30 студзеня спаў­няецца 95 гадоў з дня нараджэння Івана Шамякіна

З сустрэч у доме над Свіслаччу

Трыццатага студзеня спаў­няецца 95 гадоў з дня нараджэння Івана Шамякіна. Класік нацыянальнай і савецкай літаратуры, акадэмік, лаўрэат высокіх прэмій, Герой Сацыялістычнай Працы, франтавік, узнагароджаны ордэнамі і медалямі ваеннага і мірнага часу... І усё ж галоўнае яго званне — народны пісьменнік, майстар слова, чыё адно толькі імя  красамоўна гаворыць само за сябе. Вымаўляеш — і ўзнікаюць у памяці назвы знакамітых твораў: «Глыбокая плынь», «Сэрца на далоні», «Трывожнае шчасце», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», «Гандлярка і паэт», «Петраград — Брэст»... У бібліяграфіі больш за дзясятак раманаў, каля чатырох дзясяткаў аповесцей і апавяданняў, п’есы.


«Сюжэты мне падкідвае жыццё», — гаварыў наконт сваёй літаратурнай плённасці Іван Пятровіч. Відаць, таму такая жыццёвая яго, шамякінская, проза. Відаць, таму, выходзячы ў свет, яго творы нязменна знаходзілі водгук у сэрцах чытачоў. Непераўзыдзены майстар сюжэта — нездарма так гавораць пра яго. 

Ён быў прызнаным, ушанаваным і любімым пісьменнікам. А разам з тым чалавекам, якому шмат давялося перажыць у жыцці асабістым. Рана застаўся без бацькоў, трагічна загінула сястра. На сабе спазнаў увесь жах вайны — ад пачатку да канца воінам Савецкай арміі прайшоў усю Вялікую Айчынную. Цяжка перажыў заўчасную смерць сына, несуцешным болем заставалася для яго страта адзінай і любай жонкі Марыі Філатаўны, з якой у згодзе пражылі амаль 60 гадоў.

Пра ўсё гэтае і многае іншае мне пашчасціла гутарыць калісьці з самім Іванам Пятровічам. У доме над Свіслаччу, у сціплым пакоі-кабінеце яго гасцінны гаспадар дзяліўся думкамі пра жыццё і творчасць.

Пра юбілей і лепшы падарунак

— Мне заўсёды прыемней гаварыць не пра ўласны, а пра творчы юбілей. Ён для мяне больш значны. Адлік вяду ад другой паловы студзеня 1946-га, калі наша паштарка вясковая прывезла мне з раёна часопіс «Полымя». А там прыгожа гэтак надрукавана: Іван Шамякін, «Помста», аповесць. Напісаў я яе ў 1945-м,  яшчэ будучы ў Германіі пасля вайны, і даслаў у рэдакцыю ў Мінск. 

Ужо звольненым з арміі прыехаў у вёску, дзе працавала мая жонка, пачаў настаўнічаць у школе. 

І вось атрымаў часопіс. Гэта было якраз напярэдадні майго 25-годдзя. Убачыў сваё прозвішча і аповесць, а побач творы Лынькова, Броўкі, якіх да вайны яшчэ ў школе вывучаў. Вось гэта быў сапраўдны падарунак! Ад радаснага ўзбуджэння мяне тады аж ліхаманіць пачало. Пасля ўсім той часопіс з гонарам паказваў, мясцовай знакамітасцю стаў. Да таго ж часу я друкаваўся толькі ў армейскіх газетах.

Пра вершы і прозу

— Да вайны я пісаў і вершы. Пачынаў яшчэ ў школе. А вось ужо студэнтам тэхнікума будаўнічых матэрыялаў стаў актыўным удзельнікам літаб’яднання пры газеце «Гомельская праўда», хадзіў на пасяджэнні. Там збіраліся добрыя маладыя паэты — тады студэнты педінстытута Кастусь Кірэенка, Леанід Гаўрылаў, Дзмітрый Кавалёў і іншыя. Разбіралі, як правіла, вершы пачаткоўцаў. Чытаў і я свае, але быў ушчэнт хлопцамі раскрытыкаваны. Яны на той час ужо публікаваліся ў рэспубліканскім друку. Але гэтая крытыка мяне з каляіны не выбіла, і я неўзабаве напісаў сваё першае апавяданне. Тым часам якраз быў закаханы ў дзяўчыну-медычку і прыдумаў гісторыю пра маладую фельчарку. Прачытаў на чарговым пасяджэнні, і апавяданне пахвалілі! З таго часу і адчуў: не будзе з мяне паэта. 

Пра «саву» і Музу

— У чэхаўскай «Чайцы» мне вельмі падабаецца, калі Трыгорын гаворыць захопленай 

ім Ніне Зарэчнай, маўляў, не такое простае яго жыццё пісьменніка — толькі напішаш адно, а ўжо думаеш, як напішаш другое… Мне ўласціва гэтая формула: ні дня без радка. Я ж амаль не хадзіў у маладых — за першы ж раман «Глыбокая плынь» атрымаў Сталінскую прэмію. А яна вельмі шмат значыла. Стаў вядомым, увайшоў у саюзную літаратуру, і гэта накладвала пэўны абавязак не спыняцца на дасягнутым. 

А некалі ж быў у цэнтры грамадскага жыцця. Член і райкама, і гаркама, дэпутат гарсавета, аблсавета, 26 гадоў кіраваў Саюзам пісьменнікаў, 14 гадоў узначальваў Вярхоўны Савет БССР. Натуральна, гэта адрывала ад творчай працы. Але нягледзячы на ўсю занятасць, пісаў. Працаваў, як правіла, уначы. Я — «сава». І Муза мая начная, савіная.

Пра пошукі вобраза і канфлікту

— Гэта вельмі цяжкае адчуванне, калі няма сюжэта. Бывае, ходзіш месяц, другі, бывае, ужо і страх панічны бярэ — усё, спісаўся. І раптам ён з’яўляецца. Гэтак жа і з героямі. Так раптоўна ўзнік вобраз Максіма Карнача з «Атлантаў і карыятыдаў». Першапачаткова я зрабіў яго мастаком і ўсё мучыўся: не надта мне гэта падабалася. Мастак — ён жа больш сам па сабе, мала сутычак з людзьмі. А я люблю, каб канфлікт у рамане, каб займальна было. І атрымалася так, што я прысутнічаў на бюро ЦК КПБ, дзе пад кіраўніцтвам Машэрава абмяркоўваўся план забудовы Паркавай магістралі ў Мінску. Там і нарадзілася думка зрабіць Карнача галоўным архітэктарам горада. А спісаў я яго са свайго лепшага сябра Андрэя Макаёнка — і характар, і сямейныя адносіны. Тыя, хто Макаёнка ведаў, у рамане яго пазнавалі. Андрэй казаў: ну ты і гад, так мяне абсмактаў. Між іншым, менавіта Андрэй Макаёнак прыдумаў назву майму раману «Вазьму твой боль». З назвамі ў мяне заўсёды было складана, звычайна  дзясяткі перабярэш, каб лепшую знайсці.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter