Где вкуснее блины на Масленицу и чем удивляют хозяйки

З рыбай, верашчакай і мачанкай

Сабралi рэцэпты блiноў ад гаспадынь з розных рэгiёнаў — гатуйце i частуйцеся на масленiчным тыднi

Масленiчны тыдзень хутка завершыцца Дараванай нядзеляй, а потым у праваслаўных пачнецца Вялiкi пост. У старажытных славян Масленiца азначала сабой сустрэчу двух сезонаў, зiмы i вясны, уцёкi халадоў i абуджэнне прыроды. Шырокай Масленiцай называюць астатнiя днi блiновага тыдня з чацвярга па нядзелю. Галоўныя гуляннi праводзяцца якраз у гэты перыяд. У традыцыйным свяце, якое беларусы з радасцю адзначаюць па ўсёй краiне, сплялiся i праваслаўныя, i язычнiцкiя традыцыi. У адных мясцовасцях танчаць i перадаюць блiн з рук у рукi, у другiх прыстасавалiся пячы аладкi на калодзе, трэцiя праводзяць сапраўдныя кулiнарныя конкурсы. Дзе смачней сустракаць вясну, дазнавалiся карэспандэнты «СГ».

Улассе ў Карэліцкім раёне

Аднымi з першых у гэтым годзе прывiталi надыход апошняга тыдня перад пастом у Лепелi i зладзiлi святочнае мерапрыемства «Масленiчныя забавы».

— Масленiца першапачаткова паганскае свята, бо блiн асацыiруецца з сонцам i цяплом, — адзначае казначэй храма Раства Хрыстова, кiраўнiк уваскрэснай школы i памочнiк благачыннага Лепельскай акругi Ганна Паўловiч. — Але зараз ў iм есць спрадвечна хрысцiянскiя рысы.
Гэта час, калi ўжо нельга ўжываць мяса. На Масленiцу есць добрыя праваслаўныя традыцыi: хадзiць у госцi, каштаваць блiны, сустракацца з блiзкiмi.
Лепельскія аматары актыўных гульняў праявiлi сябе ў iмправізаванай бойцы на калодах. Мяхамi, напоўненымi саломай, трэба было збiць сапернiка. Устойлiвасць таксама праверылi, калi перацягвалi адзiн у аднаго рамень. Масленiчныя гуляннi немагчыма ўявiць без смакаты на стале. Дэгустацыю арганiзавалi ўпершыню. 26 удзельнiкаў конкурсу спяклi i прынеслi на свята блiны па сваiх любiмых рэцэптах. Пасля галасавання вызначалi трох пераможцаў. Адна з iх — бухгалтар на пенсii Галiна Шнаркевiч.

Галiна Шнаркевiч.


— Вельмi люблю гэтае свята — пераход ад зiмы да вясны, — расказвае Галiна Васiльеўна. — Хацелася парадаваць аднавяскоўцаў, укласцi душу ў мае стравы, зрабiць смачна, прыгожа, святочна.

У дзень конкурса лепельчанка ўстала ў шэсць гадзiн ранiцы. Блiнцы накруцiла з рыбай, агароднiнай, салодкiм начыннем. Прыадчынiла тайну: для блiннага торта змяшала рыбныя кансервы, моркву, адварное яйка, сыр з маянэзам i скруцiла ў трубачкi. Другi пласт начыння — крабавыя палачкi, кукуруза i маянэз.

Жытомля.

— Наверсе пасадзiла пеўнiка: ён спявае — сонца ўстае, — дадае майстар. — Блiнцы як промнi сонца. Другi «пiрог» — з капустай i яйкамi. Сёлета ўрадзiла капуста кальрабi, змяшала яе са свежым агурком i маянэзам. Зрабiла печыва ў выглядзе сонейка, iм аздобiла стравы. А салодкi блiнны торт з крэмам з масла i варанай згушчонкi упрыгожыла клубнiчкамi з вафляў, абкачаных у вiшнёвым сiропе i цукры. Усярэдзiне — кветкi з мармеладу.

Сярод iншых удзельнiкаў арыгiнальнымi iдэямi адзначылiся тыя, хто прыгатаваў зялёныя блiны з дабаўленнем шпiнату. А найбольш галасоў атрымала Iрына Iсаковiч з пышнымi прысмакамi з яблыкамi.

Лепель.

На Вiцебшчыне ёсць свая адметнасць — тут у многiх раёнах прызвычаiлiся выпякаць блiнцы на калодах. У аграгарадку Якубава Дубровенскага раёна блiннае свята стала брэндам. Загадчык мясцовага сельскага Дома культуры Алена Стрыжко кажа, што моладзь заўсёды з вялiкай ахвотай удзельнiчае ў гэтым прадстаўленнi. Цiкавая мясцовая масленiчная забава: танцаваць i перадаваць блiн з рук у рукi. Алена Мiкалаеўна таксама падзялiлася ўласным рэцэптам: у шклянку кефiру ўлiваецца шклянка кiпеню, потым трэба дадаць шклянку мукi i два яйкi. Пячы на чыгуннай патэльнi.
Цікавая мясцовая масленічная забава: танцаваць і перадаваць блін з рук у рукі.
Вёска з тэматычнай назвай Скавародкi ёсць у Маладзечанскiм раёне. Намеснiк дырэктара Цэнтралiзаванай клубнай сiстэмы Маладзечанскага раёна Таццяна Кушаль падзялiлася сваiм фiрменным рэцэптам тонкiх блiноў з бульбы. Цiкава, што стравы з таркаванай бульбы — дранiкi, бульбяныя блiны, бабка i iншыя — ўваходзяць у Дзяржаўны спiс гiсторыка‑культурных каштоўнасцей.

Дубровенскі раён.

— З вечара робiцца закваска на дражджах, — паясняе Таццяна Святаславаўна. — Ранiцай бульба шаруецца на дробную тарку, дадаем яйка, трохi цыбулi i смажым на патэльнi. Прамасленыя блiны вельмi смачныя з верашчакай i мачанкай. А рэцэпт гэты з маёй роднай вёскi Маліноўшчына Маладзечанскага раёна.

У гэтым раёне на Масленiцу вельмi папулярныя такiя гульнi, як кiданне валенка i бег у мяшках. Спрабуюць сябе i ў гульнi «Чурка»: забiваць цвiкi ў чурку, хто хутчэй.

— Часам дзяўчаты робяць гэта шпарчэй за хлопцаў, — смяецца субяседнiца. — Носiм на хуткасць чыгуны з бульбай цi вадой. У многiх вёсках з дапамогай вопытных гаспадынь для моладзi ладзiм майстар‑класы па выпяканнi ласункаў. Старажылы расказваюць пра сутнасць Масленiцы. А вянец тыдня, Дараваная нядзеля, — канец багатай ежы i пачатак паста.

Лепель.

ДЗЕ АДЗНАЧЫЦЬ?

Упершыню народнае гулянне «Масленiца ў Белавежскай пушчы» ў суботу пройдзе на тэрыторыi Археалагiчнага музея пад адкрытым небам. 16 сакавiка тут адбудзецца забаўляльная праграма: музыка, гульнi, конкурсы, танцы, выставы‑продажы i майстар‑класы ад рамеснiкаў. На кiрмашы «Гуляй, Масленiца!» прапануюць румяныя пушчанскія блiны, гарбату на травах, сакавiты шашлык, прысмакi палявой кухнi i юшку.

У Слуцку ў гэтым годзе ўпершыню ў нядзелю пройдзе конкурс па колцы дроў «Калi, зяцёк, машыну дроў». Масленiцу традыцыйна адзначаць у Гарадскiм парку культуры i адпачынку.

ДАРЭЧЫ

У аграгарадку Лукi Карэлiцкага раёна на масленiчным тыднi свята ў гонар Уласiя, ахоўнiка дамашняй жывёлы, у гэтым годзе святкуюць 16 сакавiка, паведамiла намеснiк дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасцi Наталля Рамановiч. У гэты дзень зранку гаспадынi выпякаюць блiны для частавання гасцей свята, а перад частаваннем кажуць: «Бог дапамог, каб спяклiся хуценька».

Валачобнiкаў, што абыходзiлi двары з песнямi, у падзяку за пажаданнi дабрабыту гаспадары частавалi блiнамi, тварожнiкамi, гарэлкай, каўбасамi. На вячэрнiм гуляннi гэтыя ж прысмакi спажывалi ўсе разам.

yasko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter