Тумиловичская детский сад-средняя школа зарабатывает на свои нужды мини-фермой и огородом

З рукастых і майстравых вырастаюць асобы

Упершыню пабываць тут давялося ў мінулым стагоддзі, калі Докшыцкі раён наведваў міністр аховы здароўя СССР Яўген Чазаў. Аўтару гэтых радкоў пашчасціла з групай карэспандэнтаў суправаджаць высокага госця па аб’ектах, куды ён заглядваў. Саюзнага міністра надта зацікавіла міні-ферма пры школе ў Тумілавічах, тады ці не адзіная ў БССР. Ён заглянуў у памяшканне, дзе ўтрымліваліся каровы, пакаштаваў малака, спусціўся ў склеп, дзе захоўвалася гародніна з прышкольнага ўчастка. Пахваліў калектыў школы за гаспадарчую дбайнасць і асабліва адзначыў, што абеды, прыгатаваныя са свежага малака, уласнай гародніны, вельмі спрыяюць здароўю дзяцей. 

Дырэктар Вольга Ковель і завуч Таццяна Найдзяновіч задаволены якасцю сена для міні-фермы.

Мінула каля трох дзесяцігоддзяў — ніяк не думалася, што захаваліся далёкая, амаль што лясная, школа ў Тумілавічах і міні-ферма пры ёй. У аддзеле па адукацыі Докшыцкага райвыканкама запэўнілі: школа працуе, і далі тэлефоны.

На яе ганку сустрэлі дырэктар Вольга Ковель і яе намеснік па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Найдзяновіч. Абедзве тутэйшыя. Вольга Ковель пачала працоўны шлях роўна 30 гадоў таму выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры і 8 з іх ужо дырэктар. Крыху меншы педстаж у Таццяны Найдзяновіч. Выкладаюць прадметы яшчэ 7 яе выпускнікоў. 

Багатая гісторыя гэтай навучальнай установы пачалася больш за паўтара стагоддзя таму — з народнага вучылішча. Падчас уладання панскай Польшчы з 1921 па 1939 год дзеці вучыліся на польскай мове. У Вялікую Айчынную вайну школа была зачынена, і толькі пасля вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў першы пасляваенны ўрок правялі ў звычайнай сялянскай хаце. Сёння ў навучальнай установе, якая размяшчаецца ў двухпавярховым сучасным мураваным будынку, займаюцца толькі 46 вучняў. Класы прасторныя, светлыя. Сцены, столь адліваюць свежай, нібыта ўчорашняй, афарбоўкай.

У школьным швейным міні-цэху.

— Ад бацькоў грошы на рамонт не бяром, — каменціруе дырэктар. — Зарабляем самі, напрыклад, у жніўні і пачатаку верасня актыўна збіралі яблыкі ў школьным садзе. Здалі 43 тоны садавіны на 2600 рублёў, а ў дадатак атрымалі сертыфікат на 800 рублёў з раённага аддзела па адукацыі як пераможцы спаборніцтва сярод школ у “яблычнай эпапеі”. Хапіла не толькі на фарбу, але і экскурсію ў Мінск для вучняў, наведванне цырка.

Яблыкі — далёка не адзіны грашовы ручаёк, які падпітвае Тумілавіцкую дзіцячы сад — сярэднюю школу. Ёсць тут швейны міні-цэх, дзе на ўроках абслугоўваючай працы дзяўчынкі старэйшых класаў пад кіраўніцтвам настаўніцы Алены Ставер не толькі навучаюцца неабходнай жаночай прафесіі, але і вырабляюць пасцельныя камплекты для продажу насельніцтву. Гатовую прадукцыю выдае і школьная майстэрня, у якой сталярнай справе вучыць хлопчыкаў выдатны педагог-мастак Анатоль Млынец. Тут робяць шпакоўні, сінічнікі і нават адмысловыя фірменныя табурэткі з прыгожымі точанымі ножкамі. Апошнія з ахвотай раскупляе не толькі мясцовае насельніцтва, але і наведвальнікі кірмашоў раёна. Шэраг выпускнікоў выбіраюць будаўнічыя прафесіі. 

На прышкольным участку ў 40 сотак вырошчваюцца капуста, буракі, морква, фасоль, цыбуля. Прычым настаўнікі не стаяць склаўшы рукі, як наглядчыкі, а шчыруюць разам з дзецьмі, паказваючы ім прыклад:

— Вучні, пачынаючы з малодшых класаў, прызвычайваюцца да работы на зямлі, — падкрэслівае Вольга Ковель, — бо ведаюць, што працуюць для сябе, сваіх сяброў і сваёй школы. Разам з тым атрымліваюць каштоўны вопыт: як падрыхтваць глебу да пасадкі, пасеяць, які догляд патрэбен за раслінамі. Набытыя веды прымяняюць потым дома, на градках. Гародніна з прышкольнага ўчастка ідзе ў школьную сталовую, а рэшткі яе — на сельскагаспадарчыя кірмашы. Асаблівым попытам карыстаецца фасоль.

Школа мае 80 сотак зямлі для пасадкі бульбы. Праўда, яна ў агульным масіве сельгаспрадпрыемства, якое даглядае клубні. А ўбірае школа: для гэтага ёсць адноўлены трактар МТЗ з капалкай, які застаўся пасля закрыцця класа па вывучэнні трактарнай справы. Уласнай бульбай школа забяспечваецца на цэлы год, рэшткі прадае.

Сёння на ўвесь раён і вобласць яе вядомыя выпускнікі, адзін з якіх — знакаміты тутэйшы хлебароб Сяргей Гмырак. Шчыруюць на хлебнай ніве Аляксандр Касцюк, Аляксандр Ульеў, Ігар Кары. У Тумілавіцкім лясгасе ў перадавіках Андрэй Мітрафанаў і Аляксандр Шарабуркін. 

У сталярнай майстэрні. Педагог Анатоль Млынец з вучнямі 9-га класа Арцёмам Трусам і Антонам СкуратАм ладзяць фірменныя табурэткі. 

Адметнасць, сваеасаблівы брэнд у вытворчым навучанні Тумілавіцкай дзіцячы сад – сярэдняй школы — міні-ферма, якую яшчэ ў 1987 годзе заснаваў дырэктар Міхаіл Гаўрыловіч. Кіраўніцтва мянялася некалькі разоў, але ні ў кога не ўзнікала спакусы зачыніць гэты невялікі жывёлагадоўчы цэх, які размясціўся ў мураванай белай будыніне ў самым кутку вялікага прышкольнага ўчастка.

У хлеўчыку тры каровы — Клякса, Капелька і Малышка — хрумстуюць з кармушак духмянае сена. Вольга Ковель, якая, дарэчы, мае дома сваю карову, распавядае:

— Першая ад уваходу – Клякса, ёй ужо восем гадоў. Нягледзячы на ўзрост, самая ўдойная: дае па 25 кілаграмаў малака ў суткі, нядаўна ацялілася і зрабіла нам сюрпрыз — прывяла белалобых бычка і цялушку. Яны “абжылі” абгароджаны куток у самым канцы памяшкання.

Частыя госці, а правільней будзе сказаць, гаспадары на міні-ферме — вучні. Пачынаючы з 5-га класа, дзеці ў суправаджэнні дарослых прыносяць жывёлам пачастункі — яблыкі, гародніну. Старэйшыя, акрамя таго, падчышчаюць у кармушках. Сустракаем на ферме дзевяцікласніц Віку Яхімовіч і Юлю Карніловіч:

— Падабаецца нам гэты занятак. Падкормліваем кароў, даглядаем іх. Яны прывыклі да нас, а мы — да іх. 

Віка хоча звязаць свой лёс з сельскай гаспадаркай, пайсці вучыцца на гародніназнаўцу ў Глыбоцкі прафтэхліцэй, а Юля свой выбар яшчэ не зрабіла.

Дзевяцікласніцы Віка Яхімовіч і Юля Карніловіч на міні-ферме.

Доіць кароў на міні-ферме тэхработнік Святлана Шышыгіна. У летні дзень тут атрымліваюць каля 60 кілаграмаў малака. Ідзе яно ў школьную сталовую і дзіцячы сад — да паўтары тоны ў год, што зніжае кошт абедаў. А самае галоўнае: сваё свежае малако куды смачнейшае! Рэшткі прадаюцца дзяржаве — летась за яго выручылі 3311 рублёў.

Пасвяць кароў у агульным вясковым статку. Радоўку адбываюць тэхработнікі школы. Сена на дзвюх кароў дае сельгаспрадпрыемства, на тэрыторыі якога знаходзіцца школа, а трэцюю частку настаўнікі, тэхработнікі і вучні нарыхтоўваюць самі. Калі падбілі прыбыткі, то атрымалася, што ў мінулым годзе Тумілавіцкая дзіцячы сад — сярэдняя школа зарабіла за сваю гаспадарчую дзейнасць 16 902 рублі. Гэтага хапіла і на рамонт школы, і на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, і на экскурсійныя паездкі для дзяцей.
У мінулым годзе Тумілавіцкая дзіцячы сад — сярэдняя школа зарабіла за сваю гаспадарчую дзейнасць 16 902 рублі. Гэтага хапіла і на рамонт школы, і на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, і на экскурсійныя паездкі для дзяцей.
Многія навучэнцы звязваюць свой лёс з сельскагаспадарчым профілем. Каля паловы вучняў пасля 9-га класа працягваюць вучобу ў прафесійна-тэхнічных ліцэях і каледжах. Асабліва трывалыя сувязі з суседзямі: Глыбоцкім прафтэхліцэем. Там прафесію трактарыста-машыніста набываюць Павел Русак, Міхаіл Галінскі, Дзмітрый Герасімёнак, агародніназнаўцы — Марына Мікульская, Алеся Хацько. 75 працэнтаў выпускнікоў 11-га класа летась паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Сярод выпускнікоў Туміла­віцкай школы шмат вядомых у нашай краіне і за яе межамі імёнаў: доктар фізіка-матэматычных навук В. П. Козіч, выдатнік асветы Расійскай Федэрацыі Г. С. Дзенісёнак, капітан далёкага плавання П. Ф. Сіндрэвіч, дырэктар РУП “Белтэлеком” С. І. Сівадзедаў, тэлевядучая рэспубліканскага тэлебачання Т. І. Бародкіна…

Відаць, правільную выснову робіць дырэктар Тумілавіцкай школы Вольга Ковель:

— Да нас прыходзяць розныя дзеці, са сваімі магчымасцямі і запытамі. Лічу, што сучасная адукацыя павінна засяродзіцца ў першую чаргу на развіцці асобы. Ёсць вучні, адораныя ў навуках, а ёсць, як кажуць, рукастыя, майстравыя. Не ўсім дадзена быць вучонымі, але людзьмі павінны быць усе.

saulich@bk.ru

Фота аўтара і з архіва ўстановы.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter