«З сялом прыйшоў у жыццё і ніколі з ім не развітваўся»

ЖУРНАЛІСТ ад Бога. Так гавораць пра Уладзіміра СУБАТА, а любяць за шчырасць і нефальшывы інтарэс да сялян. Зачароўвае яго рэдкая па прыгажосці, сакавітая родная мова. Натуральная субатаўская беларускасць як магніт прыцягвае тысячы гледачоў да тэлеэкрана, калі ідзе праграма «Гаспадар». На карце Беларусі няма не тое што раёна, куды б не ступіла нага Уладзіміра Паўлавіча, а нават сельсавета, дзе б ён не пабываў. Простыя даяркі, паспяховыя фермеры, адзінокія састарэлыя на глухіх хутарах — тэлежурналіст паказаў сотні чалавечых лёсаў, простых людзей зрабіў сапраўднымі героямі. А між іншым, зорцы вясковага тэлебачання нядаўна споўнілася 60. Карэспандэнт «БН» сустрэлася з тэлежурналістам, павіншавала з юбілеем і даведалася пра яго першы няўдалы рэпартаж, вяселле пасля трэцяга спаткання і дзівоснае выратаванне ад гібелі па дарозе на... Кубу.

Уладзімір СУБАТ скончыў аграрны тэхнікум і сельгасакадэмію. А стаў таленавітым тэлежурналістам.

ЖУРНАЛІСТ ад Бога. Так гавораць пра Уладзіміра СУБАТА, а любяць за шчырасць і нефальшывы інтарэс да сялян. Зачароўвае яго рэдкая па прыгажосці, сакавітая родная мова. Натуральная субатаўская беларускасць як магніт прыцягвае тысячы гледачоў да тэлеэкрана, калі ідзе праграма «Гаспадар». На карце Беларусі няма не тое што раёна, куды б не ступіла нага Уладзіміра Паўлавіча, а нават сельсавета, дзе б ён не пабываў. Простыя даяркі, паспяховыя фермеры, адзінокія састарэлыя на глухіх хутарах — тэлежурналіст паказаў сотні чалавечых лёсаў, простых людзей зрабіў сапраўднымі героямі. А між іншым, зорцы вясковага тэлебачання нядаўна споўнілася 60. Карэспандэнт «БН» сустрэлася з тэлежурналістам, павіншавала з юбілеем і даведалася пра яго першы няўдалы рэпартаж, вяселле пасля трэцяга спаткання і дзівоснае выратаванне ад гібелі па дарозе на... Кубу.

Даведка «БН».

Уладзімір СУБАТ узнагароджаны медалём «За працоўную адзнаку» (1985 г.), уладальнік чатырох Гран-пры і каля 30 дыпломаў міжнародных тэлефестываляў. Неаднаразова атрымоўваў Ганаровыя граматы Міжнароднай канфедэрацыі журналістаў. Акадэмік Еўразійскай тэлерадыёкампаніі.

— Уся ваша шматгадовая творчасць ідзе поруч з сельскай тэматыкай. Як вы да яе прыйшлі і чаму ніколі ёй не здраджвалі?

— Я да яе не прыходзіў, я з ёй нарадзіўся. Хоць вырас у Століне, лічу сябе вясковым чалавекам. Бацькі працавалі ў калгасе, мне таксама давялося шчыраваць на калгасных палях: капаў бульбу, агароды прыбіраў… Помню, вішні абіралі, дык вартаўнік гразіў кулаком, каб многа не елі. Я з сялом прыйшоў у жыццё і, дзякуй Богу, ніколі з ім не развітваўся. У школе быў сакратаром камсамольскай арганізацыі, увесь клас падымаў. Бралі рыдлёўкі, ехалі ў лес, выкопвалі дрэвы і саджалі ў Століне. Дарэчы, каштаны ля гасцініцы пасаджаны мною ў восьмым класе. Сваім дзецям іх паказваў, спадзяюся, і ўнукі пабачаць.

— Ведаю, што лёс вас добра пакідаў — ад працы аграрнай да журналістыкі. Няўжо так магло скласціся, што сёння мы мелі б справу са старшынёй СВК ці фермерам Уладзімірам Субатам замест тэлежурналіста?

— Калі скончыў школу, хацеў быць правадніком, каб бясконца вандраваць па свеце… Потым адчуў: нешта ў мяне ёсць ад настаўніка. Паехаў паступаць у Пінскае педвучылішча. Паступіў, але вучыцца адмовіўся. Пайшоў у вячэрнюю школу, а праз год ужо стаў навучэнцам эканамічнага аддзялення Столінскага сельгастэхнікума: прыйшлося сумяшчаць вучобу ў двух установах. Раніцай бягу на заняткі ў тэхнікум, пасля вучобы імчуся на рэпетыцыю драмтэатра (ставілі «Дзівосы на калёсах», «Паўлінку», «Гібель Алмазава» і гастралявалі па палескіх вёсках). Пасля драмтэатра — у танцавальны гурток. Увечары прыбягаю дахаты, праглынаю, што ёсць на стале, і — у вячэрнюю школу.

Тэхнікум я скончыў з крыўдай на сэрцы. Вучыўся выдатна. Выпісалі мне дыплом з адзнакай, а я яшчэ не здаў апошні дзяржаўны экзамен (за папярэднія тры паставілі «выдатна»). Выходзіць выкладчык з настаўніцкай і кажа: «Табе дыплом з адзнакай выпісалі, а мой экзамен яшчэ не здаў», — і паставіў мне «добра». Я, адзіны  з групы, хто меў «выдатна» за год, атрымаў «добра». Дыплом з адзнакай перакрэслілі, далі сіні. Зараз не крыўдую, можа, так Гасподзь распарадзіўся, каб я не стаў аграрнікам-эканамістам.

Паступіў на журфак, паспяхова адвучыўся, але мае сябры па тэхнікуме скончылі сельгасакадэмію ў Горках: па-добраму зайздросціў. Нават, калі ўжо працаваў на Беларускім радыё, думка пра акадэмію не пакідала. Паступіў. Вучылася лёгка пасля тэхнікума. Зараз у журналістыцы гэтыя веды мне дапамагаюць.

— Амаль што ў кожнага журналіста-навабранца здараюцца ляпы. Што са сваёй практыкі можаце ўспомніць, Уладзімір Паўлавіч?

— Драгічынскі раён. Я тады працаваў на радыё і прыехаў у калгас. Поўным ходам ідзе жніво. Ля камбайна, што малоціць, бяру інтэрв’ю ў старшыні гаспадаркі Лаўрыновіча. Чуем адзін аднаго дрэнна, бо гудзе машына. Прыязджаю ў Мінск, хвалюся: от, добры рэпартаж прывёз — жывы, цікавы, а як паслухаў, ледзьве не ўпаў: кіраўнік калгаса расказвае пра добры ўраджай азімай пшаніцы, а я пытаюся пра азімае жыта. Папацелі нямала, пакуль сюжэт зманціравалі.

— Аматары вашых праграм часта падкрэсліваюць: выдатна ўпісваецеся ў вясковы пейзаж і вельмі чула раскрываеце людзей. Як вам гэта ўдаецца?

— Каб перадача выйшла цікавая, трэба закахацца ў героя. Сустракаю даярку — запэцканая, у гумавых ботах , рукі парэпаныя… А пасля прыглядаюся: якія вочы ёй Бог падарыў! І вось вобраз гэтай даяркі перадаў праз яе вочы. Здаралася і такое: сустракаўся з чалавекам, здымаў праграму, а перадача не выходзіла.

Але былі і такія, што вярэдзілі душу. Наш герой — фермер з Воранаўскага раёна Андрэй Дарняк — гаворыць у кадры: «Калі зямлю маю адбяруць, то і мяне не будзе…» — і вочы ягоныя напаўняюцца слязьмі. Мужчына адварочваецца ад камеры, а тэлеаператар трымае яго ў кадры. І тэлегледачы бачаць, што гэта не фальш: чалавек расчуліўся.

— Вы падтрымліваеце сувязь з героямі сваіх перадач?

— Канешне, падтрымліваем. Болей за тое, за лёсамі многіх мы сочым не адзін год. Здымалі трохгадовага хлопчыка Яраслава Дарняка з Воранаўскага раёна. Ён яшчэ тады казаў: буду фермерам. А зараз хлопец вучыцца ў Гродзенскім аграрным універсітэце, ягоны бацька былы фермер, але ўжо пайшоў на пенсію і перапісаў гаспадарку на сына. Яраслаў цяпер і студэнт, і фермер адначасова. Гадоў 15 мы сочым за жыццём Ярыка: здымаем, як ён рос, вучыўся ў школе і цяпер гаспадарыць на бацькавай зямлі.

У калгасе «Крынкі» Ліёзненскага раёна мы колькі гадоў таму сустрэлі Алега Вішнеўскага, заатэхніка. Хлопец гарадскі, з Віцебска, але прыехаў жыць і працаваць да бабулі, і вёска яго захапіла. Калі знялі першую частку, па дарозе ў Мінск здымачная група горача дыскутавала: застанецца ў вёсцы ці не. Адны казалі: дарма, прыедзем праз год  — і яго не будзе. І што вы думаеце? Летась мы яго жанілі. Узяў дзяўчыну з калгаса і цяпер стаў першым намеснікам старшыні, атрымаў катэдж.

Многім вядомы фермер Міхаіл Рыгоравіч Шруб з Хільчыцаў Жыткавіцкага раёна. Пяць гадоў таму адбыліся першыя здымкі. Бацькі фермера спраўлялі залатое вяселле, маці дастала з куфра вянчальны строй, і праз гэта вяселле мы паказалі Міхаіла Шруба. Чалавека, які памяняў сталіцу, дзе быў выкладчыкам, а затым і Гомель, дзе загадваў сельгасаддзелам абкома партыі, на сваю малую радзіму — Хільчыцы. Ён пачынаў з таго, што, падоўгу не разгінаючы спіны, разам з жонкай саджаў капусту. А цяпер яго гаспадарка на ўсю Беларусь вядомая. Нядаўна, як працяг перадачы пра Шруба, здымалі вяселле яго дачкі Аляксандры. Яна скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і зараз — гаспадыня кафэ «Будзьма» ў Тураве. Яе жаніх — пагранічнік на Віцебшчыне.

— Якія ўрокі жыцця выносіце са свайго журналісцкага вопыту? Хто з герояў для вас стаў сапраўдным аўтарытэтам?

— Быў момант, які правучыў мяне. Здымалі перадачу ў адной вёсцы і бачылі: людзі жывуць небагата. Пасля здымак я прывёз дапамогу, але не змог далікатна перадаць, каб не  пакрыўдзіць. Трэба ўмець падтрымаць чалавека. Толькі тады я зразумеў гэта.

Што тычыцца аўтарытэтаў… Мне даводзілася браць інтэрв’ю як у простых людзей, так і ў міністраў. У 70-я гады ў Беларусі быў міністр меліярацыі і воднай гаспадаркі Уладзімір Іосіфавіч Паўлючук. Яго інтэлігентнасці я зайздросціў, вучыўся ў яго, як сябе паводзіць. Гэты чалавек ніколі не павысіў голас на калег альбо падначаленых, умеў весці справу выдатна і пры гэтым не крыўдзіў людзей. Быў строгі, але інтэлігентна строгі.

— Вы больш за 20 гадоў працавалі з таленавітым рэжысёрам Валянцінай Гумілеўскай. І, вядома, вашу сумесную творчасць ацанілі двума Гран-пры на міжнародных фестывалях. Вы — паляшук, яна — каранная мінчанка. Ці лёгка было разам у камандзіроўках?

— Наш саюз з Гумілеўскай склаўся ў 80-м годзе. Сталічная дама, ніколі не бачыла каровы, не трымала ў руках серп. Многа чаго «ніколі». І былі моманты, калі я гаварыў: хопіць, не буду з ёй працаваць. І яна казала: мы развітваемся. Наша творчая суполка сталічнай Гумілеўскай і правінцыйнага Субата трымалася таму, што як яна аднойчы заўважыла: не фальшывіш ў кадры і ў сельскім пейзажы ты не інароднае цела. Я з Гумілеўскай так доўга пратрымаўся, бо яна не давала мне расслабляцца. Часам хочацца і лягчэй зрабіць праграмму, а яна: «Стоп, Валодзя, альбо зусім не будзе праграмы, альбо робім так, каб сорамна не было».

На міжнародных тэлефестывалях заўважалі, што стыль беларускіх тэлепраграм адметны. І нават самае прыдзірлівае журы давала ўзнагароду. 17 гадоў па свеце крочыць еўрапейскі тэлефестываль «Аграсвет», і мы чатыры разы атрымоўвалі Гран-пры (ні адна краіна Еўропы такога не дасягала. — Аўт.).

Прывезлі праграму «Хутар Глухамань» у Маскву. На тэлебачанні не паверылі, што здымкі дакументальныя. Яны думалі — пастаноўка. Тры чалавекі жывуць на хутары каля Гарыні: Сцяпан, яго жонка Вольга і маці Вера Адамаўна. Сцяпан — гуляка, жонка ўсё яму даруе (бо без мужчыны на хутары не пражыць), а маці кажа: «Гуляе казак, пакуль гуляецца, але ж і дахаты вяртаецца». У фільме перадалі іх адносіны, філасофію жыцця, гармонію з прыродай… Гэта праграма кранула журы.

— Скажыце, ці былі ў вашай рабоце небяспечныя моманты?

— Быў такі. Мы здымалі раку Гарынь вясною. У паводку яна страшная, чорная, ляціць, нясе свае крыгі. Мы плылі ў лодцы, і я ледзь тады не патануў. На нас такая здаравенная крыга ішла, але, на шчасце, праплыла міма. Тады мы дабіраліся на востраў Куба, што на Століншчыне, здымалі праграму «Кубінская дарога», пра адрэзаную ад ўсяго свету вёсачку. Жыхары хацелі пракласці дарогу да вялікага свету. І пасля праграммы яна з’явілася.

— Сваю будучую жонку вы сустрэлі нечакана. Дагэтуль былі закаранелым халасцяком, паспяховым журналістам. А тут нібыта маланка: убачылі — і ажаніліся. Хто яна — жанчына, што прымусіла паверыць у каханне і інстытут шлюбу?

— Бог кожнаму дае тое, чаго ён варты. Не ведаю, як мы пражылі 32 гады разам… Але ўпэўнены: усе тыя жанчыны, што былі да жонкі, наўрад ці вытрымалі б жыццё са мной. Было ўсё, як у любым доме. Але з вышыні пражытых гадоў скажу адкрыта: я большы грэшнік, чым мая жонка. Можа, недзе цяпла недадаў, можа, недзе мала дома быў. Я згараў на працы. Не памятаю, як дзеці выраслі. Пытаюся ў старэйшай дачкі Вольгі: «Што тваёй класнай на 8 Сакавіка падарыць?» А яна мне: «Тата, я табе кожны год гавару, што ў мяне не класная, а класны. А ты кожны год пытаешся, што на 8 Сакавіка ёй падарыць».

— Ваша жонка — сяльчанка? І як вы яе спаткалі?

— Мая жонка з вёскі Белавуша Столінскага раёна, зямлячка. Яна была дачкой старшыні калгаса. Неяк зямляк папрасіў мяне адвезці студэнтцы ў сталіцу торбачку. Я зайшоў у інтэрнат і спытаў: хто тут такая? І ведаеце, перад вачыма нібыта мазаіка рассыпалася і склалася: я ўбачыў дзяўчыну-прыгажуню ў вобразе бабулі. Развітваемся, а я да яе: можа, мы сустрэнемся? І мы спаткаліся ля Свіслачы. А пасля трэцяга спаткання падалі заяву.

Дарэчы, пражыўшы пяць гадоў у шлюбе, я нібыта з палічкі дастаў успамін. 9 Мая, еду на аўтобусе з Давыд-Гарадка ў Столін. Аўтобус спыніўся ля помніка ў вёсцы Белавуша, і бачу: стаяць дзве піянеркі. І адна з іх стала маёй жонкай.

— Уладзімір Паўлавіч, уся ваша творчасць прысвечана вяскоўцам і вясковаму жыццю. І хоць вы маеце кватэру ў сталіцы, жывяце ў асноўным у вёсцы. Можа, і сваю старасць будзеце сустракаць у глыбінцы?

— У Століне, на маёй малой радзіме, стаіць насупраць сіняй царквы двухпавярховы цагляны дом. Буду там сустракаць сваю старасць і… вечнасць. Пад дубамі, за царквой, ёсць пагост, дзе ляжаць мае дзяды, бацькі, мая родная сястра (яна рана пайшла з жыцця), там выбраў пагорачак і для сябе. Сухое, утульнае месца, увесну туды будуць прылятаць і клекатаць буслы, увосень курлыкаць журавы, а летам — дубы шалясцець…

Гутарыла Наталля СЕРГУЦ, «БН»

Фота з архіва Уладзіміра СУБАТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter