З рамяством будзе поўным дом.

Ці можа рамесніцтва прынесці прыбытак?

Ва ўсе часы беларусы ўмелі выжываць дзякуючы ўласнай працы і прадпрымальнасці. Па ўсёй тэрыторыі былі распаўсюджаны рамёствы: саломапляценне, ганчарства, разьба па дрэве, ткацтва, лозапляценне, кавальская справа і г.д. Народныя майстры здольныя і сёння рабіць як утылітарныя, так і высокамастацкія рэчы. Дзяржава стварыла ўсе неабходныя ўмовы для захавання і развіцця народных рамёстваў, ажыўлення гандлю. Дык хто ж такія сучасныя рамеснікі, што маюць, чаго жадаюць і ці паспяховая іх дзейнасць? Журналіст "НГ" паспрабавала знайсці адказы разам з рознымі зацікаўленымі людзьмі: майстрамі, чыноўнікамі, спецыялістамі і навукоўцамі.

Пажыццёвая гарантыя

Асвойваць прамудрасці разьбярства па дрэве Валерыю Галене, ваеннаму палкоўніку, 59-гадоваму бабруйчаніну, прыйшлося з нуля, метадам спроб і памылак. Выпадак, абставіны і мужчынскае жаданне не сядзець без справы сыгралі сваю ролю. Атрымалася аднойчы, у пачатку 90-х, зрабіць трубку — прачнулася цікавасць да матэрыялу. Потым захацелася рабіць тое, што мала хто робіць, — драўляныя грабянцы. Яны атрымліваюцца не з аднаго суцэльнага кавалка, а з трох склееных паміж сабой пласцін. На сярэдняй пласціне з цвёрдай пароды дрэва наразаюцца зубы. Астатнія пласціны, з іншай пароды дрэва, ідуць на аздабленне. Дадзеная, аўтарская, тэхналогія дазваляе рабіць грабянцы трывалымі (майстар дае пажыццёвую гарантыю), самых розных формаў і аздаблення. Праца карпатлівая, “ювелірная”, аддаецца болем у суставах.
Матэрыял Валерый Галеня выкарыстоўвае самы розны (жалезнае і чырвонае дрэва, клён, бук, ясень і г.д.), і дастаецца ён яму па-рознаму. Гэта могуць быць адыходы дрэваапрацоўчага прадпрыемства, спілаванае ў садзе дрэва, прынесены суседам брусок і г.д.

Не зніклі, а ўзаконіліся

“У канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў маглі знікнуць усе віды рамеснай народнай мастацкай творчасці, — расказвае доктар мастацтвазнаўства, прафесар, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці” Яўген Сахута. —  Майстры кідалі свой занятак, моладзь не хацела брацца, яе цікавілі ў асноўным грошы”.
Але з 1991 года, з набыццём Беларуссю незалежнасці сітуацыя стала мяняцца. З адраджэннем нацыянальнай культуры звярнулі ўвагу на тое, што раней лічылася самадзейнасцю, атрыбутам учарашняга дня. У 1992 годзе быў створаны Беларускі саюз майстроў народнай творчасці, а ў 1999-м быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб народнай творчасці, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь”.
Пасля таго як змянілася стаўленне да народных майстроў, у краіне пачала складвацца новая форма арганізацыі пераемнасці традыцый. Майстры сталі выхоўвацца не толькі ў сем’ях, але і ў гуртках, дамах рамёстваў (сёння ў Беларусі іх 99), вышэйшых навучальных установах.

Ад вітражоў да пап’е-машэ

У 2005 годзе Указам Прэзідэнта Беларусі № 225 “Аб некаторых пытаннях ажыццяўлення фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці” быў вызначаны пералік з шасці відаў дзейнасці, ажыццяўляць якую рамеснікі могуць не рэгіструючыся як індывідуальныя прадпрымальнікі. Досыць стаць на ўлік у падатковым органе па месцы жыхарства, запоўніць заяву ўсталяванай формы і выплаціць (адзін раз у каляндарны год) збор у памеры адной базавай велічыні (сёння гэта 35 тысяч рублёў).
— Больш таго, — тлумачыць галоўны дзяржаўны падатковы інспектар Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зелянкоўскі, — незалежна ад колькасці відаў дзейнасці якімі займаецца майстар, памер збору не мяняецца.
На сённяшні дзень шляхам унясення змененняў і дапаўненняў да ўказу пералік пашырыўся да 26 відаў. Так, зусім нядаўна, у верасні, ён папоўніўся чатырма відамі рамеснай дзейнасці:  вырабам вітражоў, мастацкіх вырабаў з паперы (арыгамі) і пап’е-машэ, нацыянальных музычных інструментаў у нефабрычных умовах, а таксама вырабам, заточваннем і рамонтам сельскагаспадарчых і садова-агародных інструментаў і яго частак.

Жыццё як жыццё...

Сёння ў майстроў хапае розных клопатаў: знайсці памяшканне для майстэрні, матэрыял для працы, пакупніка. Ім дапамагаюць мясцовыя работнікі культуры, якія вядуць улік народных майстроў і запрашаюць на разнастайныя мерапрыемствы, дзе іх могуць сустрэць па-чалавечы (аплаціць праезд, пражыванне, сілкаванне і г. д.) Вядома, звышпрыбыткаў рамеснікі не атрымліваюць, але стабільны заробак мець могуць.
“Рэч, якая мае індывідуальнасць, заўсёды знойдзе свайго пакупніка”, — лічыць народны майстар, бондар Зміцер Бірала, які ўжо пяць гадоў паспяхова зарабляе на жыццё сваім рамяством. — Першае драўлянае вядро я рабіў тыдзень, зараз на гэта хапае і дня”.
Майстар, бацька дзвюх дачок, не гоніцца за колькасцю, яго канёк — якасць і прыгажосць. Працуе ў асноўным на заказ. Робіць самыя розныя рэчы — ад купеляў (коштам ад 4 да 20 мільёнаў рублёў), бочак (500—800 тысяч рублёў) да дробных сувеніраў. Спецыялізуецца на рэчах для лазняў. Кліентуру мае ўжо багатую. Інфармацыя пра яго вырабы распаўсюджваецца ад заказчыка да заказчыка.
На розныя мерапрыемствы, куды запрашаюць народных майстроў, ездзіць Дзмітрый Мікалаевіч у апошні час рэдка. Там майстрам, асабліва тым, хто займаецца “дробнай сувеніркай”, становіцца ўсё цяжэй канкурыраваць з кітайскім псеўдабеларускім шырспажывам.
Гэта тэндэнцыя выклікае занепакоенасць і ў галоўнага спецыяліста ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Івана Галабурды, але ён не бачыць сэнсу ёй процістаяць. На любую прадукцыю знойдзецца свой пакупнік. Цяпер тыя, каму патрэбны традыцыйныя, рукатворныя рэчы, шукаюць іх пераважна не на выставах, а адразу робяць заказы майстрам, а таксама прадпрыемствам дзяржаўнага вытворча-гандлёвага аб’яднання “Белмастацпромыслы”. Дарэчы, шматлікія народныя майстры ў свой час працавалі, набіраліся вопыту менавіта на гэтых прадпрыемствах. Іх і цяпер па дагаворы падраду прыцягваюць для працы над вялікімі заказамі.
Дырэктар РУП беларускіх народных рамёстваў “Скарбніца” Марыя Тарайковіч лічыць, што ў краіне мала салонаў-магазінаў (усяго 65) па продажы вырабаў народных майстроў.
— У нашага прадпрыемства таксама ёсць невялікі магазін. Але туды прыходзяць толькі тыя, хто пра нас ведае, паколькі ён знаходзіцца ў ціхім, непадыходзячым для гандлю месцы.
Марыя Тарайковіч таксама выказала пажаданне, каб работнікі вялікіх магазінаў, дзе ёсць секцыі па продажы тавараў народных промыслаў, меней бралі на рэалізацыю таннейшыя псеўданародныя рэчы, а вучыліся ацэньваць, добра выкладваць і разумна гандляваць традыцыйнымі, насамрэч народнымі вырабамі. Спачатку, вядома, гэта можа і не прынесці вялікага прыбытку, але затое ў людзей будзе выхоўвацца добры густ і павага да роднай культуры.
Іван Галабурда лічыць, што тавары народных майстроў ахвотней бралі б на рэалізацыю камерцыйныя структуры, адчынялі б больш кіёскаў у людных месцах, калі б ім прадаставілі льготы. На сённяшні дзень па ініцыятыве Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і пры падтрымцы Міністэрствы культуры Беларусі плануецца правесці шэраг семінараў і стварыць рабочую камісію, якая абмяркуе і ацэніць сітуацыю ў галіне рамеснай дзейнасці. У выніку да наступнага года павінны быць распрацаваны папраўкі да Закона “Аб народнай творчасці, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь”. Перыядычна ў міністерстве ўзнімаецца пытанне аб стварэнні музея народнай творчасці дзе па рэгіёнах былі б прадстаўлены ўсе віды народных рамёстваў, а таксама ідзе пошук канцэптуальных падыходаў да стварэння ўмоў для паспяховай “продажы” народнай культуры. Для гэтага павінны з’яўляцца цікавыя бізнес-планы, дзе ўлічваліся б інтэрасы розных бакоў. Сама па сабе народная культура не можа прыносіць прыбытак. А вось калі яе ўкараніць у структуру бізнесу, тады выгада будзе для ўсіх.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter