Обзор книг от Людмилы Рублевской

З рога ўсяго многа


12 месяцаў. Кнiга 5
Мiнск, Мастацкая лiтаратура, 2020

Працягваецца выпуск выдатнай серыi выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» — чытанка на кожны дзень для маленькiх. На кожны месяц — асобны том, на кожны дзень — пэўны твор цi частка вялiкага твора. Тэксты ў зборнiках ёсць на рускай i беларускай мовах, прадстаўляюць i народную творчасць, i лепшыя ўзоры сусветнай дзiцячай лiтаратуры. Некалькi дзён па старонках пятага тома маленькi чытач будзе знаёмiцца з паэмай Аляксандра Пушкiна «Сказка о царе Салтане», а пасля — з паэмай Максiма Багдановiча «Мушка‑зелянушка i камарык — насаты тварык». Пачынаецца том народнай беларускай казкай «З рога ўсяго многа», а яшчэ ёсць тут казкi албанскiя, балгарскiя, лiтоўскiя, украiнскiя, малдаўскiя, аўтарскiя казкi Льва Талстога «Липунюшка» i «Воробей», «Кацёл з каменьчыкамi» Уладзiмiра Караткевiча i шмат чаго iншага. Каштоўнасць афармлення кнiг не толькi ў незвычайным дызайне Насцi Капульцэвiч, але i ў тым, што выкарыстаныя малюнкi лепшых беларускiх iлюстратараў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея i Дзяржаўнага музея гiсторыi беларускай лiтаратуры. Так што ўсiм бацькам раю: паспейце скарыстацца магчымасцю сабраць для сваiх дзяцей выдатную бiблiятэчку «12 месяцаў» — чытанку на кожны дзень года!


У. I. Пракапцоў. Iван Рэй
Мiнск, Беларусь, 2020

Новая кнiга з серыi «Славутыя мастакi з Беларусi» прысвечана Iвану Рэю, чыя творчасць прыйшлася на ХХ стагоддзе. Гэта мастак з пакалення падранкаў, дзяцей вайны. Дванаццацiгадоваму Iвану давялося вытрываць здзекi нямецкiх акупантаў, якiя дапытвалiся пра партызанскi атрад, дзе былi старэйшыя браты хлопчыка. Нядзiўна, што ў мастака столькi твораў на тэму вайны. Але яны выбiваюцца з шэрагу iдэалагiчных паробак, набываюць агульначалавечае гучанне. Як, напрыклад, карцiна «Светлячок» — на ёй дзяўчына ў ваеннай форме, з вiнтоўкай за спiнай трымае на далонi светлячка, i на фоне ночы прывiднае святло ператварае постаць у мiстычнае, на мяжы памiж жыццём i смерцю, у сiмвал унутранага ахвярнага святла. Як пiша аўтар тэкста, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзiмiр Пракапцоў, «творчыя пошукi мастака шматгранныя. Ад першых у краiне манументальна‑дэкаратыўных твораў 1960‑х гадоў на аб’ектах да станковай сюжэтна‑тэматычнай карцiны, партрэтаў, пейзажаў i нацюрмортаў, напоўненых i глыбокiм псiхалагiчным драматызмам, i тонкай стрыманасцю фарбаў». У гэтым невялiкiм, густоўна складзеным альбоме вы ўбачыце згаданую шматграннасць. Пачынаючы з вокладкi з рэпрадукцыяй вядомай карцiны 1983 года «Малiнавы звон», на якой беларускi пейзаж пераўтвораны ў перадапакалiптычны. 
«Рассматривая репродукции альбома «Iван Рэй», можно заметить влияние стиля Белыницкого‑Бирули».
Издания для обзора предоставлены книжным магазином «Академическая книга», Минск, пр‑т Независимости, 72
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter