турыстычны клуб “Мерыдыян”, якi быў добра вядомы i ў вобласцi, i ў краiне дзякуючы такому энтузiясту, як Вiталiй Сакалоў. З задавальненнем наведвалi клуб (муж i жонка Усцiновiч – кандыдаты ў майстры па спартыўным турызме), дзе толькi не пабывалi! У апошнi час аблюбавалi загадкавую Карэлiю. “Кудысьцi ды цягне, — гаворыць Алена Паўлаўна, — дома нас не ўтрымаць. А што такое падарожжы? Гэта зарад бадзёрасцi, незабыўныя ўражаннi, дадатковая энергетыка».

Хаця Алена Усцiновiч хiмiк па адукацыi, але звязала свой лёс з турызмам. I вось ужо больш як пятнаццаць гадоў узначальвае цэнтр юных турыстаў “Вандроўнiк”, што пры аддзеле адукацыi Першамайскага раёна горада. Набыла другую прафесiю. Задаволена? Яшчэ як! Гэта яе жыццё, тое, аб чым марыла. Вунь i прапiску цэнтр змянiў, перайшоў з падвальнага памяшкання ў прасторную пабудову, што размяшчаецца па вулiцы 50 гадоў ВЛКСМ. Канешне, давялi свае апартаменты да ладу, за-бяспечылi ўсiм неабходным — толькi займайся. За час iснавання праз “Вандроўнiк” прайшло каля 5 тысяч дзяцей, у мiнулым годзе – больш за 300. Тут працуюць гурткi спартыўнага турызму, спартыўнага арыентавання, турысцка-прыкладнога шматбор’я. Спачатку тэорыя, а потым практыка, асвойванне пешаходных, вела-сiпедных, водных маршрутаў рознай ступенi складанасцi. Пабывалi вандроўнiкi на Цэнтральным Каўказе, у Хiбiнах, у Крыме. Толькi ў гэтым годзе было сем спартыўных паходаў у Карпаты, па Расii, Беларусi. А гэта, як зазначае Усцiновiч, не толькi пазнанне тэрыторый, ландшафтаў, але i пазнанне самога сябе, загартоўка фiзiчная i духоўная. Бо тут кожны не сам па сабе, а ў дружнай камандзе.

“Вандроўнiк“ – лiдэр у рэспублiцы па спартыўным турызме, iмя яго добра вядома. I ў многiм гэта дзякуючы яго кiраўнiку — Алене Усцiновiч. Аднак гэтыя поспехi яна адносiць на рахунак калектыву, работнiкаў, якiх, дарэчы, каля двух дзесяткаў. Некаторыя — былыя выпускнiкi цэнтра, сёлета яшчэ трое далучылiся. Так што тут пераемнасць, калектыў ад гэтага набывае.

— Вельмi ўдалае спалучэнне кiраўнiка i калектыву “Вандроўнiка”, — адзначыў у размове з намi начальнiк аддзела адукацыi Першамайскага раёна горада Андрэй Болатаў, — тут кожны ведае, што i як рабiць, каб мець найлепшы вынiк. Канешне, самыя дадатныя iмпульсы зыходзяць ад Алены Усцiновiч. Яна энтузiяст, якiх пашукаць, цудоўная i як работнiк, i як чалавек. З ёю прыемна мець справу. I я па-чалавечы рады таму, што яна знайшла сябе ў той справе, да якой душа ляжала. I хай ёй спадарожнiчае ўдача!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter