Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Без візаў пабывалі ў Гродне, горадзе-музеі пад адкрытым небам, беларусы з Клайпеды

З сонцам у сэрцах

Сябры беларускай суполкі “Крыніца” з літоўскага горада Клайпеда скарысталіся ўведзенай нядаўна магчымасцю без візы наведаць памежны горад Гродна. Правядзенню ж шматлікіх экскурсій паспрыялі старшыня суполкі Мікалай Логвін і актывістка Алёна Харкова.

Гродна — гэта прыгожы і ўтульны горад-музей

Гэта была першая паездка беларускіх клайпедчан па новай бязвізавай праграме. У наступны раз плануем наведаць парк “Аўгустоўскі канал”. Паездка атрымалася насычанай і цікавай: мы шмат даведаліся пра гісторыю горада, агледзелі яго славутасці. А Гродна, як вядома, мае афіцыйны статус горада-музея пад адкрытым небам. І ўпэўніцца ў тым дапамагла экскурсавод Алёна Борыс, якая прыехала на сустрэчу з намі ажно з Ліды. Яна ж яшчэ раней давала парады, як аформіць неабходныя для вандроўкі дакументы.

У Гродне нас сустрэла сонейка: было вельмі прыемна, лагодна і цёпла. Здавалася, надвор’е радуецца нашаму прыезду. Дый мы з задавальненнем, пешшу і на аўтобусе, знаёміліся з горадам. Гародна, Гародня, Гарадзень — гэта ўсё яго былыя назвы... Гісторыя горада пачынаецца з 1127 года. Пабывалі мы і ў знакавых месцах: Новым Замку і Старым Замку. А ўвечары быў шопінг: наведалі гандлёвы цэнтр “Нёман”, бліжэйшыя крамы і аптэкі. Там уся прадукцыя — якасная і напалову танней, чым у Літве.

Начавалі на турбазе “Купалінка”, што за тры кіламетры ад горада. Умовы там выдатныя. Нават сапраўдны фальклорны вечар з ансамблем “Гараднічанка” для нас наладзілі арганізатары. Мы развучвалі беларус­кія народныя танцы, слухалі родныя песні...

На наступны дзень наведалі вельмі старажытную Каложскую царкву (1180 г.), Свята-Пакроўскі Кафедральны сабор. Пабывалі ў турыстычным культурна-забаўляльным комплексе “Каробчыцы”: гэта ўсяго за 5 км ад Гродна. Сустрэліся там са знакамітым майстрам-разьбяром па дрэве Валянцінам Багдзевічам.

Беларусь падалася нам вельмі чыстай, па-еўрапейску дагледжанай краінай, а Гродна — адным з найпрыгажэйшых гарадоў свету, які захоўвае сярэдневяковую атмасферу і мае адметны сучасны твар.

Уражаннямі ад паездкі падзялі­лася Зінаіда Плышэўская: “Цэрквы, касцёлы, музеі, рака Нёман ды сам горад на пагорках... А колькі ўсяго цікавага расказала гід Алёна Борыс пра гісторыю краю, роднага для многіх з нас. Дзякуй ёй за гэта! То была цікавая, вельмі душэўная паездка. Ніколі не забуду навучанне народным танцам. Вялікі дзякуй Мікалаю Логвіну за такое насычанае добрымі ўражаннямі падарожжа, спадзяюся, не апошняе”.

На мытні службоўцы таксама запрашалі нас прыязджаць часцей. І мы ўжо плануем, дзе б яшчэ пабываць. З задавальненнем павандруем па роднай Беларусі.

Вольга Міронава, сябра суполкі “Крыніца”, г. Клайпеда, Літва

Голас Радзімы № 9 (3513), чацвер, 2 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter