З савецкімі грошамі дамоў лепш не вяртацца

Краязнавец раскрыў белыя плямы гісторыі Негарэлаўскай мытні
Што і як перавозілі кантрабандысты дзевяноста гадоў таму



Краязнаўства захапіла Канстанціна НАШЧЫНЦА, як кажуць, даўно і надоўга. Менавіта багатая спадчына роднай Стаўбцоўшчыны падштурхнула  да разгадкі белых плям і таямніц мінулага. Вывучаў мытную справу на факультэце міжнародных адносін БДУ. Працаваў на мытні. Зараз займаецца ў магістратуры. Так атрымалася, што ўніверсітэцкі выкладчык запрасіў у экспедыцыю па вывучэнні гістарычных кантрабандных шляхоў. Існаваўшы пэўны досвед пра жыццё беларусаў у міжваенны час у Крэсах Усходніх падмацаваўся новымі ведамі, інтарэс да авантурнай тэмы ўзмацніўся, студэнт працягваў вышукі і сабраў шмат цікавейшага матэрыялу пра стаўбцоўскіх кантрабандыстаў, пра мытню ў Негарэлым, якая існавала ў 1921--1939 гадах і служыла фарпостам савецкай дзяржавы на мяжы з Еўропай. Вынікам даследавання сталі некалькі навуковых артыкулаў.

-- Спачатку, Канстанцін Мікалаевіч, працытую радкі рамана “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” аўтара, які сам займаўся кантрабандным бізнесам у дваццатыя гады, Сяргея Пясецкага: «Зоркі свецяць імгліста. Верхам пракрадаюцца хмары. Яны патаемна пераходзяць праз невядомыя людзям кардоны. А на паўночным захадзе цудоўна блішчыць каштоўнымі каменьчыкамі прыгожых зорак найпрыгажэйшая Вялікая Мядзведзіца…» І далей: «Вабілі нашы таямнічыя начныя падарожжы. Прыцягвала нервовая напружанасць, гульня са смерцю і небяспекай. Я люблю вяртанні з далёкіх цяжкіх вандровак. А пасля -- гарэлка, песні, гармонік, вясёлыя твары хлопцаў і дзяўчат… якія кахаюць нас не за нашы грошы, а за смеласць, адвагу, весялосць, разгульнасць і пагарду да грошай…» Напэўна, ніхто іншы так не рамантызаваў вобраз “караля мяжы і бога ночы”, як польскі пісьменнік беларускага паходжання Пясецкі. Наогул, чаму ў той час на памежжы расквітнела кантрабанда?



-- Менавіта цяжкае эканамічнае становішча падзеленай «па-жывому» Беларусі спрыяла развіццю кантрабанды на савецка-польскай мяжы. Жыхары добра ведалі мясцовасць і маглі незаўважна перасекчы кардон. У пачатку 1920-х у савецкай дзяржаве абвешчана НЭП, якая прывяла да дысбалансу коштаў паміж прамысловымі і спажывецкімі таварамі з аднаго боку і прадуктамі сельскагаспадарчай вытворчасці з другога. Кошты ў дзяржаўных крамах усталяваліся неймаверна высокія, паралельна развіваўся камерцыйны гандаль. Гэтаму ў тым ліку дапамагала кантрабанда.

 Супраць нелегальнага правозу ці праносу рэчаў праз мяжу змагаліся мытнікі. У гэты час дзейнічалі мытныя пасты ў Плешчаніцах, Слуцку, Полацку, Мінску, Бігосава, Фарынава, Негарэлым, Жыткавічах, Радашковічах. 

Польскія ўлады таксама імкнуліся кантраляваць сітуацыю з кантрабандай на неспакойнай мяжы з Саветамі.

-- Якія рэчы былі найбольш хадавыя?

-- З Польшчы тайна насілі жаночую бялізну, тканіны, біжутэрыю, гарбату, каву, вырабы з каштоўных металаў, гарэлку, віно, наркотыкі і, безумоўна, спажывецкія тавары. Напрыклад, кілаграм сахарыну ў Заходняй Беларусі каштаваў 8 рублёў, а ў БССР -- ажно 60. У 1928 годзе на біржах знізіўся курс савецкага рубля. Гэта прывяло да таго, што кантрабандысты неслі на Усход абясцэненыя грошы, дзе за іх набывалася замежная валюта і ювелірныя каштоўнасці. Хутка была выпушчана пастанова ЦВК, якая забараняла ўвоз рублёў на савецкую тэрыторыю без доказу таго, што чалавек з імі выехаў за мяжу. 

З Савецкага Саюза ў Польшчу «цягнулі» пушніну: жоўтую лісу, белую, чарнабурку, куніцу, алтайскую вавёрку, выдру, каракуль, а таксама  золата, ікру, вывозілі людзей. 

З розных крыніц вядома, што на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў сярэдзіне 1920-х гадоў гэты занятак пастаўлены на рэйкі кааперацыі. У тым жа Ракаве існавала 9 канцэсій, якія забяспечвалі кантрабандыстаў неабходнымі таварамі. Нават у 1930-я гады дзейнасць «пшэмытнікув» уражвала. У 1935--1936 гадах польскім уладам удалося перахапіць тавараў на суму амаль 3,5 мільёна тагачасных польскіх злотых.

На працягу ўсяго міжваеннага дваццацігоддзя на польска-савецкім памежжы дзейнічалі своеасаблівыя «лагістычныя цэнтры» -- сховы рознага дабра. У 1935 годзе ўдалося перахапіць і знішчыць 12 буйных каналаў пастаўкі. Пры гэтым разбіты злачынныя супольніцтвы пад кіраўніцтвам Янкеля Гельмана (кантрабанда перцу і буйной рагатай жывёлы), Вітальда Галінскага (карыцы), Шломы Гольберга (тытуню). Банда Альфрэда Юргілевіча амаль на прамысловым узроўні займалася кантрабандай сахарыну. Усяго з 1924 па 1939 год удалося затрымаць каля 10000 «палюбоўнікаў Вялікай Мядзведзіцы».

Шмат расказваюць пра Ракаў, як сталіцу кантрабандыстаў, а насамрэч Стоўбцы нічым яму не ўступалі. І  гасцініцы з бардэлямі існавалі, і крамы розныя, і грошы ліліся ракой. Наогул Стоўбцы ахутаны не меншым флёрам. Напрыклад, існавала набярэжная з брукаванымі сцяжынкамі, дзе адбываліся рамантычныя шпацыры, іграў духавы аркестр. Аднойчы, ужо перад вайной, лёд, скаваўшы камяні, падняў іх падчас адлігі і вынес у раку. 

Пра выпадкі кантрабанды захавалася шмат дакументаў у Нацыянальным архіве. Мытныя службы заводзілі на нелегальных гандляроў асабістыя справы, што цяпер нясуць каштоўнейшыя звесткі. 

-- «Адхiнуўшы заслону змроку на пагранiччы, мы ўбачылi б акул гранiцы: сялян, якiя з абрэзамi, карабiнамi, рэвальверамi, сякерамi, вiламi i каламi ў руках цiкуюць здабычу», -- піша Пясецкі. Няўжо ціхмяныя і цёмныя вяскоўцы ператвараліся ў бандытаў?

-- Існавалі, як я казаў, сур’ёзныя крымінальныя сеткі, у якіх кожны выконваў сваю функцыю -- транспарціроўшчыкі, аптавікі, якія пастаўлялі і хавалі тавары, дылеры, якія іх распаўсюджвалі. Аднак і простыя людзі зараблялі на гэтым. Мясцовыя сялянкі, напрыклад, уначы ішлі ў суседнюю замежную вёску і мянялі там збожжа на патрэбныя рэчы. Некаторыя пераносілі наркотыкі, грошы, каштоўныя жаночыя ўпрыгажэнні. Адпраўлялі з кантрабандай і дзяцей, якія не выклікалі падазрэнняў у памежнікаў, ды і адгаворку маглі прыдумаць: маўляў, заблудзіліся. А нехта пільнаваў і рабаваў іх. 

Найбольшы прыбытак кантрабандыстам прыносілі спірт або гарэлка. Побач з Негарэлым, якраз на мяжы працякала рэчка. Што рабілі кантрабандысты? Яны бралі бервяно, выгаблёўвалі ўсю яго ўнутраную частку, засоўвалі туды бутэлек дзесяць, зверху прымацоўвалі рэшткі дрэва, нібы накрыўку, і спускалі на ваду. На другім баку яго ўжо чакалі. Стасункі паміж “калегамі” па бізнесе былі адладжаны. На польскай тэрыторыі  меліся перавалачныя базы: у Стоўбцах, Рубяжэвічах, Ракаве і іншых мястэчках. 

-- Кантрабанду, кажуць, вазілі на цягніках і рэспектабельныя грамадзяне, як і ў наш час, прыдумваючы самыя неверагодныя хованкі. Што цікавага давялося даведацца з мытных спраў?

-- Розныя хітрасці можна пералічваць доўга. Гэта -- і правоз кантрабанды пад падлогай у купэ міжнароднага вагона, і зашытай у паліто, і схаванай у панчоху, і прышытыя ў якасці гузікаў залатыя манеты, і многае іншае. Напрыклад, скрутак з 17 доларамі ЗША і 120 чэхаславацкімі кронамі памежнікі найшлі ў будзільніку. 

А вось запіс НКУС: «С большими закупками возвратилась из Западной Белоруссии бригада артистов Белгосфилармонии. Они додумались до того, что многие артисты, выезжая в Западную Белоруссию, надели на себя самую плохую одежду с тем, чтобы там, сбросив ее, одеться во все новое. 21.09 с.г. эта бригада выступила в Волковыске, многие были одеты настолько плохо, что со стороны населения появилось удивление тому, что артисты Советского Союза очень плохо одеваются».

Як і сёння, пры затрыманні тавараў іх уладары пачыналі пісаць скаргі, не пагаджаліся з вердыктамі мытні. Часам тлумачэнні насілі кур’ёзны характар. Так, грамадзянка Чэхаславакіі Марыя Білек таемным чынам правозіла два адрэзы тканіны, зашытыя ў коўдру. У скарзе-тлумачэнні яна напісала: “Прашу яшчэ раз выбачыць мне маю памылку пры мытным даглядзе рэчаў, якую я зрабіла з-за таго, што я вельмі нервовая і адразу ж разгубілася, моцна знервавалася, засмуткавала і забылася ўказаць Негарэлаўскай мытні, што маю рэчы, зашытыя ў коўдру. Зашыла я іх не каб схаваць ад мытнікаў, а проста каб не згубіліся падчас вандроўкі”.

-- Сапраўды, жаночая логіка. А якая існавала працэдура дагляду асабістых рэчаў?

-- Зараз, адпаведна з артыкулам 117 Мытнага кодэкса Мытнага саюза, гэтая форма кантролю з’яўляецца выключнай, праводзіцца ён паводле пісьмовага рашэння кіраўніцтва пры наяўнасці дастатковых падстаў лічыць, што асоба, якая перасякае мытную мяжу, хавае пры сабе і добраахвотна не перадае тавары, што перамяшчаюцца з парушэннямі заканадаўства. А ў 20--30-я гады нічога выключнага ў здзяйсненні асабістага дагляду не было, ніякіх пісьмовых дазволаў на тое не патрабавалася. 

Заўжды выклікаў цяжкасці дагляд дыпламатаў і консулаў, іншых важных асоб. Каго толькі не бачыла наша станцыя! Узгадваюць, што ў 1935 годзе адзін японскі дыпламат спрабаваў у двух валізках вывезці за мяжу праз КПП “Негарэлае” дзвюх жанчын-шпіёнак. Памежнікі мелі аператыўную інфармацыю аб гэтым, аднак правяраць яго багаж забаранялася. Тады вырашылі ўсяляк затрымліваць афармленне дакументаў. Пры наглядзе валізкі варочалі, “неспадзявана” выпускалі з рук, незаўважна пратыкалі шылам. У выніку нелегалкі не вытрымалі такога абыходжання і выявілі сябе самі. 

Праз мяжу перабіраліся людзі, якія хацелі жыць ці ў Польшчы, ці ў Саюзе. У Заходняй Беларусі насельніцтва агітавалі пераходзіць да Саветаў. Тая ж Вера Харужая хадзіла па вёсках і агітавала за савецкую ўладу. Стаўбцоўскі старажыл Аркадзь Змачынскі ўзгадваў такі выпадак. Наслухаўшыся розных гісторый пра шчаслівае жыццё ў СССР, трое хлопцаў вырашылі рушыць за кардон, на Усход. Са Стоўбцаў яны выйшлі ўвечары, ноччу падышлі да рэчкі і пачалі асцярожна пераходзіць па вадзе мяжу. Раптам нехта зачапіўся, бультыхнуўся, польскія памежнікі заўважылі перабежчыкаў, аб’явілі трывогу і дваіх хлапчукоў схапілі. Трэці даў дзёру. Затрыманых падлеткаў пачалі дапытваць, хто яны такія, колькі іх было. Небаракі выдалі свайго сябра. Аднак уцякач імчаў назад усе 15 кіламетраў з такой хуткасцю, што паспеў забегчы дахаты і легчы ў ложак да таго, як паліцыянты прыйшлі правяраць, ці ёсць такі  дома. 

-- Не магу не звярнуць увагу, што ў вас краязнаўства ўдала спалучаецца з прафесійнымі ведамі. А над чым яшчэ працуеце?

-- Хочацца шмат чаго даследаваць з гісторыі роднага краю. На беразе Нёмана знаходзяцца старыя яўрэйскія могілкі. Першае пахаванне там датуецца 1780 годам. Мы з сябрамі навялі там парадак. 

Цікавяць старыя будынкі Стоўбцаў. Гэтым непасрэдным інтарэсам лакальная гісторыя -- краязнаўства -- адрозніваецца ад агульнабеларускай ці сусветнай. Тое, што тычыцца тваёй сям’і, продкаў ці месца, дзе ты жывеш, цікавіць значна больш. Абыякавых да такой тэматыкі людзей мала. Ім і прысвячаю свае адкрыцці.

Алена КЛІМОВІЧ, “СГ”

klimovich@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter